Будаўніцтва АЭС: кропка адліку

2

Паспець за Віталіем Аляксеевічам Яўмененкам, начальнікам участка ўпраўлення механізацыі “Белэнергабуда” – таго самага, што выконвае падрыхтоўчыя будаўнічыя работы на будучай пляцоўцы АЭС, – задача не з лёгкіх. Здаецца, і мяне Бог ростам не пакрыўдзіў, але ўгнацца за хударлявым, загарэлым нібы на курорце, двухметровым прарабам не па сілах і мне. Яшчэ цяжэй спыніць яго хоць бы на некалькі хвілін і распытаць, што новага адбылося на пляцоўцы з часу майго апошняга візіту.


Зрэшты, змены бачны, што называецца, няўзброеным вокам.
Па-першае, перамясцілася на новае месца сама база ўпраўлення. Калі спачатку будаўнікі “кінулі якар” ля фермы “Шульнікі”, то цяпер уладкоўваюцца на месцы сваёй пастаяннай прапіскі непасрэдна на пляцоўцы будучай вытворчай будаўнічай базы. Тут поўных ходам ідзе падрыхтоўка стартавай базы механізацыі.
Пляцоўка плошчай каля двух гектараў вымашчана жалезабетоннымі плітамі. На ёй занялі сваё месца больш за паўсотні блок-кантэйнераў. Атрымаліся дзве невялікія вуліцы. З часам у іх размесціцца адміністрацыя будаўніцтва. Несамавітыя, сціплыя “каробачкі” знешне нагадваюць добра вядомыя будаўнічыя вагончыкі-бытоўкі. Але знешняе аблічча зусім не адпавядае ўнутранаму начынню. Блок-кантэйнеры забяспечаны сістэмай ацяплення, водаправодам і каналізацыяй. Умовы для працы вельмі прыстойныя, хоць і “паходныя”. А ў недалёкай перспектыве тут з’явіцца сучасны адміністрацыйны будынак.
Акрамя адміністрацыі, на стартавай пляцоўцы з’явіцца база механізацыі: складскія памяшканні, сталовая, заправачная станцыя, рамонтныя майстэрні, аўтамыйка…
Энергетыкі падводзяць сюды лінію электраперадач. Слупы роўнай стужкай ужо працягнуліся цераз поле да месца работ.
Поўным ходам вядуцца работы па ўзвядзенню агароджы.
Зусім побач, у некалькіх дзесятках метраў працягваецца вертыкальная планіроўка тэрыторыі будучай вытворчай будаўнічай базы. Мінулыя восень і зіма дадалі будаўнікам шмат клопатаў.
— Спачатку гразлі ў полі грузавікі, – дзеліцца сумнымі ўспамінамі Віталь Аляксеевіч. — Таму давялося іх пускаць з першымі маразамі. Ды нядоўгай была наша радасць. Неўзабаве мароз так ударыў, што “забуксавала” будаўнічая тэхніка. Прамерзлая зямля не хацела паддавацца ні экскаватарам, ні бульдозерам!
Тым не менш і ў лютыя маразы работа на будаўнічай пляцоўцы не спынялася. У выніку за зіму і першыя вясеннія месяцы яна сапраўды стала нагадваць пляцоўку, а не перасечаную мясцовасць. Завяршыўшы вертыкальную планіроўку на ўчастку плошчай кіламетр на кіламетр, будаўнікі прыступяць да такой жа работы на суседнім, дзе, уласна, і размесціцца АЭС.
— У адведзеныя тэрміны пакуль укладваемся, — патлумачыў начальнік участка.
Пакуль будаўнікі жывуць у суседняй Свіры. Умовы там не бог ведае якія. А з надыходам цяпла пастаяннымі спадарожнікамі тых, хто тут працуе, сталі вецер і пыл. Праўда хутка “Белэнергабуд”, справіць сваё наваселле ў новым дзевяціпавярховым доме па вуліцы Валадарскага ў Астраўцы. Тады, без сумненняў, і настрой работнікаў палепшыцца. А з добрым настроем і працаваць спарней.


Падрыхтоўчыя работы па ўзвядзенню вытворчай інфраструктуры першай беларускай АЭС працягваюцца. Як адзначыў падчас прамой лініі з чытачамі “Астравецкай праўды” намеснік галоўнага інжынера “Дырэкцыі будаўніцтва АЭС” У.Д. Горын, яны, пакуль, магчыма не такія прыкметныя: няма катлавана, апалубкі, вялікай колькасці магутнай тэхнікі, іншых прыкмет грандыёзнай будоўлі… Крыху пазней з’явіцца і ўсё гэта. Але і таго, што ўжо ёсць, што зроблена за няпоўны год, дастаткова, каб зразумець: зваротнай дарогі быць не можа. Самаму грандыёзнаму праекту суверэннай Беларусі – атамнай электрастанцыі — быць!


Эдуард СВІРЫД.