Назначен ксендз в Гервятском костеле

09:02 / 05.09.2017
1

Пробашчам парафіі Святой Тройцы ў Гервятах прызначаны ксёндз Эліяс Анатоліюс Маркаўскас.

ksen.jpg

gerv.jpgУ Гервяцкай парафіі з’явіўся новы святар: 13 жніўня ў сценах гэтага храма сваю першую імшу ў якасці пробашча адправіў ксёндз Эліяс Анатоліюс Маркаўскас.

З гэтай нагоды мы сустрэліся са святаром і задалі яму некалькі пытанняў.

– Ксёндз Эліяс, вас нядаўна прызначылі пробашчам Гервяцкай парафіі. Не толькі мясцовым, але і ўсім жыхарам Астравеччыны, ды і не толькі, цікава даведацца пра вас. 

– Нарадзіўся я ў горадзе Шальчынінкай, што на Літве, у веруючай сям’і, якая шмат нацярпелася ў часы станаўлення савецкай улады. Быў апошнім, восьмым дзіцём у бацькоў. З братамі і сястрой жыццё нас раскідала па свеце: Калі­нініградская вобласць, Велі­ка­брытанія, некаторыя з маіх блізкіх – бацькі і тры браты – ужо адыйшлі да Пана Бога… 

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Дзевянішкес па­ступіў у Каўнаскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1992 годзе.

Памятным – напэўна, як і для кожнага святара, – стаў дзень майго пасвячэння: я быў першым ксяндзом, якога рукапалажыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. 

Тры гады служыў людзям і Богу на Беларусі, пасля – на Літве. Падчас перыяду свайго душпастырства скончыў факультэт права Варшаўскага ўніверсітэта імя Вышыньскага.

 Апошнія гады быў пробашчам парафій Калеснікі ў Літве і Пеляса ў Беларусі.

– Вы нарадзіліся ў Літве, там жа выхоўваліся. Адкуль такое бездакорнае валоданне беларускай мовай?

– Ад бацькоў. Мама нарадзіла­ся на Ашмяншчыне. Хоць беларускую мову я яшчэ спазнаю. 

Дома ў нас размаўлялі па-літоўску і па-польску, а школьныя заняткі ўвогуле вяліся на рускай мове. Удзячны лёсу і сваім настаўнікам, што змог у свой час прыдачыніцца і адкрыць для сябе класікаў рускай літаратуры. 

У першым звяр­танні да вернікаў і гасцей гервяцкай парафіі я акцэнтаваў увагу на тым, што прыехаў служыць у Беларусь, і таму абавязаны ведаць мову гэтай цудоўнай краіны, яе традыцыі, асаблівасці Гервяцкага краю і ў цэлым Астравеччыны. 

Паўтаруся: літоўская мова – родная для мяне, але беларуская – гэта мова маёй маці, мова вялікага, душой і сэрцам адкрытага народа, і яна сапраўды вартая, каб яе вучылі, выкарыстоўвалі ў штодзённым жыцці, каб на ёй маліліся ў касцёле. Гэта мова нашай агульнай Бацькаўшчыны – Вялікага княства Літоўскага, і я гэту мову вельмі люблю.

Адметна, што ў Гервяцкай па­рафіі ў першы тыдзень душпас­тырства было пяць шлюбаў – з іх тры пары захацелі каб цэлеб­рацыя сужэнства адбывалася па-беларуску.

– Як вы ўспрынялі сваё прызначэнне пробашчам Гервяцкай парафіі? Гэты велічны і прыгожы касцёл, згадзіцеся, складана ўзначаліць пасля светлай памяці ксяндза Леаніда.

–  З ксяндзом Леанідам мы былі блізкімі сябрамі і я да апошняга верыў, што ён будзе разам з намі… 

Скажу шчыра: рашэнне ўзначаліць Гервяцкую парафію далося мне не прос­та. Прычын шмат. За гады душпастырства ў Калесніках і Пелясе я ведаў, што любяць і чым жывуць мае парафіяне, якія ў іх радасці і турботы, яны сталі часцінкай мяне – мы былі адной вялікай сям’ёй.

Калі арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас аб’явіў дэкрэт аб маім прызначэнні ў Гервяты, мне ўспомніўся дзень майго пасвячэння ў святары. Калісьці дэвізам свайго душпастырства я выбраў словы  «Semper Tuus!» – «Заўсёды твой». На працягу жыцця ён пастаянна спраўджваецца і дапамагае мне. Так было заўгодна Богу – таму я тут.

– Чаму менавіта на 13 жніўня была прызначана ваша першая імша ў якасці пробашча парафіі Святой Тройцы ў Гервятах?

– На працягу некалькіх месяцаў я адкладаў свой прыезд у Гервяты, хоць падсвядома разумеў, што бясконца працягвацца гэта не можа. Чаму менавіта 13-га? Менавіта ў гэты дзень дзецям у Фаціме аб’явілася Маці Божая. Таму ў такую дату я вырашыў распачаць сваю кананічную дзейнасць у Гервяцкай парафіі.

– З якімі думкамі, задумамі і планамі вы распачынаеце служэнне ў Гервятах?

– Я вельмі ўсцешаны, што мясцовыя людзі настолькі шануюць і памятаюць спачылага ксян­дза Леаніда – гэта яскравы прыклад таго, што беларускі народ і парафіяне Гервят – шчырыя ў каталіцкай веры і адданыя Богу. 

Я актыўны карыстальнік інтэр­­нэту і сацыяльных сетак. У бліжэйшых планах стварыць сайт Гервяцкай парафіі і нашага касцёла. На прасто­рах інтэрнэту можна адшукаць столькі інфармацыі, фотаздымкаў, сведчанняў пра гісторыю і станаўленне касцёла Святой Тройцы ў Гервятах, яго пробашчаў і вернікаў, што не трэба выдумваць і ствараць нешта новае, галоўнае – сабраць і сістэматызаваць на адным партале ўсю назапашаную інфармацыю. 

Касцёл – гэта не толькі рэлігійны інстытут ці структура, гэта найперш людзі. Будынак касцёла – гэта не Дом культуры, таму мне хочацца ўсёй душой, каб Гервяцкі касцёл быў не толькі архітэктурным цэнтрам прыцягальнасці для турыстаў Беларусі і бліжэйшага замежжа, але найперш духоўным. Хочацца, каб людзі не толькі любаваліся яго веліччу і прыгажосцю, але і маліліся. 

Звычайна, калі я прыязджаў у новую парафію, перш-наперш трэба было аднаўляць касцёл. Ксёндз Леанід, вечны адпачынак яго душы, зрабіў усю чарнавую работу: давёў да ідэалу касцёл, стварыў ля яго сцен варты батанічных запаведнікаў дэндрапарк, пра­водзіў вечары арганнай музыкі. Я буду імкнуцца працягваць гэтыя справы, але галоўнае, каб у касцёле абвяшчалі Слова Божае, суцяшалі людзей Божым дабром і ласкай. Я хачу памнажаць духоўнасць. Спадзяюся, што з Божай дапамогай у мяне гэта атрымаецца.

– А які вы святар?

– Я ліберальны тэолаг. Людзей не трэба маралізаваць, а праз Слова Божае, малітву і ўласны прыклад набліжаць да веры і Бога. 

Мне здаецца, што цяпер больш увагі надаецца негатыўным на­вінам, чым пазітыву. Гэта не абмінула і Касцёл. Як казаў святы Філіп Нэры: «Чым чалавек багаты, тым і дзеліцца з іншымі». А дзяліцца трэба радасцю і дабром! 

– Ці хапае вам часу на за­хапленні?

– Акрамя душпастырства ў Гервятах, з’яўляюся рэзідэнтам вільнюскага касцёла Святой Міласэрнасці Божай. 

Кожную вольную хвіліну трачу на чытанне: паглыбляюся ў Святое Пісанне. 

На літоўскім радыё «З-над Ві­ліі» разам з рэдактарам вяду рубрыку «Зерне веры», з’яўляюся старшынёй праўлення асацыя­цыі «Краю Версакі» ў Літве.

– З якімі словамі ці пажа­даннямі вы хацелі б звярнуцца да астраўчан і вернікаў вашай новай парафіі?

– Святы Ян Павел ІІ казаў: той, хто памятае сваё мінулае, варты добрай будучыні. За кароткі тэрмін душпастырства ў Гервятах я ўжо паспеў упэўніцца, што парафіяне шануюць памяць сваіх бацькоў, памяць загінуўшых на войнах, памяць ксяндза Леаніда і ўсіх памерлых – значыць, у нас усіх добрая будучыня! Хай Бог беражэ ўсіх нас, каб гэта будучыня была праслаўлена шчасцем.

– Дзякуй вялікі, ксёндз Эліяс, за гутарку – і няхай усё задуманае вамі абавязкова здзейсніцца!

Гутарыла Алена ГАНУЛІЧ.




Текст: