26 красавіка – 24-я гадавіна Чарнобыльскай трагедыі
Спатканне з радзімай
Не верце таму, хто сцвярджае, што машыны часу няма і яе не можа быць у прынцыпе. Яна ёсць – я сама нядаўна на ёй падарожнічала…Праўда, на першы погляд яна выглядала як звычайны “Фольксваген” (прабачце — не ведаю, якой мадэлі) сіняга колеру, за рулём якога сядзеў далёкі ад фантастыкі і падарожжаў у часе і прасторы манах — брат Карнэлій Консэк (чытачы нашай газеты павінны памятаць яго геніяльныя – без усялякага перабольшвання! – фотаздымкі з выстаўкі “Пятае Евангелле”, якая працавала ў мінулым годзе ў Астравецкай цэнтральнай бібліятэцы). Менавіта з яго дапамогай і ў пэўнай ступені па яго ініцыятыве мы з сястрой ажыццявілі гэтае падарожжа ў мінулае.
Вёска Уласы Хойніцкага раёна, дзе я нарадзілася, у якой прайшло дзяцінства, дзе я вучылася сябраваць і даведалася, што на свеце ёсць не толькі дабрыня і спагада, але і зайздрасць, злосць і здрада, дзе спазнала ўсю слодыч і горыч першага кахання, дзе ў невялічкай драўлянай хаце ў лазовых хадунках зрабілі першыя крокі не толькі я і старэйшыя браты і сястра, але і мае сын і дачка, дзе вялікая руская печ яшчэ памятае ўвішныя, нястомныя маміны рукі, а пакінутыя гаспадаром і сваімі крылатымі насельнікамі пчаліныя вуллі пакрыўджана чакаюць іх вяртання – вёска Уласы памерла 3 мая 1986 года. Раптам, у адзін момант, калі ў чырвоную суботу, напярэдадні Вялікадня, адсюль вывезлі ўсіх жыхароў, у тым ліку і маіх бацькоў – як тады казалі, на тры дні. Якія цягнуцца вось ужо амаль чвэрць стагоддзя…
Пасля таго я прыязджала сюды двойчы. Першы раз – у лістападзе 1987 года. Самае моцнае ўражанне ад таго спаткання з радзімай – цішыня. Так сталася, што тады на нейкі час я засталася ў вёсцы адна – зусім адна! І ў нейкі момант, калі сціх гул ад’ехаўшай у другую вёску машыны, зразумела, што такое мёртвая, абсалютная цішыня, якая не парушаецца ні словам чалавека, ні плачам дзіцяці, ні шчэбетам птушкі, ні стукам малатка, ні рыпеннем нязмазаных дзвярэй… Гэты гуканепранікальны маналіт ціснуў з такой сілай, што здавалася: яшчэ імгненне – і мяне не стане, і я таксама стану цішынёй, маленькай малекулай у гэтым маналіце… Тады мяне выратавала варона, якая каркнула недзе ўдалечыні – і вярнула да рэчаіснасці, паведаміла, што свет жыве — нават у мёртвай вёсцы. Тое “Кар-р!” было як гімн жыццю!
У другі раз мы прыехалі сюды з сястрой дзесяць гадоў таму, у 2000 годзе, на Радуніцу. Тады для мяне адкрыццём стала разуменне, што прастора здольная сціскацца. Фізічна, у літаральным сэнсе гэтага слова. Высокая горка, з якой мы, дзятва, каталіся на санках, знікла, зраўнялася… Доўгая вуліца да магазіна і могілак стала – вокам кінуць, крок ступіць… Перашыек алешніку за гародамі, куды мы летам штодня бегалі збіраць духмяную маліну і адкуль, стомленыя, брылі дахаты, здаецца, цэлую вечнасць — цяпер на адлегласці выцягнутай рукі…
А яшчэ тады я зразумела, што няма мяжы як у чалавечай дабрыні, так і ў людской хцівасці і сквапнасці. Тое, што з адселеных дамоў вывезлі-выцягнулі ўсё, што мела хоць якую-небудзь каштоўнасць: бытавую тэхніку, мэблю, лепшы посуд, рэчы – я адзначыла яшчэ ў першы свой прыезд. І не проста вывезлі – яшчэ і пабілі-патрушчылі ўсё тое, што забраць не змаглі ці не схацелі. А пазней чарга дайшла да хат. Цяжка сказаць, каму і навошта спатрэбілася дрэва з нашых не самых дыхтоўных дамоў: лясы ў нашых мясцінах – не астравецкія гонкія сосны, а большай часткай лістоўныя пералескі. Але мая сяброўка і яе сям’я былі ў неапісальным шоку, калі, прыехаўшы на спатканне з родным домам, убачылі на яго месцы толькі рэшткі разваленай печы… Даруй, Госпадзі, усім тым, хто гэта рабіў – бо не ведаюць яны, што твораць… А калі ведаюць і робяць, то якой жа страшнай павінна быць кара за гэты грэх – зруйнаваную памяць, рабаўніцтва мёртвага цела бязвінна забітай вёскі…
У той свой прыезд мы сустрэліся з аднавяскоўцамі – іх у той год прыехала ва Уласы шмат, цэлы аўтобус — амаль усе, хто меў сілы і хоць самую найменшую магчымасць дабрацца на спатканне з радзімай. І перабачыліся, з цяжкасцю пазнаючы пасля столькіх гадоў расстання колішніх аднакласнікаў і іх бацькоў, і нагаварыліся-наўспаміналіся-нафатаграфаваліся… Гляджу сёння на тыя фотаздымкі: многіх у той прыезд я бачыла ў апошні раз…
І вось – чарговае спатканне. Не магу растлумачыць нават самой сабе, чаму я так хвалююся. Некалькі начэй запар мне сніцца, што я еду ва Уласы – і не магу праехаць па зарослай вербалозам дарозе, увогуле не знаходжу гэтую дарогу, не пазнаю сваю вёску, не магу знайсці магілы дзядоў і бабуль на вясковых могілках, мне мроіцца, што ніхто не прыехаў на гэты раз у вёску, і я там зноў, як шмат гадоў таму, адна…
На самой справе усё не так. Паездка зноў прымеркавана да Радуніцы – гэта адзіны дзень у годзе, калі ў зону адсялення пускаюць без спецыяльных дакументаў, толькі па рэгістрацыі на пункце пропуску, і вядома, многія, не толькі мы, імкнуцца скарыстаць гэтую магчымасць: месца і час сустрэчы з радзімай застаюцца нязменнымі на працягу ўсіх паслячарнобыльскіх гадоў.. Таму дарога зусім не пустынная, хутчэй наадварот: машыны едуць і ў адселеныя вёскі і ўжо – што асабліва здзіўляе: ранак жа яшчэ! – назад! У нас з сястрой – неадольнае жаданне: кожную з такіх спыніць і спытаць: вы не з Уласоў вяртаецеся? А вы хто, чые? Нам страшна не сустрэцца з некім з землякоў – ізноў на гады, а можа – і назаўсёды. Дарэчы, як высветлілася пазней, так і сталася: на той дарозе дадому сястра размінулася са сваёй аднакласніцай і сяброўкай юнацтва Вольгай Міхедзенка (Сідароўскай, як казалі ў нас у вёсцы) і ўсю дарогу назад шкадавала аб неадбыўшайся сустрэчы…
Другое здзіўленне: дарога. Сказаць, што яна ў выдатным стане, вядома, было б перабольшваннем, але ўсё ж у даволі прыстойным, праехаць можна. Што, відаць, і робяць тут рэгулярна супрацоўнікі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і пажарнай службы – іх машыны мы рэгулярна сустракаем у розных вёсках: гэта для нас сёння – доўгачаканае спатканне з радзімай, а для іх – паўсядзённая, толькі больш напружаная ў гэты дзень, работа…
Вясковыя могілкі на пясчаным грудку ў атачэнні калматых хвой і каржакаватых дубоў – самае жывое месца ва ўсёй вёсцы. І самае дагледжанае. Увогуле, не пакідае адчуванне, што ты трапіў не проста ў мёртвую вёску, а ў паселішча, дзе, як бы парадаксальна гэта ні гучала, жывуць толькі мёртвыя. Зарослая травой вуліца, якую пачынае ўжо браць у палон непралазны хмызняк, адзіныя сцежкі на якой пратапталі дзікі і ласі – іх сляды мы сустракаем на кожным кроку. Дамы – закінутыя, каторыя – зруйнаваныя, платы – паваленыя. І сярод гэтага запусцення – яркія фарбы: пабелены і свежапафарбаваны помнік загінуўшым землякам. У амаль ідэальным парадку – брацкая магіла, дзе падчас вайны былі забіты 160 маіх аднавяскоўцаў, імёны якіх я ведаю толькі па кнізе “Памяць” ды па ўспамінах матулі, якія – ах, гэтае наша адвечнае, недаравальнае, невыправімае “няма часу” – я так і не паспела запісаць. На могілках “рвуць вока” свежыя ручнікі, фарбы на толькі што пафарбаваных крыжах і агароджах родных магіл і яркае рознаквецце жалобных вянкоў і штучных букетаў… На магілках па спрадвечнай вясковай традыцыі – фарбаваныя яйкі, пасхальныя булкі, рознакаляровыя фанцікі цукерак… І – аднавяскоўцы! Нашы людзі! Уласоўцы! Родненькія, мілыя, дарагія! Мы з цяжкасцю пазнаем адзін аднаго – столькі часу не бачыліся. Але ад таго сустрэча не менш дарагая…
І толькі пасля таго, як мы павітаемся і пагаворым са сваімі землякамі – жывымі і мёртвымі – на могілках, разыходзімся па сваіх хатах – павітацца і з імі. Сказаць “дзякуй” беленай вялікай печы, якая некалі грэла нас і на якой было выслухана столькі казак, цікавых, смешных, страшных гісторый, у “шыйку” якой мы, малеча, падглядвалі за дарослымі гасцямі, у пячурках якой сушылі зімой прамоклыя ўшчэнт рукавіцы… Патрымацца за стол, на якім мамінымі стараннямі заўсёды стаялі рассыпістая пшонная каша, наварысты боршч, пульхныя бліны, а па святах – непераўзыдзеныя па смаку варэнікі з макам, духмяны салцісон, які ў нас называлі коўбікам, і ніколі больш не каштаваныя, нікім і ніколі не зробленыя лепш крывянкі. Пагладзіць бацькаву зашмальцаваную спяцоўку, якая так і вісіць у куце на цвічку побач з маленькай куртачкай майго сына – яе Косця апранаў, калі прыязджаў у госці да бабы з дзедам. Калыхнуць ложачак, у якім некалі спалі мае малыя дзеці – а цяпер ён стаіць, выкінуты, на вуліцы… Зазірнуць у калодзеж з некалі цыбатым, а цяпер скалечаным, аднаногім “жураўлём” – не напоіць ён ужо мяне сваёй найсмачнейшай у свеце гаючай вадой…
— Што вы адчуваеце? — цікавіцца ў нас брат Карнелій.—Ёсць адчуванне вяртання на радзіму?
А я, журналістка і пісьменніца, сябра двух творчых саюзаў, не магу падабраць словы, каб расказаць усё тое, што творыцца ў знямелай душы. Такое адчуванне, што мяне на машыне часу перакінулі больш як на два дзесяцігоддзі назад. У нейкае іншае вымярэнне, дзе ўсё да болю, ды замірання сэрца блізкае і дарагое — і адначасова нерэальна, немагчыма чужое. Туды, дзе перастала існаваць прастора, спыніўся час, маюць уласцівасць знікаць гукі. Дзе жывуць па сваіх уласных законах толькі мёртвыя — дрэвы, дамы, рэчы, крыжы. А жывыя раз у год прыязджаюць, каб спаткацца з імі. Не для таго, каб развярэдзіць душу – а каб, нягледзячы на ўвесь невыносны цяжар гэтага спаткання, які будзе ціснуць на сэрца яшчэ не адзін дзень, адчуць, узгадаць, пераканацца, што ты – не чалавек без радзімы, не іван бязродны, што і ў цябе на гэтым свеце ёсць мясцінка, дзе чакаюць твайго прабачальнага дотыку і радунічнага фарбаванага яйка дзедаўскія магілы, дзе закапана твая пупавіна, дзе жоўты сыпучы пясок памятае, як грузлі ў ім спякотным летнім днём твае босыя ногі, а бэз, што захапіў у палон увесь кветнік – смак твайго першага пацалунка…
Дзеля гэтага раз у год, на Радуніцу, імчаць у зону адсялення зблізку і здалёк машыны, вязуць на спатканне з радзімай яе раскіданых па ўсім свеце дзяцей…
Ніна РЫБІК.