Уладзімір Буракоў быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза – і не ведаў пра гэта
10:08 / 02.07.2020

Але не ўсе астраўчане ведалі пра тое, што юнацтва Уладзіміра Платонавіча было апалена вайной. Нарадзіўся ён у 1925 годзе ў вёсцы Сухавінцы Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Калі пачалася вайна, сям’я Бураковых, у тым ліку і 17-гадовы Валодзя, пайшла ў партызанскі атрад імя М. Астроўскага брыгады імя Суворава Мінскага партызанскага аб’яднання. Пасля вызвалення Беларусі Уладзіміра Платонавіча прызвалі ў дзеючую армію: ён ваяваў у складзе 444-га стралковага палка 108-й Бабруйскай дывізіі.
Біяграфію Уладзіміра Буракова можна знайсці ў раённай кнізе «Памяць». Там жа ёсць інфармацыя пра яго ўзнагароды: медаль «За адвагу», два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн «Знак Пашаны», які ён атрымаў ужо за поспехі ў працы. Толькі вось звесткі гэтыя няпоўныя: не ўзгадваецца ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені – яго Уладзімір Платонавіч, як і іншыя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія мелі баявыя ўзнагароды, атрымаў у 1985 годзе, да 40-годдзя Перамогі. І галоўнае – там няма ні слова пра ордэн Славы ІІІ ступені.
Зрэшты, вінаваціць укладальнікаў кнігі «Памяць» не варта: падобна, і сам Буракоў не ведаў, што яго прадстаўлялі да звання Героя Савецкага Саюза і ўзнагародзілі галоўным салдацкім ордэнам – ва ўсякім выпадку, былыя калегі і паплечнікі Уладзіміра Платонавіча, з кім давялося размаўляць, у адзін голас сцвярджаюць, што ён ніколі не гаварыў пра гэта.
Звесткі пра неатрыманыя ўзнагароды адшукаў не так даўно на адкрытым сайце «Памяць народа» сакратар раённага савета ветэранаў Валерый Ламека. Прычым там змешчаны не толькі пералік баявых ордэнаў і медалёў, але і ўзнагародныя лісты.
Партызана Уладзіміра Буракова прызвалі ў дзеючую армію ў ліпені 1944 года – а ўжо 25 кастрычніка таго ж года ўзнагародзілі медалём «За адвагу».
Першы ордэн Чырвонай Зоркі чырвонаармеец Буракоў атрымаў у лютым 1945 года.
«У наступальных баях па прарыву абароны праціўніка, праведзеных палком у перыяд з 14 па 30.01.1945 года тав. Буракоў паказаў высокія ўзоры мужнасці і самаахвярнасці. Грэбуючы асабістай небяспекай, часта пад агнём ворага ён ліквідоўваў парывы тэлефоннай лініі, чым забяспечыў бесперабойную сувязь камандавання з дзеючымі падраздзяленнямі, забяспечыў кіраванне боем. Дастойны ўзнагароджання ордэнам Чырвоная Зорка – такую характарыстыку ва ўзнагародным лісце чырвонаармейцу Буракову даў камандзір 444-га стралковага палка гвардыі падпалкоўнік Авілаў. (Тут і далей пераклад на беларускую мову аўтара – Н.Р.)
Менш чым праз месяц, 18 красавіка 1945 года, тэлефаніст Уладзімір Буракоў быў узнагароджаны яшчэ адным ордэнам Чырвонай Зоркі за подзвігі, здзейсненыя ў перыяд 23.03.1945 – 28.03.1945.
І вось наступіў красавік 1945 года. Вынік вайны прадвызначаны. Але ад таго яшчэ супраціўленне ворага было яшчэ больш жорсткім. І так страшна загінуць, калі да Перамогі засталіся лічаныя дні…
Чытаем узнагародны ліст. «16.04.1945 года палку была пастаўлена баявая задача фарсіраваць рукаў ракі Одэр, выбіць немцаў з астравоў міжрэчча і замацавацца на востраве для далейшага фарсіравання заходняга русла ракі. З першай штурмавой групай для ўстанаўлення сувязі быў пасланы таварыш Буракоў. Праціўнік, жорстка супраціўляючыся, вёў ураганны артылерыйскі, мінамётны і ружэйна-кулямётны агонь на групе, што перапраўлялася праз раку. Нягледзячы на суцэльны лівень агню і смяротную небяспеку, смельчакі працягвалі перапраўляцца на лодках. Тав. Буракоў у такіх выключна складаных умовах правёў тэлефонную лінію і ўстанавіў сувязь з камандаваннем, падтрымліваючы яе бесперабойна пры неаднаразовых парывах лініі. Задача была выканана бліскуча. Полк замацаваўся на востраве»
Мінула чатыры дні. «20.04.1945 года полк фарсіраваў заходні рукаў ракі Одэр. Зноў у першай штурмавой групе знаходзіўся тав. Буракоў, пракладваючы сувязь праз раку. Праціўнік, замацаваўшыся ў жалезабетонным устоі моста, прыстасаванага пад дот, вёў непасрэдны прамы агонь з усіх відаў зброі. Абстаноўка была выключна складная. Група смельчакоў усё ж высадзілася на заходнім беразе ракі, штурмам завалодала дотам і замацавалася, забяспечыўшы далейшую пераправу пяхоты.
Падчас пераправы тав. Буракоў быў паранены, тэлефаністы, што наводзілі сувязь разам з ім, таксама былі паранены, але тав. Буракоў працягваў выконваць пастаўленую перад ім задачу. Камандзір батальёна, убачыўшы, што тав. Буракоў паранены, прапанаваў яму адпраўляцца на ўсходні бераг ракі, але тав. Буракоў, ведаючы, што, акрамя яго сувязь трымаць няма каму, застаўся каля апарата і забяспечыў бесперабойнае кіраванне боем, што забяспечыла выкананне агульнай складанейшай задачы».
За сухімі радкамі ўзнагароднага ліста, надрукаванага праз сінюю капірку, паўстае і той самы смяротны лівень, які палівае смельчакоў, што спрабуюць пераправіцца на другі бераг чужой ракі, і малады паранены тэлефаніст, які трымае сувязь – бо больш няма каму…
За подзвігі пры фарсіраванні Одэра Уладзімір Платонавіч Буракоў, камандзір аддзялення тэлефоннага ўзвода роты сувязі 444-га стралковага Чырвонасцяжнага палка 103-й стралковай Бабруйскай ордэна Леніна дывізіі быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза – і загадам ад 19 мая 1945 года ўзнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені.
Але да таго часу вайна ўжо закончылася, і для ўсіх, хто сустрэў Перамогу, галоўнай узнагародай было тое, што яны засталіся жывымі. Буракову трэба было яшчэ даслужваць тэрміновую службу: гады, што ваяваў у партызанах і на фронце, у залік не ішлі. Дэмабілізаваўся ён толькі ў 1948 годзе. Закончыў Мінскі педагагічны інстытут, Вышэйшую партыйную школу. Працаваў на розных пасадах у камсамольскіх і партыйных органах. З 1965 года ён – астраўчанін.
– Вядома, я памятаю Уладзіміра Платонавіча, – гаворыць Ігар Прусакоў. – А мая жонка Іна ведае сям’ю Бураковых яшчэ лепш: яна вучылася ў політэхнічным інстытуце з іх дачкой Святланай, разам на кватэры жылі. Мы і цяпер падтрымліваем стасункі – Святлана ў Астраўцы жыве ў бацькоўскім доме. Я ж сябраваў з сынам Уладзіміра Платонавіча Валерам – ён, дарэчы, быў вельмі падобны да бацькі. Ваенны, даслужыўся да падпалкоўніка – на жаль, рана пайшоў з жыцця. Уладзімір Платонавіч быў другім сакратаром райкама партыі, калі мяне зацвярджалі загадчыкам арганізацыйнага аддзела райкама камсамола. Канешне, я глядзеў на яго знізу ўверх: аўтарытэт!
– Гэта быў незвычайны чалавек і кіраўнік, – успамінае былая настаўніца беларускай мовы літаратуры СШ №1 Ядвіга Шаблінская. – Мы ж былі за ім, як за каменнай сцяной, маглі звярнуцца і з бядой, і з радасцю. Калі здараўся нейкі інцыдэнт, разбіраўся з тым, хто правініўся, сам-насам, ніхто пра гэта не ведаў ні ў школе, ні тым больш за яе парогам.
– Я мала працавала з Уладзімірам Платонавічам, гады два, – дзеліцца ўспамінамі аўтар кнігі пра гісторыю СШ №1 Ларыса Мартынава. – Для мяне ён – эталон савецкага настаўніка і дырэктара школы – мудрага, інтэлігентнага, далікатнага. Дырэктар толькі аднойчы прысутнічаў у мяне на ўроку – і, сам гісторык, за тры хвіліны адзначыў усе памылкі, якія дапусціла я, настаўніца пачатковых класаў. Уладзіміра Платонавіча я заўсёды ўспамінаю ў кабінеце з газетай «Правда» ў руках, пад партрэтам Ушынскага – дарэчы, цудоўная карціна алеем, не ведаю, куды яна падзявалася.
– Бацька амаль нічога не расказваў пра вайну, – успамінае дачка Уладзіміра Платонавіча Святлана Уснарская. – Увогуле не любіў гаварыць на гэтую тэму. Хіба што калі-небудзь да слова прыйдзецца… Я думаю, ён не ведаў, што яго прадстаўлялі да звання Героя – ніколі пра гэта не чула.
Уладзімір Платонавіч памёр у 2004 годзе, так і не даведаўшыся, што за подзвігі пры фарсіраванні Одэра ён узнагароджаны ордэнам Славы. Нашмат пазней, калі былі рассакрэчаны архівы Вялікай Айчыннай вайны і з’явіўся сайт «Памяць народа», дзе можна знайсці інфармацыю пра ўдзельнікаў вайны, яго ўнук Максім, які цяпер жыве ў Маладзечна, адшукаў звесткі пра подзвіг дзеда.
Высокая ўзнагарода так і не знайшла героя пры жыцці… Але не толькі сям’я – землякі таксама павінны ведаць і памятаць, з якім чалавекам жылі і працавалі побач.
Вялікі дзякуй Валерыю Ламеку, што дапамог закрыць яшчэ адну белую пляму ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.