Каб зберагаліся традыцыі
09:10 / 18.05.2018
У аддзяленні дзённага знаходжання пажылых людзей Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з разуменнем аднесліся да пажаданняў сваіх наведвальнікаў і пастараліся наладзіць цеснае сяброўства старэйшых з малодшымі – рабятамі з аддзялення для маладых людзей з абмежаванымі фізічнымі здольнасцямі. І цяпер усе святы, прыемныя падзеі мы адзначаем разам. Гэта дае магчымасць аднаўляць старадаўнія звычаі. На жаль, нямногія сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі маюць уяўленне, як святкавалі, да прыкладу, Вялікдзень іх бабулі ў сваім дзяцінстве: хадзілі па валачобнае, гулялі у біткі, качалі яйкі. А сёлета даведаліся і нават змаглі паўдзельнічаць у даўнейшых забавах.
А дарослыя з вялікім задавальненнем паглядзелі разам з імі пасхальны спектакль «Калабок» лялечнага тэатра «Батлейка» ў выкананні вучняў нядзельнай школы пры праваслаўным храме Святых апосталаў Пятра і Паўла. Вядомую і любімую казку, перапісаную на пасхальны лад пісьменнікам-святаром, развучыла з дзецьмі настаўніца Алена Гаева. Цудоўна атрымалася!
Было адчуванне адной вялікай сям’і, якая дружна размясцілася ва ўтульнай зале, у цёплай радзіннай атмасферы.
На вялікі жаль, цяперашнія хлопчыкі і дзяўчаткі мала што ведаюць аб народных звычаях і традыцыях даўнейшых часоў, аб любімых занятках бабуляў і дзядуляў, бацькоў. А гэта ж наша спадчына. Усё чужое, наноснае, што запаланіла зараз паўсядзённае жыццё, – прыдуманыя святы, забавы, перанятая недарэчная і брыдкая мода, некалі надакучыць і адыдзе. Мы вернемся да свайго, роднага, спрадвечнага. Вядома, калі зараз захаваем і адродзім.