Як АПэшка да святаў рыхтавалася

08:15 / 30.12.2018
Ой, які цудоўны час настаў! Зіма! Сапраўдная! 
Мае бацькі-журналісты не могуць загнаць мяне ў рэдакцыю: так хочацца ўсе гурбы перамераць, пакачацца-паваляцца ў гэтым белым пухнатым снезе! Хоць яны, ведаю, і самі не супраць са мной пабавіцца – ды саромеюцца: маўляў, салідныя людзі, у грамадска-палітычнай газеце працуюць. Лічаць, што не да твару ім такія глупствы. Праўду кажуць: усе дарослыя некалі былі дзецьмі – толькі некаторыя пра гэта забыліся. Шкада…

IMG_0030.jpg

Але і мае бацькі прыдумалі, як можна салідна і адначасова весела ўспомніць дзяцінства: вырашылі мы рэдакцыю да святаў упрыгожыць. 
Спачатку сталі думаць, як гэта зрабіць, каб прыгожа было не толькі ўвечары, калі агеньчыкі зіхацяць, а і ўдзень, і каб не так, як у мінулым годзе,  а нешта новенькае з’явілася, арыгінальнае і ў адным стылі. 

(Пра стыль мне мама Генры­хаўна ўсё расказала: калі адно акно чырвонае, другое – сіняе, а трэцяе – жоўтае, гэта ўсё роўна, што палітончык надзець чырвоны, берэт – сіні, туфлікі – зялёныя. А вось калі ўсё адно з другім спалучаецца, адной ідэі падпарадкоўваецца – гэта стыль… Прыходзьце, калі хочаце, да мяне – я вам раскажу. А калі што забудуся – мама Генрыхаўна падкажа!)

…Але бухгалтар Наташа, пад­біваючы гадавы баланс, ска­зала, што летась шмат грошай на навагоднія ўпрыгажэн­ні патрацілі і сёлета няма за што шыкаваць: Антончыку трэба новую камеру купіць, а Марынцы – камп’ютар, гэта – важней… 

А мама Генры­хаў­на запярэчыла: калі з розумам і творча да справы падысці, то зусім неабавязкова шмат грошай траціць. І паказала, як гэта – з розумам і творча: навучыла ўсіх рабіць прыгожыя кампазіцыі з яловых лапак – цяпер яны на кожным рэдакцыйным акне. А калі іх снегам крыху прысыпала, дык стала зусім казачна!

IMG_20181206_081629.jpg

А потым ёлачку ля рэдакцыі дзядзька Лёнік паставіў – такую прыгажуню! Цацкі на яе Грышка выразаў з пенапласту: мае аўтографы – «АП». Я такая гордая! Зараз іх, праўда, крыху снегам прыцерушыла, але ўвечары, калі на ёлачцы загараюцца блакітныя агеньчыкі, так утульна і прыгожа! І так чароўна!

А яшчэ Грышка выразаў аленя з Дзедам Марозам, які нясе нам падарункі – я да яго ў санкі кожны дзень заглядваю, правяраю: ці не з’явілася там што новенькае? Бацькі кажуць, што рана яшчэ, а я думаю: а раптам?

IMG_7021 в печать.jpg

А Веранічка са Светачкай і Марыначкай у рэдакцыі вокны размалявалі – і цяпер  мы не ў офісе працуем, а ў казачным лесе: на адным акне алені імчаць, на другім – зайцы скачуць, на трэцім воўк зубы скаліць, а ў мамы Рыбік снегавік усміхаецца… 
Усе стараліся рэдакцыю ўпры­гожваць – і зараз усе радуюцца. 

IMG_6953.jpg

Я ў газеце прачытала, што аб’яўленыраённы конкурс на лепшае ўпрыгажэнне офісаў – і вы­рашыла паглядзець, як  іншыя арганізацыі да Калядаў і Новага года прыбраліся. 

Толькі выйшла за парог рэдакцыі – а каля магазіна «Ліра» такая фотазона: там і ёлачка, і гірлянда, і навагодняе віншаванне, і бліскучыя сняжынкі… Ну проста немагчыма абмінуць, не сфатаграфаваўшыся!

фото фотозоны .jpg

Зрабіла я сэлфі і сабралася далей вандраваць па горадзе, ды мяне нагнаў наш вадзіцель дзядзька Лёнік, сказаў, што малым дзецям нельга адным увечары гуляць і, калі мне ўжо так хочацца ўсё ўбачыць на свае вочы, то ён правязе мяне па горадзе. Я, вядома ж, згадзілася!

Ну і наглядзелася ж  я: не горад у нас, а адно суцэльнае захап­ленне! Усё ззяе, усё зіхаціць: на слупах – прыгожыя кампазіцыі, на кветніках – ззяючыя шары, у скверы – ёлачкі мігцяць, падміргваюць, цуды абяцаюць. А нашу галоўную ёлку вы бачылі? Праўда, прыгажуня?

IMG_6968 в печать.jpg

А аддзел адукацыі як ўпрыгожыўся! Алень каля яго дзвярэй капытцам б'е, вялізныя лічбы нагадваюць, які год настае – каб хто пасля навагодняй ночы не забыўся, у якім годзе ён прачнуўся. 

IMG_0003.jpg

Каля будынка ДРБУ-159 снегавічок з беларускім сцягам імчыць насустрач Новаму году, а ў лясгасе навагодні дождж сцякае па вокнах… Ля бальніцы кожная туйка – а іх тут многа! – зіхаціць, каля першай школы вятрак ззяючыя крылы ўшыркі раскінуў. 
 І ў другім мікрараёне каля новага фізкультурна-азда­раў­ленчага комплексу ёлачка з’явілася – вось бы каток ля яе яшчэ залілі: было б як у Маскве! І я б навучылася на каньках катацца!

IMG_0023.jpg

…Як разявіла я ад здзіўлення і захаплення рот каля рэдакцыі – так і не  закрыла яго, пакуль назад не вярнулася… А мне сказалі, што я яшчэ вёсак не бачыла і па прыватным сектары не гуляла – там, расказваюць, таксама сапраўдныя цуды ёсць! 

І падумалася: цяжка, напэўна, будзе журы вынікі конкурсу падводзіць, калі столькі ўсялякай прыгажосці прыдумана… 

IMG_0026.jpg

Эх, шкада, што рэдакцыя ўбаку ад цэнтральных дарог знаходзіцца: ніхто не бачыць нашай зімовай казкі. 
Зрэшты, хай сабе: мы ж не для конкурсу яе рабілі, а для саміх сябе! Каб нам радасна было, бо нездарма ж кажуць: з якім настроем Новы год сустрэнеш, з такім яго і пражывеш.

Дык няхай ён і будзе такім – святочным і радасным – у нас, у вас, ва ўсіх жыхароў Астравеччыны і ва ўсіх добрых лю­дзей! 
З надыходзячым вас!

Ваша АПэшка.


Текст: Главный администратор