Аляксандр Лукашэнка: “Гэтая будоўля стане адным з маіх рабочых месцаў”


У чацвер адбылася рабочая паездка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў Астравецкі раён, якая шырока асвятлялася ўсімі сродкамі масавай інфармацыі краіны.
Падчас яе кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з кіраўніцтвам вобласці і раёна пытанні ходу ўборачнай кампаніі, перспектывы развіцця жывёлагадоўлі і ўвогуле дзейнасці сельскай гаспадаркі і жыцця вяскоўцаў.
Адной з асноўных мэт візіту кіраўніка дзяржавы на Астравеччыну было асабістае знаёмства з ходам работ на ўзвядзенні аб’ектаў першай Беларускай атамнай электрастанцыі.
У час візіту адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі ў вялізны валун, устаноўлены ля офіснага будынка на пляцоўцы будаўніцтва АЭС, капсулы з пасланнем нашчадкам. Урачыстасць адбылася ў прысутнасці кіраўніцтва краіны, вобласці і раёна, заказчыка і генеральнага падрадчыка “будоўлі стагоддзя”, будаўнікоў АЭС і жыхароў раёна.



Пасланне нашчадкам

Капсулу з самім пасланнем падаў Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь адзін з прадстаўнікоў гэтых самых нашчадкаў – 12-гадовы Дзіма Ярашэвіч. Затым Аляксандр Рыгоравіч апусціў яе ў спецыяльную нішу ў камені і разам з першым віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам, губернатарам Гродзенскай вобласці Сямёнам Шапірам, першым намеснікам генеральнага дырэктара Дзяржкарпарацыі “Расатам” Аляксандрам Лакшыным, Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандрам Сурыкавым і дырэктарам ААТ “НІАЭП” – ЗАТ “Атамбудэкспарт” Валерыем Лімарэнкам замацаваў на валуне памятную таблічку. Ключы, якімі яна прымацоўвалася, прысутныя ўзялі на памяць – для гісторыі.
Падзею прысутныя віталі дружнымі апладысментамі. А потым кіраўнік дзяржавы падышоў да людзей, каб пацікавіцца тым, што іх хвалюе. І размову пачаў таксама з тэмы будаўніцтва на тэрыторыі Астравецкага раёна атамнай электрастанцыі.
– Усе спрэчкі аб тым, патрэбна нам атамная электрастанцыя ці не, закончаны, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Мы распачынаем яе будаўніцтва. Атамная энергія – гэта энергетычная, а значыць – эканамічная бяспека краіны. Ядзерная энергетыка, як і космас, выведуць Беларусь на новы ўзровень развіцця тэхналогій. А тое, што Еўропа выступае супраць будаўніцтва ў нас АЭС, дык вы паглядзіце, хто там больш за ўсіх абураецца? Літва і Польшча, якія самі будуюць ці збіраюцца будаваць атамныя станцыі. І прычына тут адна: не хочацца мець пад бокам канкурэнтаў у выглядзе Беларускай і Балтыйскай АЭС.
За вяртанне да тэмы развіцця атамнай энергетыкі падзякаваў прэзідэнта адзін з будаўнікоў, які ў свой час, як і многія з сённяшніх супрацоўнікаў Дырэкцыі будаўніцтва, у тым ліку і яе дырэктар М.В. Філімонаў, пачыналі працаваць на ўзвядзенні Мінскай АЭС, якая пасля была пераўтворана ў цеплавую электрастанцыю. Дырэктар гімназіі №1 Ірына Антонаўна Лях ад імя жыхароў раёна выказала падзяку кіраўніку дзяржавы за тое, што з усіх магчымых пляцовак для ўзвядзення атамнай станцыі была выбрана менавіта астравецкая – гэта нібы шчаслівы латарэйны білет для ўсяго рэгіёна. А старшыня раённага Савета ветэранаў Р.А. Герт прыгадаў, як 60 гадоў назад ён прыехаў у Астравецкі раён – і што ён тады сабой уяўляў. А сёння гэта прыгожы сучасны горад, непазнавальна змяніліся вёскі – і гэта вынік палітыкі кіраўніка дзяржавы.
– Дзякуй вам, Аляксандр Рыгоравіч, што зрабілі Беларусь спартыўнай, касмічнай і атамнай дзяржавай, якой можа ганарыцца кожны яе жыхар, – сказаў Расціслаў Арсенцьевіч – і ў адказ Прэзідэнт моцна паціснуў яму руку.



Эканомна, па-гаспадарску

Цырымонія закладкі капсулы з пасланнем нашчадкам стала кульмінацыйным момантам візіту кіраўніка дзяржавы. Але зацікаўленая размова аб будаўніцтве АЭС, кошце гэтага праекта і неабходнасці эканоміць дзяржаўныя сродкі пачалася практычна адразу пасля таго, як прызямліўся верталёт і кіраўнік дзяржавы ступіў на астравецкую зямлю. Аляксандр Рыгоравіч звярнуў увагу, што верталётная пляцоўка не забетаніравана і не заасфальтавана, а выкладзена бетоннымі плітамі. Адзначыўшы гэты станоўчы момант – пліты затым, пасля заканчэння будаўніцтва, можна будзе выкарыстаць паўторна – Прэзідэнт запатрабаваў, каб такі ж ашчадны і гаспадарскі падыход прысутнічаў у адносінах да кожнай дробязі на будоўлі. Піянерная база пасля таго, як адпадзе неабходнасць выкарыстоўваць яе магутнасці на будаўніцтве АЭС, будзе працаваць на патрэбы раёна. Жыллё, якое сёння ўзводзяць для размяшчэння будаўнікоў станцыі, павінна быць такой якасці, каб яго потым можна было перадаць ці прадаць мясцовым жыхарам.
– Вы ведаеце мае адносіны: парадак павінен быць ва ўсім. Ніякага разгільдзяйства і расхлябанасці я не пацярплю. Ніводнага кавалка зямлі не павінна пуставаць, – падкрэсліў Лукашэнка. – Калі яна не занятая пад будаўніцтвам, то павінна быць уведзена ў севазварот – хай сабе нават на некаторы час. Увогуле, гэтая будоўля павінна стаць узорна-паказальнай, каб маглі прыязджаць і захапляцца і якасцю будаўніцтва, і знешнім выглядам, і бяспекай. І няхай ніхто не спадзяецца, што тут можна будзе “наганяць тлушч”: эканомія сродкаў павінна прысутнічаць на ўсіх этапах. Мы бярэм у Расіі крэдыт на 10 мільярдаў долараў на будаўніцтва АЭС, але гэта – нашы грошы, бо нам давядзецца іх аддаваць. Таму трэба імкнуцца змяншаць кошт будаўніцтва – без эканоміі на бяспецы, вядома.
Прэзідэнт папярэдзіў, што працэс будаўніцтва атамнай электрастанцыі ён будзе кантраляваць асабіста:
– З сённяшняга дня гэтая пляцоўка – адно з маіх рабочых месцаў на бліжэйшы час, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.



Сельская гаспадарка: здабыткі і перспектывы

Тэма будаўніцтва АЭС прадоўжылася крыху пазней. А найперш, адразу на верталётнай пляцоўцы, губернатар Гродзенскай вобласці С.Б. Шапіра далажыў кіраўніку дзяржавы аб тым, як у вобласці ідзе ўборачная кампанія. Звесткі, якія паведаміў Сямён Барысавіч, парадавалі Прэзідэнта: 9 жніўня Гродзенская вобласць пераўзышла леташні ўзровень па валавому збору збожжа – 1350 тон – і цяпер кожны дзень працуе на “плюс”. Губернатар запэўніў, што з улікам тых плошчаў, што яшчэ засталося ўбіраць, а таксама кукурузы і іншых зерневых культур валавы збор збожжа на Гродзеншчыне сёлета дасягне двух мільёнаў тон – небывалы паказчык для нашай невялікай вобласці. Радуе і ўраджайнасць: у сярэднім па вобласці яна складае больш за 50 цэнтнераў, і нават на паўночнай Астравеччыне, дзе ўмовы непараўнальныя з паўднёвымі раёнамі вобласці – гэта губернатар падкрэсліў асабліва – яна сёлета перасягнула 45 цэнтнераў з гектара – гэта рэкордны для раёна паказчык. Кіраўнік дзяржавы разам з губернатарам прыгадалі той час, калі валавы збор збожжа ва ўсёй Беларусі складаў 4 мільёны тон і даводзілася браць замежныя крэдыты, каб забяспечыць патрэбы краіны ў прадуктах харчавання і фуражы – а сёння адна Гродзеншчына закрывае палову тагачаснага валавога намалоту!
Была закранута і тэма развіцця жывёлагадоўлі. Прэзідэнт яшчэ раз паўтарыў сваё патрабаванне, што да канца пяцігодкі ўвесь дойны статак павінен знаходзіцца на сучасных, мадэрнізаваных комплексах, каб для ўтрымання жывёлы былі створаны належныя ўмовы.
– Карова – наша карміцелька, так было заўсёды, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Ды мы сёння павінны паставіць ёй помнік! Вось такі, як тут, – паказаў Аляксандр Рыгоравіч на размешчаныя на стэндзе фотаздымкі лепшых малочна-таварных комплексаў Астравецкага раёна.
Падчас размовы са старшынёй Астравецкага райвыканкама Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам была закранута тэма аптымізацыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Выслухаўшы паведамленне старшыні райвыканкама аб тым, што на сённяшні дзень у раёне засталося пяць сельсгаспрадпрыемстваў, і гэта – аптымальны, найбольш эфектыўны варыянт, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, колькі ж у раёне дзейнічае сельскіх Саветаў. Даведаўшыся, што дзевяць, выказаў недаўменне: навошта столькі? І выказаў сваю прапанову: адзін сельвыканкам павінен адпавядаць аднаму сельгаспрадпрыемству – але гэта павінен быць моцны, жыццяздольны орган мясцовай улады, якому можна было б перадаць частку паўнамоцтваў і які б быў гатовы ўзяць на сябе нейкія канкрэтныя справы.
Зацікаўлена выслухаў кіраўнік дзяржавы і планы Астравецкага райвыканкама аб тым, каб на таннай цеплавой энергіі стварыць у раёне цяплічную ці кветкаводчую, а магчыма, і рыбную гаспадаркі – Аляксандру Рыгоравічу гэтыя прапановы спадабаліся. Ён нагадаў, што ўжо сёння трэба думаць аб стварэнні ў раёне дадатковых рабочых месцаў, бо не ўсе людзі, што папоўняць лік яго жыхароў у бліжэйшы час, стануць працаваць на атамнай станцыі.
Падчас размовы з Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам Прэзідэнт цікавіўся, ці дастаткова неабходнай тэхнікі ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах, ці трымаюць сёння вяскоўцы падсобную гаспадарку, якія ўмовы для жыцця ў аграгарадках і тых населеных пунктах, якія не ўвайшлі ў іх лік, падкрэсліўшы, што і там патрэбна падтрымліваць неабходны мінімум зручнасцей.
Падчас візіту на Астравеччыну кіраўнік дзяржавы дэталёва і зацікаўлена знаёміўся з ходам работ на будаўнічай пляцоўцы АЭС, з сістэмай дзейнасці ядзернага рэактара і ступенямі яго абароны, з перспектывамі развіцця горада энергетыкаў Астраўца, адказаў на пытанні журналістаў па самых актуальных пытаннях унутранай і знешняй палітыкі дзяржавы. Больш падрабязна аб гэтай частцы візіту кіраўніка дзяржавы мы раскажам у бліжэйшым нумары “АП”.


Ніна РЫБІК.
Фота БелТА.