Ці праўда, што ля вёскі Запольныя будуецца сховішча ядзерных адходаў?
Калі навін няма – іх трэба стварыць! Выпрабаваны, дзейсны, бездакорны спосаб самарэкламы, піару, кажучы сучаснай мовай. Асабліва ў тым выпадку, калі навіны скандальныя, з прэтэнзіяй на сенсацыю. І няважна, будзе той піар чорным ці белым. Галоўнае, што ён будзе. Праўда, іншым разам атрымліваецца зусім наадварот…
На днях, выходзячы з офіса, заўважыў ля яго дзвярэй аднаго досыць вядомага журналіста. З інфармацыйнага агентства, якое пазіцыяніруе сябе як незалежнае. Справядліва разважыўшы, што з’яўленне яго ў нашым горадзе выпадковым быць не можа, задаў лагічнае пытанне – што прывяло шаноўнага калегу ў наш край?
— А праўда, што ля вёскі Запольныя будуецца сховішча ядзерных адходаў? – паставіў пытанне рубам сабрат па пяру.
Да свайго сораму, я нават не ведаў, дзе знаходзіцца гэты населены пункт. Не кажучы ўжо пра тое, што там яшчэ нешта і будуецца. А даведаўшыся, нямала здзівіўся. Вёсачка гэтая ўваходзіць у склад Варнянскага сельсавета. Некалькі двароў, столькі ж жыхароў...
—Мяркуючы па маштабах будаўнічых работ, аб’ект будуецца вельмі вялікі! – удакладніў калега. Заадно патлумачыў, што на “аб’екце” ён ужо пабываў. Больш таго: атрымаў неабходную інфармацыю прама на месцы з “кампетэнтных” крыніц.
Разумеючы, што падобнае будаўніцтва немагчыма, таму што немагчыма ў прынцыпе пабудаваць такі аб’ект патаемна, хаваючыся ад грамадскасці, што нідзе ў свеце сховішчы радыеактыўных адходаў не размяшчаюцца побач з АЭС, а ў нашай краіне гэта пытанне нават не аддаленай, а вельмі аддаленай перспектывы, як мог, супакоіў калегу. Толькі выключна дзеля ачысткі сумлення ўдакладніў, хто тыя самыя “кампетэнтныя” субяседнікі, якія ведаюць тое, чаго не ведаюць іншыя? Зрэшты, якраз гэтага можна было і не рабіць. Тым больш, што літаральна праз некалькі хвілін атрымаў і афіцыйны запыт на гэты конт, які, дзеля большай важнасці, падмацоўваўся глыбокімі і кранальнымі разважаннямі аўтара аб “жемчужине белорусской природы”, якой «достался этот перст» – маецца на ўвазе сховішча. (Толькі прычым тут «перст» – палец, у перакладзе з рускай мовы?) Далей ішлі высновы аб “глубокой тайне”, у якой вядзецца гэта будаўніцтва і нават спасылка на нейкіх людзей “которые утверждают, что видели в «Советской Белоруссии» по этому поводу официальное сообщение».
Апошняе здзівіла асабліва. Рэспубліканскае друкаванае выданне, здаецца, не лятаючая талерка, каб на яго спасылацца праз загадкавых відавочцаў. Можа, прасцей звярнуцца ў бібліятэку? Зрэшты, гаворка не аб тым.
На наступны дзень «незалежныя» СМІ распаўсюдзілі сенсацыйную навіну – ў Беларусі будуецца сховішча ядзерных адходаў. Так невялікая і малавядомая вёсачка нечакана апынулася ў цэнтры ўвагі.
Пасля нядоўгага пошуку неабходнай інфармацыі ўдалося высветліць, што ля названай вёскі астравецкае ДРБУ-159 займаецца распрацоўкай… кар’ера, які «актывісты-эколагі», не без дапамогі мясцовых «спецыялістаў», прынялі за катлаван сховішча радыеактыўных адходаў. Яно канешне, са страху і мыш можа падацца чортам. Праўда, здаецца мне, не ў адным толькі страху, дакладней зусім не ў ім тут справа. Калі ўжо так карцела даведацца, што адбываецца ля Запольных, досыць было звярнуцца ў райвыканкам ці ў любую будаўнічую арганізацыю Астраўца, каб зняць усе пытанні. Тады і праблема не падалася б вартай выедзенага яйка. Але што з таго за радасць? Ну спыталі б, ну атрымалі б адказ… А далей што? Каго зацікавіць навіна: «Ля вёскі Запольныя будуецца кар’ер для здабычы будаўнічых матэрыялаў»? А так атрымалася: «У Беларусі ўжо будуюць сховішча для адходаў АЭС?». Звярніце ўвагу, шаноўныя чытачы, на пытальнік у канцы сказа. Схаваўшыся за гэты знак, сёння можна пісаць усё што заўгодна! Ды хоць тое, што заўтра Астравец пад зямлю праваліцца! Яны ж не сцвярджаюць – яны пытаюцца! А раз пытаюцца, значыць і адказнасці за свае словы – ніякай. І хто там будзе потым разбірацца, праўда гэта ці не? А аўтару – слава! Няхай не ўсеагульная, няхай толькі ў пэўным асяроддзі такіх жа «незалежных актывістаў», няхай скандальная, але ж — вядомасць! АЭС яшчэ і будавацца не пачала, а колькі людзей, да гэтага часу нікому невядомых, ужо атрымалі свае «дывідэнды» з гэтай будоўлі?! На такіх вось, як Запольныя, сенсацыях.
Толькі на гэты раз замест інфармацыйнай “бомбы” атрымалася смецце, адход. Праўда, не радыеактыўны, як таго некаму хацелася, а інфармацыйны.
Губляеце хватку, спадары? «Дбайней трэба!», як казаў Жванецкі.
Эдуард СВІРЫД.