Як АПэшка на сабак пакрыўдзілася

08:26 / 16.07.2018
4
Скажыце, ці ёсць у свеце людзі, якія не любяць хатніх жывёл? Упэўнена: сярод дзяцей такіх дакладна няма! Гэтак ж так цікава: назіраць за коцікамі, сабачкамі, рыбкамі, хамячкамі, гуляцца з імі, лашчыцца… Ну і карміць, выгульваць, лячыць, калі захварэюць – гэта, канешне, не так весела, але ж патрэбна!

АПэшка радость.jpg


У нас у рэдакцыі хатніх жывёл няма: мае бацькі-журналісты любяць гаварыць, што трэба быць у адказе за тых, каго прыручылі. У іх работы шмат, таму яны не могуць у працоўны час як след дагледзець гадаванцаў, а я яшчэ малая, каб мне такую справу даручыць. Але дома розных жывёлінак трымаюць амаль усе: у Антончыка жыве папугаіха Чыкса, у мамы Генрыхаўны – рыбкі, у Алёнкі – сабачка Бадзі, у Олі, Пятроўны і мамы Рыбік – каты Кузя, Мася і Рыжык, у Веранічкі – кот Цімафей і чарапашка Капа. А ў  Надзейкі – амаль што заапарк: сабачка Фоксік, хамяк Роні і папугаіха Соня, у Рытачкі – яшчэ большы: на яе падвор’і мірна ўжываюцца сабака Гром, котка Ізюмінка, чарапашка Бланк і карась Максік. Во як!

IMG_1925.jpg

Котка Ізюмінка


udtCbhTVqoY.jpg

Чарапашка Капа

І ўвогуле, заўважаю я падчас сваіх вандровак, што сабак і катоў у нашым горадзе становіцца ўсё больш. І так іх гаспадары любяць! Касцюмчыкі ды камбінезончыкі спецыяльныя купляюць, прычоскі робяць, на руках на прагулку выносяць – канешне, калі таго сабачку можна панесці, бо бывае, што на ім самім можна пакатацца…
У нас у горадзе ўжо нават спецыяльныя месцы для выгулу сабак з’явіліся – я бачыла адпаведныя таблічкі, калі гуляла на Паркавай вуліцы. Вось толькі сабак там чамусьці не было… Затое ў лесапарку, на аб’яздной вуліцы, у дварах – колькі заўгодна! Некаторыя нават без гаспадара, павадка і намордніка. З такімі, па праўдзе кажучы, страшнавата сустракацца: прыгожы-то ён прыгожы – а раптам укусіць?!

Але ўсё роўна, сабак я люб­лю – нават калі трошкі пабойваюся.  І калі прачытала ў нашай газеце, што некаторыя жыхары горада скардзяцца на сабак і іх уладальнікаў, пакрыўдзілася за братоў нашых меншых: ім жа таксама трэба прагульвацца на свежым паветры – чаму людзі гэтага не разумеюць?

…А потым мяне сяброўка паклікала на вуліцу. Спачатку мы гушкаліся на арэлях – вялікіххлопцаў, якія нас у мінулы раз прагналі, не было. А потым сталі гуляць у хованкі. Спачатку Алеська схавалася ад мяне ў пад’ездзе – але я яе хутка знайшла. А я такую класную хованку прыдумала: пад балконам у самы куточак залезла – нізавошта б мяне Алеська не знайшла! Ды раптам чую: смярдзіць нешта… Прыгле­дзелася – а я, хаваючыся, уся перапэцкалася ў… Ну, самі разумееце, у што – у тое, што пасля сябе сабачкі пакідаюць!

IMG_2398.jpg

Пайшла я, плачучы, дахаты. І з мяне ўсе дзеці смяяліся, казалі, што я смярдзючка сабачая. Дарэмна смяяліся, потым самі ў тое ж самае ўлезлі: Давід у траве стаў качацца, Ксюша ў сваіх модных лакавых туфліках па дарожцы шпацыравала – і ўступіла. І больш не дражніліся, бо самі сталі смярдзючкамі.

Пакуль мяне пераапраналі і адмывалі, успамінаючы нядобрым словам уладальнікаў сабак, якія выводзяць іх выгульваць пад балконы ці на газон, я стала разважаць. Вось чаму бацькі, бабулі і дзядулі, у якіх ёсць дзеці і ўнукі, не любяць сабак – а людзі, якія сабак трымаюць, не любяць дзяцей? Няўжо нельга, як гаварыў кот Леапольд, усім жыць дружна? Каб сабак выгульвалі у спецыяльных месцах, для гэтага адведзеных – а дзеці гулялі на сваіх дзіцячых пляцоўках у чыстым пяску і на прыгожай траўцы?

А яшчэ мама Рыбік расказвала, што за мяжой уладальнікі сабак, калі вядуць іх выгульваць, абавязкова бяруць з сабой спецыяльны пакецік і шуфлік: зрабіла сабачка сваю справу – гаспадар тут жа за ёй прыбраў. І ўсім добра: і жывёлам, і людзям! А калі нехта палянуецца ці пагрэбуе прыбіраць за сваім гадаванцам, то яму такі штраф выпішуць, што дзясятаму закажа горад загаджваць! У нас, мне казалі, таксама ёсць правілы ўтрымання хатніх жывёл – дык чаму іх не прытрымліваюцца гаспадары сабак? Мо, таму, што іх ніхто не штрафуе? А калі паспрабаваць? Калі, скажам, я, маленькая дзяўчынка, нешта захачу зрабіць пад балконам, ці ў пясочніцы, ці на тратуары – мне ж будзе сорамна? І маім бацькам – таксама! Больш таго: маё свавольства могуць палічыць хуліганствам і аштрафаваць маіх бацькоў. А чаму тады сабакам гэта можна рабіць беспакарана?

CRW_0714.jpg

Дарослыя, давайце будзем любіць не толькі сваіх коцікаў, сабачак – але і дзяцей, і родны горад. І клапаціцца, каб быў ён чысты і прыгожы. 
Мы ж усе па тых тратуарах час да часу ходзім…

Ваша АПэшка.


Текст: Главный администратор
Фото: Рыта Дрэма, Вераніка Сулікоўская, Андрэй Памецька