Кадеты средней школы №1 побывали на стройплощадке Белорусской АЭС
Запамінальнай і карыснай для кадэтаў сярэдняй школы №1 выдалася экскурсія, якую арганізавала для сваіх вучняў класны кіраўнік 9 “Б” класа Ганна Зянонаўна Дзятловіч.У мінулым годзе 24 школьнікі СШ №1 сталі кадэтамі – такі клас быў адкрыты пры падтрымцы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. За гэты час кадэты паспелі зрабіць многае: экскурсіі і дабрачынныя акцыі, цікавыя мерапрыемствы і конкурсы – жыццё вучняў было насычаным і шматгранным.
– Сёлетні навучальны год таксама будзе цікавым і карысным – упэўнена Ганна Зянонаўна Дзятловіч. – Як і раней, мы збіраемся цесна супрацоўнічаць з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях і Астравецкім лясгасам, удзельнічаць у мерапрыемствах і конкурсах, арганізоўваць сустрэчы з цікавымі людзьмі.
Словам, жыццё школьнікаў не стаіць на месцы. Кожны тыдзень іх чакаюць не толькі ўрокі, але і пазакласныя мерапрыемствы. З апошніх – экскурсія на будаўнічую пляцоўку Беларускай атамнай электрастанцыі. Напачатку школьнікі разам са сваім класным кіраўніком наведалі інфармацыйны цэнтр Беларускай АЭС.
– Цікавую і пазнавальную экскурсію для нас правяла спецыяліст аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязей Алена Белая, – расказваюць кадэты. – Мы пазнаёміліся з жыццём вучоных, якія ўнеслі ўклад у развіццё атамнай энергетыкі. Многае даведаліся пра праект, па якім будуецца Беларуская АЭС.
Самай жа відовішчнай стала другая частка “атамнага” падарожжа – пляцоўка будаўніцтва першай беларускай атамнай электрастанцыі.– Спачатку мы спыніліся каля памятнага каменя, у які 9 жніўня 2012 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка была закладзена капсула з пасланнем нашчадкам. А потым наведалі аглядную пляцоўку, з якой можна ацаніць маштабнасць і грандыёзнасць усёй будоўлі, – расказвае Ганна Зянонаўна.
Вучні пакідалі пляцоўку Беларускай АЭС пад моцным уражаннем і з чаканнем новай сустрэчы – на наступны раз школьнікі мараць пазнаёміцца з вучэбна-трэніровачным цэнтрам.
Падрыхтавала Алена СВЕТЛАЯ, фота з архіва Г.З. ДЗЯТЛОВІЧ.