Аграрии района приступили к косьбе травы

Пасля зацяжных дажджоў адпіліся палеткі. Травы, якія дагэтуль марудна ўбіраліся ў сілу, нарэшце пацягнуліся ўгору. А ў гаспадарках раёна прыступілі да нарыхтоўкі кармоў.

Па стану на 1 чэрвеня ў гаспадарках раёна першым укосам скошана 2 321 гектар палеткаў, што складае 16 працэнтаў сенакосаў. На раённай касавіцы лідзіруе СВК “Гудагай”, дзе травы ляглі ў пракосы на плошчы 645 гектараў (22 працэнты). Нарыхтавана 5 485 тон сенажу, што складае 6 працэнтаў ад плана. Першымі ў раёне да закладкі сенажу ў ямы прыступілі гервятцы.


Ад колькасці і якасці нарыхтаваных кармоў залежаць не толькі вынікі працы жывёлаводаў, але і гаспадаркі ў цэлым. Гервяцкія касары добра гэта ведаюць, пагэтаму першымі ў раёне прыступілі да закладкі сенажу.


– Спачатку касілі сурэпіцу. Яна ішла на падкормку жывёле, каб палепшыць рацыён рагуль пасля зімовага аднастайнага кармлення, – гаворыць галоўны аграном СВК “Гервяты” Дзяніс Валер’евіч Кірпа. – Зараз жа ўсе сілы кінуты на нарыхтоўку сенажу. Думаю, з першым укосам справімся за 20-25 дзён... Вядома, ніхто не адмяняў догляд за сельскагаспадарчымі культурамі: падкармліваем яравыя, робім хімічную пра- полку цукровых буракоў. У планах перазалужэнне пашы каля кожнай фермы. Падсеялі ўжо больш за 120 гектараў траў.


Развярнуцца напоўніцу корманарыхтоўшчыкам на мінулым тыдні перашкодзілі праліўныя дажджы. У сянажную яму павінны трапляць падвяленыя травы – інакш аб якасці корму ніякай гаворкі і быць не можа. Аднак апошнімі днямі надвор’е злітасцівілася над вяскоўцамі – праз дзень тэхніка рушыла на палеткі.

У СВК “Гервяты” работы па нарыхтоўцы сенажу разгарнуліся на двух вытворчых участках.

Травы ўжо скошана на 499 гектарах з 3 682. Як жартам кажа вадзіцель “Ягуара-870” Віталь Станіслававіч Сцефановіч, пакуль што ў іх – размінка, а сапраўдная касавіца – наперадзе.

Восем адзінак тэхнікі звозяць падвяленую зялёную масу да сянажнай ямы каля комлексу ў Гервятах. За дзень адзін КамАЗ робіць да 10 рэйсаў. Як сцвярджаюць самі вадзіцелі, маглі б і больш – усё залежыць аднавор’я.

Трамбуюць першую сянажную яму ля комплекса два вялікагабарытныя “Амкадоры”. За адпаведнасцю ўсім патрабаванням тэхналогіі закладкі сенажу пільна сочаць ветырынарныя ўрачы. Тэмпература масы не павінна перавышаць 30 градусаў, вільготнасць – 60 працэнтаў: толькі тады корм атрымаецца пажыўным і сакавітым.

Як і кожны аграном, Дзяніс Валер’евіч не любіць рабіць прагнозаў – каб не сурочыць. Тэмпы сёлетняга сенакосу, дарэчы, як і кожны год, вызначае найперш надвор’е.


– Залева на мінулым тыдні, вядома, унесла свае карэктывы і на некалькі дзён “падмачыла” старт нарыхтоўкі кармоў. Тэхніка і людзі вымушана прастойвалі. Ды нічога, справімся! На гэтым тыдні, калі дасць Бог, павялічым тэмпы. Уся патрэбная для гэтага тэхніка ў гаспадарцы ёсць, – гаворыць аграном. – А вось пра нарыхтоўку сена пакуль гаварыць не выпадае. Сушыць травы будзем з другога ўкосу, калі надвор’е больш гарачае.


Сёлета па плану павінны нарыхтаваць 1 787 тон сена. Затое ўжо 281 тона сенажу з 2 тысяч запланаваных гервятцы нарыхтавалі ў выглядзе закручаных у поліэтылен рулонаў. Зразумела, што з “рулонным” сенажом менш галаўнога болю: белыя цюкі могуць зімаваць на адкрытай пляцоўцабо прама ў полі. Да таго ж гэта вельмі карысны і сакавіты корм.

Аднак для захавання ўсіх спажыўных якасцей і характарыстык такога корму патрэбна пасля “ўпакавання” зялёнай правяленай масы не чапаць скрутак вагой у 700 кілаграмаў на працягу дваццаці васьмі гадзін і абыходзіцца з ім вельмі акуратна, каб не пашкодзіць герметычную ўпакоўку. Пра гэта добра ведае Юрый Рэвака, які і займаецца закручваннем сенажу ў плёнку. Сёлета гервятцы, як іншыя аграрыі раёна, будуць старацца выканаць даведзенае заданне па нарыхтоўцы кармоў у поўным аб’ёме і асартыменце.


Алены ГАНУЛІЧ.