Тарэса Ляховіч: «Дэпутату – здароўя і ўвагі да патрэб людзей»

10:42 / 16.11.2019

У дзень датэрміновага галасавання Варнянскі выбарчы ўчастак, які размясціўся ў будынку сярэдняй школы, расчыніў дзверы, як і ўсе астатнія, у 10.00. У 10.05 сюды прыехалі журналісты – і літаральна на парозе размінуліся з першай у той дзень выбаршчыцай.

– Галасаванне ідзе даволі актыўна, – каменціруе яўку выбаршчыкаў старшыня ўчастковай камісіі Надзея Субач. – У людзей ёсць такое права – прагаласаваць датэрмінова. І яны ім актыўна карыстаюцца.

Назіральнік Валянціна Боўша, якая прадстаўляе раённую арганізацыю ветэранаў, стараецца наведаць участак для галасавання ў любую вольную хвіліну.

IMG_7482.jpg

– Ніякіх парушэнняў выбарчага заканадаўства не выяўлена, – адказвае яна на пытанне журналіста. – За гэтым назіральнікі штодзённа пільна сочаць.

Акрамя Валянціны Андрэеўны, на Варнянскім участку зарэгістравана яшчэ сем назіральнікаў – ад прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу і адукацыі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, «Белай Русі» і «Беларускага саюза жанчын». Так што момантаў, калі члены выбарчай камісіі працуюць без пільнага нагляду прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, практычна не бывае.

Пакуль мы гутарылі з Валянцінай Боўшай, на ўчастак, каб прагаласаваць, з’явіўся Аляксандр Ломаўцаў. За ім – сяброўкі Ганна Рубель і Лілія Юцкевіч.

IMG_7477.jpg

–У нядзелю хочацца пабыць дома, разам з сям’ёй, – тлумачаць жанчыны сваё рашэнне прагаласаваць датэрмінова.

І даюць наказ будучаму дэпутату парламента:

– Лазня жыхарам Варнян трэба. І кафэ сучаснае, каб можна было пасля выбараў пасядзець за кубачкам кавы з сяброўкай.

У Тарэсы Ляховіч уважлівая прычына не прыйсці на ўчастак для галасавання ў дзень выбараў: спаўняецца годзік малодшаму ўнуку, і шчаслівая шматдзетная бабуля – у Тарэсы Станіславаўны ажно дзевяць унукаў! – паедзе ў Астравец віншаваць хлопчыка.

– Свой выбар я зрабіла, як толькі даведалася, хто зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты, таму бюлетэнь запоўніла хутка, – гаворыць жанчына. – І дэпутату свайму хачу пажадаць аднаго: здароўя! І каб ён больш увагі ўдзяляў патрэбам простых людзей.

IMG_7512.jpg

За нейкіх паўгадзіны, што мы былі ў пятніцу на Варнянскім участку, тут прагаласавала дзевяць чалавек.

Текст: Нина Рыбик