Не старэюць душой…

10:02 / 29.03.2018
У горадзе Іўе прайшоў чарговы этап штогадовага рэспублі­канскага фестывалю музычнай творчасці  людзей залатога ўзросту «Не старэюць душой ветэраны».  Гэты песенны форум адрозніваецца ад іншых   тым, што скіраваны не на творчую канкурэнцыю, а на дэманстрацыю  выканаўчага  майстэрства  сталых, па-свойму арыгінальных мастацкіх калектываў – таму і не зніжаецца цікавасць да фестывалю і ў гледачоў, і ў саміх артыстаў.

OMD50558.jpg

Сёлета на іўеўскай сцэне выступілі 14 калектываў, сярод іх – народны хор ветэранаў працы «Вясёлка», якім на працягу многіх гадоў кіруе Данута Адольфаўна Папеня.  Музычнае суправаджэнне правёў не менш вядомы народны аркестр народных інструментаў «Скарбніца», мастацкі кіраўнік – Надзея Паўлаўна Шарэйка.

OMD50583.jpg

Астраўчане бліскуча адспявалі сваю канцэртную праграму – чатыры харавыя песні,  адну – у выкананні мужчынскай групы, другую – жаночага квартэта. Шчодрыя апладысменты калег-гледачоў і журы былі нам падтрымкай. Дарэчы, выступаў калектыў у новых касцюмах, пашытых па заказу аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ў спецыялізаваных майстэрнях, якія «апранаюць» артыстаў тэатраў.

Завяршыўся фестываль уручэннем  заслужаных ўзнагарод: дыпломаў і каштоўных падарункаў калектывам і іх мастацкім і музычным кіраўнікам, салістам – ад  упраўлення культуры абл­выканкама, абласных камітэта прафсаюза работнікаў культуры і савета ветэранаў, Фонда міру. А колькі цёплых слоў вітання і пажаданняў   артыстам-ветэранам прагучала!

OMD50685.jpg

Чым каштоўны фестываль «Не старэюць душой ветэраны»? Найперш тым, што ён дае магчымасць людзям сталага ўзросту рэалізаваць свой творчы патэнцыял, здольнасці, любоў да песні. А яшчэ  захаваннем і прымнажэннем песенных скарбаў старэйшых пакаленняў і перадачы іх маладым, бо ветэранскія калектывы выконваюць музычныя творы  сваёй маладосці, на жаль,  ужо мала вядомыя сучасным выканаўцам.  

Дык жыві, фестываль, не старэйце душой, ветэраны!




Текст:
Фото: Іван Дзятловіч