Аромат ворнянского сенокоса...

Да сімфанічнага пошуму разнатраў’я далучаецца гук працуючых дыскавых сучасных “кос”. Там, дзе яшчэ некалькі хвілін назад калыхаліся травы, зараз красуюцца роўныя і шырокія пракосы. Гэта офісным работнікам хочацца вырвацца з душнага памяшкання на прыроду, каб бясконца любавацца летнімі краскамі і на ўсе лёгкія ўдыхаць свежае паветра і водар скошанай травы. А аграрыі, хоць і працуюць на ўлонні прыроды, але губляць час на сантыменты ім няма калі: у самым разгары – касавіца.





Працаўнікі СВК “Варняны” больш чым на трэць справіліся з заданнем па нарыхтоўцы кармоў і замацаваліся на другой пазіцыі “раённага табеля рангаў”, прапусціўшы наперад толькі СВК “Гудагай”. Сёлета гадавы план нарыхтоўкі сенажу ў СВК “Варняны” складае 19 937 тон. З першага






ўкосу запланавана назапасіць 14  755 тон гэтага корму. У сянажныя ямы ўжо трапіла 6 444 тоны “зялёнкі”. Дзякаваць Богу, зараз надвор’е дазваляе касцам ісці ў нагу з планам.





На прасторах былой варонскай гаспадаркі ў мінулы чацвер працавалі тры звяны – касілкі, граблі, кормаўборачныя камбайны. Актыўнымі тэмпамі ішла закладка  сянажнай ямы каля малочна-таварнага комплексу “Беразоўка”, першая з’явілася ля МТК “Газа”. Кармоў на перыяд зімоўкі не бывае зашмат, тым больш што дойны статак тут, як і на іншых комплексах, не выганяюць на выпас: каровы круглы год атрымліваюць аднатыпнае кармленне, якое зараз здобрана “жывой” травой.





Тры касілкі, якія працавалі літаральна ў некалькіх сотнях метраў ад кароўнікаў, пакідалі пасля сябе роўныя пракосы. Дарэчы сказаць, механізаваныя косы амаль што новыя: працуюць першы ці другі сезон. А там, дзе травы ўжо падвяліліся пад сонейкам, праходзяць магутныя механізаваныя дзевяціметровыя граблі і зграбаюць пракосы ў валкі. На іх месца заступае кормаўборачны камбайн “Ягуар”.










– Як працуецца? Ды з пераменным поспехам! Зараз вось вымушаны прастойваць, – гаворыць Вячаслаў Станіслававіч Бабарыка, які на “Ягуары” падымае падвяленую траву, здрабняе і загружае яе ў кузавы трактароў, – “Паляцеў”, відаць, шланг высокага ціску. З хвіліны на хвіліну павінны падвезці патрэбную запчастку... А ўвогуле корманарыхтоўка залежыць ад таўшчыні валкоў. Мяркуйце самі: за дзень у сярэднім убіраем 250-300 тон зялёнай масы, а бывае  – 500-600 тон. “Беразоўскія” валкі сёлета атрымаліся на моцную “чацвёрачку”.

Літаральна праз дзесяць хвілін побач з “Ягуарам” спыняецца “Ніва”. І механізатар расказвае аб узнікшай праблеме інжынеру па механізацыі СВК “Варняны” Мечыславу Часлававічу Лісоўскаму.







– Усё залежыць ад таго, якая паломка, – каменціруе сітуацыю Мечыслаў Часлававіч. – Сёння ў гаспадарцы ёсць патрэбныя дэталі, гаруча-змазачныя матэрыялы і паліва. У такой сітуацыі, як зараз, нам патрэбна рэагаваць хутка: ад таго, як спрацуе тая або іншая служба, залежаць не толькі тэмпы корманарыхтоўкі, але і вынік работы гаспадаркі ў цэлым. Хутка “Ягуар” ізноў будзе ў строі.






З іншых палёў цэлы караван – усяго шаснаццаць адзінак тэхнікі – падвозіў зялёную масу да сянажнай траншэі. Уся тэхніка, перш чым выгрузіць порцыю “зялёнкі”, праязджае праз спецыяльную вагавую ўстаноўку.






Табель уліку колькасці зялёнай масы, якая перавозіцца, вядзе зараз начальнік МТК “Беразоўка” Людміла Казак.

– Працоўны дзень у мяне пачынаецца ў шэсць гадзін раніцы. Трамбоўка адбываецца ледзьве не кругласутачна, інакш якасць сенажу атрымаецца невысокай, – гаворыць Людміла Уладзіславаўна, – Кожны рэйс праходзіць праз вагі. Спачатку замяраем вагу аўтамашыны без зялёнай масы, а пасля гэтая лічба адымаецца пры кожным узважванні. Сёння, да прыкладу, да абеду перавезлі 247 тон сенажу, учора – 577 тон.





На МТК “Беразоўка” наладжаны кантроль не толькі за колькасцю, але і за якасцю сянажнай масы – вымярэннем яе тэмпературы і вільготнасці займаюцца ветэрынарныя ўрачы.


Як адзначае Анатоль Тумінскі, які на вялікагабарытным пагрузчыку “Амкадор” трамбуе сянажную траншэю, ветурачы па 20 разоў на дзень, а то і больш, правяраюць якасныя характарыстыкі сенажу. На трамбоўцы таксама заняты і вадзіцель аўтапагрузчыка з сельгастэхнікі Анатоль Тарашкевіч. Калі беразоўская сянажная траншэя будзе закансервавана, каб парадаваць рагуль узімку сакавітым кормам, два “Амкадоры” пераедуць на малочна-таварны комплекс “Керняны”.







Акрамя гэтага, 455 тон сенажу нарыхтавана ў выглядзе закручаных у поліэтылен рулонаў, якасць і паядаемасць якіх вышэй усякіх пахвал.

Варнянскія працаўнікі таксама прыступілі ўжо да нарыхтоўкі сена: назапашана 85 тон з 1424 запланаваных. Травы ёсць – а, значыць, іх трэба скасіць і ўбраць у тэрмін.


І варнянскім аграрыям – не да сантыментаў…


-----------------------------------------


Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.