Астраўчане пераадолелі “Кіламетры Перамогі”
На заклік паўдзельнічаць у велапрабегу адгукнуліся прадстаўнікі розных арганізацый, прадпрыемстваў, школ раёна і проста нераўнадушныя астраўчане.
– Добра, што на Астравеччыне мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, праходзяць у такім фармаце, – адзначыў падчас прывітання пракурор раёна Аляксей Тамчанок. – Гэта не проста велапрабег, а цудоўная магчымасць ушанаваць памяць загінуўшых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, падзякаваць ветэранам за спакой на зямлі і адначасова далучыць маладое пакаленне да здаровага ладу жыцця. Што можа быць лепш прагулкі на свежым паветры пад мірным небам? І мы павінны цаніць і берагчы гэта.
Дружнай калонай веласіпедысты адправіліся ў падарожжа па «Кіламетрах Перамогі». Першым прыпынкам стала брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных, што знаходзіцца на ўскрайку Гудагая. Аб тым, як разгортваліся ваенныя падзеі на гудагайскай зямлі і як ужо ў мірны час аднаўляліся прозвішчы загінуўшых ваеннапалонных, распавяла кіраўнік музея Гудагайскай сярэдняй школы Ірына Жалток. Удзельнікі велапрабегу ўшанавалі памяць воінаў хвілінай маўчання і ўсклалі на магілу кветкі.
Расповед пра падзеі Вялікай Айчыннай працягнуўся ў школьным музеі мясцовай школы.
Сапраўдны ваенны дух удзельнікі велапрабегу адчулі на апошнім прыпынку – у пагранічнай камендатуры «Гудагай». Паказальныя выступленні кінолагаў, дэманстрацыя зброі, экскурсія па камендатуры і салдацкая каша – усё гэта выклікала ў гасцей захапленне, яркія ўражанні і радасць ад таго, што мы жывём у мірны час.
