У прыхаджан касцёла Cвятых Космы і Даміяна з’явіўся парафіяльны дом (+відэа)

09:47 / 01.12.2017

У мінулую нядзелю адбылося ўрачыстае адкрыццё парафіяльнага дома касцёла Cвятых Космы і Даміяна.

IMG_6317.jpg

На святой імшы маліліся за тых, хто па меры сваіх сіл і магчымасцей дапамагаў астравецкай супольнасці ў ажыццяўленні задумы па стварэнні парафіяльнага дома, было шматлюдна: людзі старэйшага веку, дзеці, якія наведваюць катэхічныя заняткі і ўжо дайшлі да першай камуніі, сямейныя пары і цэлыя сем’і… У гэты дзень у касцёле панавала невымоўная еднасць, твары людзей асвятляліся радаснымі ўсмешкамі.

Пасля імшы жывым стракатым ланцужком вернікі пацягнуліся да парафіяльнага дома, дзе іх ўжо чакалі гаманлівыя, усмешлівыя дзеці ў касцюмах Божых авечак, якія разам з сёстрамі законнымі падрыхтавалі цэлую праграму.

IMG_6269.jpg

Песні пад гітару, танец-флэшмоб, ажыўшыя літары Д, З, Я, К, У, Е, М,  паветраныя шары і напоўненыя слязамі радасці вочы бацькоў

IMG_6301.jpg

Эпагеем свята стала асвячэнне парафіяльнага дома і пераразанне чырвонай стужкі. Гэту місію выканалі пробашч касцёла Cвятых Космы і Даміяна, ксёндз-канонік Юзаф Багдзевіч і рэктар Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі і па сумяшчальніцтву дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” у Гродзенскай дыяцэзіі, якое дапамагло набыць для астравецкага парафіяльнага дома неабходнае абсталяванне, ксёндз Раман Рачко.

…У светлых прасторных памяшканнях цяпер будуць займацца дзеці, разам з сёстрамі рыхтавацца да першай камуніі, будуць збірацца парафіяне на святы і ўрачыстасці… Верыцца, што ў новым парафіяльным доме, адкрыццё якога стала сапраўдным святам для многіх астаўчан, заўсёды будуць панаваць еднасць, вера і любоў.

 IMG_6320.jpg

З першых вуснаў

Пробашч парафіі Cвятых Космы і Даміяна, ксёндз-канонік Юзаф Багдзевіч вылучыў некалькі хвілін, каб расказаць пра рамонт памяшкання і падрыхтоўку да адкрыцця парафіяльнага дома.

IMG_6315.jpg

–  Тое, што парафіяне нашага касцёла цяпер маюць месца, дзе могуць разам маліцца, збірацца на ўрачыстасці, –  у першую чаргу заслуга іх саміх. Без іх падтрымкі, актыўнага ўдзелу ў рамонце памяшкання, нічога не атрымалася б. Таксама я ўдзячны прадстаўнікам мясцовай улады, у прыватнасці – Астравецкага раённага выканаўчага камітэта, якія дапамаглі ажыццявіцца мары нашых парафіян і маёй асабіста..

Зрабіць наш дом утульным і абставіць яго ўсім неабходным дапамагла дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”. Сёння на імшы мы маліліся за ўсіх ахвярадаўцаў – а такіх людзей шмат. Не буду называць усіх, але яшчэ раз ад шчырага сэрца хачу падзякаваць раённым прадпрыемствам, індывідуальным прадпрымальнікам, парафіянам і ўсім, хто прыдачыніўся да адкрыцця парафіяльнага дома.

Наперадзе яшчэ шмат работы і задум. Спадзяюся, што з Божай і людской дапамогай у нас усё атрымаецца.


Текст:
Фото: Алена Гануліч