Марыя Мажэйка: трэба паважаць сваю нацыянальнасць і людзей, што жывуць побач

16:13 / 28.05.2019

У Вільнюсе прайшоў першы сусветны з’езд літоўскіх паэтаў і пісьменнікаў – на ім выступала наша зямлячка, 95-гадовая жыхарка вёскі Петрыкі Марыя Мажэйка.

Разам з Марыяй Юльянаўнай на з’езд адправіліся яе дачка Ганна Шармукшнене і загадчык аддзела культуры і адпачынку аг. Гервяты Наталля Бялячыц.

IMG_20190505_165818.jpg

Арганізатары гэтай сустрэчы – аддзел культуры Сусветнага літоўскага таварыства, інстытут літаратуры і Саюз пісьменнікаў Літвы – прымеркавалі з’езд да Года літоўцаў, якія жывуць за мяжой.

Марыя Юльянаўна, народны майстар Рэспублікі Беларусь, захавальніца песеннай народнай культуры беларускіх літоўцаў, удзельніца рымдзюнскага фальклорнага калектыву «Жыльвіціс», вядомая ў Літве як аўтар кнігі «Запісы Марыі».

IMG_20190505_135235.jpg

– Марыя піша вершы, расказы, успаміны, яна зберагальніца народных традыцый і культуры этнічных літоўцаў у Беларусі – таму яе запрасілі на гэта мерапрыемства, – расказвае загадчык аддзела культуры і адпачынку аг. Гервяты Наталля Бялячыц.

Дарэчы, на запрашэнне арганізатараў сабрацца на гістарычнай Радзіме адгукнулася 33 паэты і пісьменнікі з 15 краін свету, якія не забыліся родную матчыну мову.

– Сярод іх былі дырэктар Літоўскага цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі ў Мінску Віргінія Тарнаўскайце і ўраджэнка Рымдзюн Ганна Вайчуліце-Раманчук, доктар гуманістычных навук, выкладчык-літуаніст Варшаўскага ўніверсітэта, – удакладняе Наталля Бялячыц.

Наша зямлячка ўдзельнічала ва ўрачыстым адкрыцці з’езда: прачытаўшы верш пра сваю радзіму «Гервяцкі край», яна закончыла сваё выступленне такімі словамі: «Паважаныя прысутныя, мае дзеці і ўнукі! Паважайце сваю нацыю і ўсіх тых людзей, што жывуць побач з вамі!»

Выклікала цікавасць замежных гасцей “Запісы Марыі” – кнігу не толькі набывалі, але і прасілі аўтограф у яе аўтара.

IMG_20190505_164001.jpg

– У нас самыя цёплыя ўражанні ад гэтай сустрэчы: для удзельнікаў, акрамя творчых вечарын, былі арганізаваны экскурсіі па Вільнюсе; маёнтку Вілейшыса; музеі прэзідэнтуры; нацыянальнай бібліятэцы Літвы і іншых цікавых аб’ектах, – дзеляцца ўражаннямі ад паездкі нашы зямлячкі.

Удзельнікі з’езда вырашылі стварыць інфармацыйны клуб у сацыяльных сетках, дзе яны і іх калегі па пяру змогуць падтрымліваць стасункі, адкрываць новыя імёны.

Творы літоўскіх паэтаў і пісьменнікаў, якія жывуць за мяжой, на працягу года будуць друкаваць у газетах і часопісах Літвы.

Текст:
Фото: Наталля БЯЛЯЧЫЦ