Калядныя ўспаміны. Свята з пахам сена і хвоі
09:08 / 07.01.2018
Ах, якія тады, у 60-я гады мінулага стагоддзя, былі зімы! Снежныя! Ад варотцаў да ганку хадзілі, бы па тунелю, вярхушкі штыкетніку ледзь віднеліся з высачэзных гурбаў. Дзятва выкопвала ў сумётах звілістыя хады і гуляла ў вайну, хованкі…
Праўда, напярэдадні Каляд дзяўчаткі часцей сядзелі па хатах – памагалі рыхтавацца да свята. У гэтым быў асаблівы, сялянскі падтэкст: пад наглядам матуль ды бабуль яны вучыліся быць гаспадынямі…
* * *
Ёлку ў нас дома ставілі перад Ражаством. Напярэдадні тата прыносіў з лесу невялічкую, пушыстую прыгажуню. Яна абсыхала ў сенцах, потым яе замацоўвалі ў спецыяльнай крыжавінцы на табурэтцы перад акном. І па хаце разносіўся церпкі пах хваіны. У суседзяў, настаўніцкай сям’і, ёлка зіхацела бліскучымі цацкамі ўжо перад Новым годам, мне моцна хацелася такую і ў такі ж час – але тата даводзіў, што рана, бо да Ражаства з дрэўца пачне ападаць ігліца, а да старога Новага года асыплецца зусім… Падарунак ад Дзеда Мароза, атрыманы ў школе, дома «рэвізаваўся»: адбіраліся цукеркі ў самых прыгожых, бліскучых абгортках, пячэнінкі, якія потым нанізваліся на ніткі і вешаліся на ёлку. Цацкі ўсе самаробныя – папяровыя ланцужкі, ліхтарыкі, сняжынкі… Яшчэ былі нейкія цікавосткі з саломкі, але назвы іх не памятаю. Калі пачала хадзіць у школу і ў доме з’явіліся сшыткі з жоўтымі, зялёнымі, блакітнымі, ружовымі вокладкамі – цацкі на ёлцы таксама сталі каляровымі. У справу ішлі і квяцістыя ніткі, што заставаліся пасля ткання дываноў.
Ах, як цяжка было выцерпець, не сарваць цішком цукерачку з галінкі… Часам зрывала, канечне, а ў фанцік загортвала складзеную ў некалькі столак паперку. Штукарства не заставалася незаўважаным - і ласай да смакаты дачушцы даводзілася моцна чырванець.
* * *
У Сачэўнік, па-вясковаму – на Куццю, мама з ранку завіхалася на кухні. У печы ўжо булькатала ў чыгунку кіслая капуста з грыбамі, у другім варылася пярловая каша – будучая куцця, яшчэ ў адным – узвар з сушаных яблыкаў або ягадны кісель… А потым печ рыхтавалася прыняць у сваё чэрава патэльню з ламанцамі. Гэта тонка раскатаныя качалкай, як на дамашнія локшыны, тонкія бліны з поснага цеста. Пасля таго, як спякуцца, іх яшчэ падсушвалі на паперы на печы. Перад святочнай вячэрай іх ламалі на кавалачкі і залівалі ў місцы падсалоджаным макавым малаком, як і куццю. Гэта былі дзве асноўныя святочныя стравы. Цяпер мы, гаспадыні, не «замарочваемся» выпечкай, а ламаем купленыя ў магазіне маленькія абараначкі.
Спаконвеку лічылася, што страў на стале ў Сачэўнік павінна быць 12. Абавязкова крышыўся яшчэ вінегрэт, запраўляўся алеем селядзец з цыбуляй, ставіліся салёныя грыбочкі, гурочкі, смажаная рыба…Ой, ды не памятаю, што яшчэ…
Татавым клопатам была покуць: ён адцягваў вялікі драўляны стол, ставіў паміж ім і сцяной лаву, клаў на яе абярэмак духмянага сена. Гэтае сена тата адбіраў яшчэ летам, адклаў на гарышчы у куточак, каб у належную пару пакласці пад абрус на калядны стол і на покуць. Як цудоўна яно пахла ў гэты зімні сцюдзёны – летам, сенажаццю, сонцам! Чыгунок з куццёй, пасля таго, як з яго ўзялі трошкі для запраўкі макавым малачком, ставілі ў сена пад абразы і накрывалі святочным рушніком.
Неяк я спытала: навошта сена на стол кладзецца? Тады ўпершыню мама расказала мне пра Немаўлятка Ісуса Хрыста, які нарадзіўся ў хляве і, спавіты, быў пакладзены ў авечыя яслі-кармушку – ад таго і пайшла традыцыя.
Калядныя вечары мне ўзгадваюцца марозныя, ясныя. Безліч зорак на небе, месяц зіхаціць... А ў хаце ярка гарыць лямпа – шкло выцертае чыста-начыста, запраўлены новы кнот. Светла-светла! Тата чытае ўслых «Ойча наш», мы з мамай прамаўляем малітву аднымі вуснамі.
Сямейка наша невялічкая – тата, мама ды я. Але на куццю заўсёды стараліся запрасіць адзінокую суседку Барысіху – калі хто іншы раней яе не клікаў. Была яна ўдавой, мужа Барыса разам з некалькімі вяскоўцамі расстралялі немцы напрыканцы вайны. Цётка не тутэйшая, не вельмі здольная да сялянскай працы. Затое цудоўна вязала пруткамі і шыдэлкам, вышывала і нават крыху шыла – блюзку якую або спадніцу. Я памятаю толькі яе самую, дарослыя дочкі павыязджалі па вярбоўках. Пазней адна з іх падкінула маці малога сыночка. Так у мяне з’явіўся сябар па гульнях – Толік, на пару гадоў маладзейшы, ціхмяны хлапчук. Зразумела, для сябе адной Барысіха святочнай вячэры не ладзіла, па гасцях хадзіць саромелася. Але ж як можна на Каляду адной заставацца? А ў нас цётцы было прытульна.
Пасля вячэры стол не прыбіраўся – лічылася, што ўначы прыйдуць святкаваць душы памерлых родзічаў… Мы з мамай і госцяй уладкоўваліся ля печкі, прыціскаліся спінамі да цёплага яе боку. Тата ставіў на шырокую, уласнаручна змайстраваную табурэтку торбачку з ляснымі арэхамі, клаў зручны лёгкі малаток. І – хрась ды хрась арэшак, уецца стужкай ланцужок успамінаў…
А назаўтра хата ўжо поўнілася гасцямі – прыязджалі татавы браты з сем’ямі.
* * *
Наша вёска Забагонне ў Зэльвенскім раёне стаяла воддаль ад Божых храмаў. Адна царква, парафіяльная, знаходзілася за 12 кіламетраў – у Ваўкавыскім раёне, другая – за 11, у райцэнтры, ды плюс тры кіламетры да шашы. Калі набіралася багамольцаў, з вечара пасылалі ганца да калгаснага брыгадзіра, каб даў падводу. Выдзяляў пад вялікім сакрэтам: у той час за такія рэчы па галоўцы не пагладзілі б. Ехалі ў парафіяльную царкву. Пакідалі сані на ўездзе – у гаспадароў першай жа хаты, у храм ішлі пешшу. Ведаю гэта больш з аповедаў родных. Мяне, сямігадовую, у Зальвянскі храм завезла мама ўжо перад самай школай – да першай споведзі і прычасця. І строга загадала нікому нічога не расказваць.
Кепска жыць далёка ад храма. Хоць і молішся ў хаце, а не напаўняецца душа, не ўзвышаецца…
Вось і ў згадках маіх пра святкаванне Ражаства Хрыстовага больш народных традыцый, вясковага ўкладу жыцця, чым духоўнасці і веры. На ўсё дзяцінства, юнацтва, маладосць расцягнулася мая адарванасць ад Бога. Прыкра. Паспець бы дайсці да Яго... Прыняўшы ў сэрца Божае Немаўлятка, узрадавацца, Збавіцелю, прайсці з Ім па сцежках Яго ўзрастання, сталення, з горкімі слязьмі праводзіць на Галгофу. А ў кожнага з нас – свая Галгофа, свой цяжкі крыж… Данесці б! І дачакацца найвялікшага Свята – Светлага Хрыстовага Уваскрэсення.
А сёння – Хрыстос Нараджаецца! Славім Яго!