Тадеуш Ратино: "Мне нравится моя работа - лучшей не надо"
Будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі дало новы імпульс для развіцця многім установам, арганізацыям, прадпрыемствам. А некаторыя іх падраздзяленні і ўзніклі, дзякуючы будаўніцтву АЭС.Так, у 2010 годзе ў нашым раёне пачалося пракладванне чыгуначных пуцей і будаўніцтва новай станцыі, якая ад назвы населенага пункта, што размешчаны побач, атрымала назву Бабраўнікі. І да новай станцыі ад станцыі Ашмяны пабеглі рэйкавыя пуці, па якіх сталі дастаўляць на будаўнічую пляцоўку Беларускай атамнай электрастанцыі неабходныя матэрыялы.
Працягласць новых пуцей – 27 кіламетраў, і за кожным кіламетрам стаяць людзі, якія займаюцца іх абслугоўваннем і рамонтам.
Абслугоўваюць новы ўчастак чыгункі Ашмяны – Бабраўнікі дзве брыгады сёмага акалодка – аднаго з аддзелаў Маладзечненскай дыстанцыі пуці, – якія ўзначальвае дарожны майстар Тадэвуш Уладзіміравіч Раціна. Мужчына амаль трыццаць гадоў свайго жыцця прысвяціў рабоце на беларускай чыгунцы.
З дзяцінства хлопец марыў вадзіць цягнікі. Ён жыў у некалькіх кіламетрах ад чыгуначнай станцыі Солы і часта прыязджаў сюды з адзінай мэтай: паслухаць раўнамерны перастук колаў цягніка і палюбавацца на магутныя жалезныя паравозы, што цягнулі за сабой мноства вагонаў.
Пасля заканчэння школы юнак накіраваўся ў Вільнюскі тэхнікум чыгуначнага транспарту. Ды яго чакала расчараванне: групу машыністаў цягнікоў у гэты год не набіралі. Тадэвуш, не раздумваючы, «перакінуў» дакументы на аддзяленне рамонту і эксплуатацыі чыгуначнай гаспадаркі – і з часам прыйшло ўсведамленне, што гэтая спецыяльнасць яму таксама па душы.
Ды толькі папрацаваць па спецыяльнасці выпускніку тэхнікума не давялося – з Ёнава, куды маладога спецыяліста адправілі на адпрацоўку пасля заканчэння тэхнікума, літаральна праз тыдзень яго прызвалі ў армію.
– Пасля арміі я вярнуўся ў сваю родную вёску і, каб не сядзець дома, вырашыў атрымаць правы. Ад смаргонскай аўтабазы пайшоў вучыцца ў аўташколу. А потым вырашыў уладкавацца вадзіцелем на чыгунку, – усміхаецца Тадэвуш Уладзіміравіч. – Чаму вадзіцелем? Падабалася мне тэхніка: не атрымалася вадзіць цягнікі – вырашыў стаць вадзіцелем аўтамашыны.
Толькі тагачасны майстар Смаргонскага акалодка, даведаўшыся, што ў юнака ёсць спецыяльная адукацыя, угаварыў яго папрацаваць па спецыяльнасці. І з 2 студзеня 1986 года па сённяшні дзень Тадэвуш Уладзіміравіч Раціна застаецца верным выбранай у маладосці прафесіі.Ініцыятыўнасць маладога чалавека, яго адказнасць і прафесіяналізм вельмі хутка адзначыла кіраўніцтва – і радавы манцёр пуці стаў брыгадзірам, а потым – дарожным майстрам. І сёння ён з задавальненнем займаецца любімай справай.
– Мне падабаецца мая работа – лепшай і не трэба, – расказвае Тадэвуш Уладзіміравіч. – Канешне, за гады працы на чыгунцы многае змянілася. Паступова драўляныя пуці былі заменены на бетонныя, з'явіліся стрэлачныя пераводы, з кожным годам павялічваецца магутнасць рэек – мы ідзём у нагу з часам. Колькі намаганняў было затрачана на ўзвядзенне чыгуначных пуцей да станцыі Бабраўнікі, якую сёння абслугоўвае наш сёмы акалодак! Ды і цяпер мадэрнізацыя чыгункі працягваецца. І на будучыню ў нас таксама планы грандыёзныя – у хуткім часе пачнецца электрафікацыя ўчастка «Маладзечна – мяжа Рэспублікі Беларусь». Работы хопіць усім.
Шмат часу Тадэвуш Уладзіміравіч прысвячае любімай рабоце. Але не апошняе месца ў рэйтынгу яго жыццёвых каштоўнасцей займае сям'я: жонка, якая разумее адказную працу мужа з паўслова, бо сама працуе начальнікам чыгуначнай станцыі, і дочкі – Наталля і Таццяна, якія ганарацца сваімі бацькамі.
– Апошнім часам з Астравеччынай у мяне ўзнікае ўсё больш сувязей. Зрэшты, і раней даводзілася працаваць на станцыі Гудагай – гэты пасёлак для мяне – што родны край. А сёння з Астраўцом і раёнам мяне звязвае старэйшая дачка Наталля, якая ўжо змяніла прозвішча: зараз яна Урбановіч. Наташа працуе ў раённым Доме культуры, разам з мужам яны будуюць дом у Астравецкім раёне. Таму Астравеччына для мяне – гэта не толькі ўчастак чыгуначнай дарогі «Ашмяны – Бабраўнікі», але і дом дачкі. А яшчэ – гэта прыгажосць і прырода. Дзе яшчэ столькі грыбоў, ягад і рыбы?! – расказвае пра свае захапленні Тадэвуш Уладзіміравіч Раціна.
Мінулы год для дарожнага майстра быў багатым на памятныя мерапрыемствы. Скарбонка яго ўзнагарод спачатку папоўнілася Ганаровай граматай Беларускай чыгункі, а напрыканцы года дарожны майстар Маладзечненскай дыстанцыі пуці Тадэвуш Уладзіміравіч Раціна быў узнагароджаны знакам «Выдатнік Беларускай чыгункі» – гэта адна з найвышэйшых узнагарод для такіх адданых любімай справе людзей.
------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
