О себе и своей семье рассказала многодетная мама Анна Лаврецкая

08:17 / 14.10.2018
Сёлета ў Дзень Незалежнасці шматдзетная маці з Гудагая Ганна Лаўрэцкая была ўзнагароджана ордэнам Маці. Гэта нагода і стала падставай бліжэй пазнаёміцца з жанчынай і яе сям’ёй.

На парозе звычайнага вясковага дома мяне сустракаюць гаспадары Ганна і Аляксандр і іх дачушкі Алеся і Маша. Яшчэ трое  Мікіта, Саша і Арына – студэнты. Гродна, Смаргонь, Мінск – гэтыя гарады цяпер звязаны з будучыняй іх старэйшых дзяцей. Гэтая будучыня бачыцца маці і бацьку светлай, радаснай і перспектыўнай. Інакш, на думку Ганны Лаўрэцкай, і быць не можа: дзеці заўсёды павінны быць лепшымі, разумнейшымі і шчаслівейшымі, чым іх бацькі.

IMG_1499.jpg

Што такое жыць у шматдзетнай сям’і, Аня ведала з дзяцінства. Бацька памёр, калі дзяўчынка пайшла ў першы клас. На руках у яе маці, Алены Іосіфаўны Саладухі, засталіся дачушкі Марына і Аня і сынок Сашка.

– Маме было складана адной падымаць траіх дзяцей, але яна справілася, – узгадвае Ганна Лаўрэцкая. – Яна шмат працавала, а большасць хатніх клопатаў ляжала на нас. Марына глядзела за домам, я адказвала за гаспадарку – каровы, свінні, авечкі, куры, качкі. Мы нават умудраліся малодшаму Сашку знайсці занятак – ён адказваў за агарод. Што з гэтага атрымлівалася, кожны з нас помніць і сёння: часта на градцы замест морквы заставалася толькі пустазелле.

Вучоба Ані давалася, толькі вучыцца дзяўчынцы не хацелася. А вось фізкультура падабалася – не раз яна ўцякала з урокаў і праводзіла час у спартыўнай зале. Аня была частай удзельніцай спаборніцтваў – раённых і абласных, атрымлівала ўзнагароды.

IMG-00b444fde77a92a11351ede13619b005-V.jpg

– Пасля школы трэба было некуды паступаць. З вучобай я не вельмі “сябравала”, таму падала дакументы ў Камарова, – усміхаецца жанчына. – Толькі на першым курсе мая вучоба закончылася. Аднойчы, вяртаючыся з вучылішча дамоў, пазнаёмілася з Сашам – ён падвёз мяне да Гудагая.

Якім жа было здзіўленне дзяўчыны, калі праз некалькі дзён яна ўбачыла ўжо знаёмую машыну і таго самага хлопца-вадзіцеля каля вучылішча.

– Стала не да вучобы... Гэта было каханне з першага погляду, прычым узаемнае, – узгадвае шматдзетная маці.

IMG-dddab4033280cea1289126a8337f784f-V.jpg

Праз год у іх нарадзіўся Мікіта. Затым – Арына, Аляксандра, Алеся.

– Я не знайшла сябе ў прафесіі, але я стала мамай. І аб гэтым не пашкадавала. Нашы дзеці – наша багацце, – упэўнена гераіня.

Калі Мікіту было 17, а малодшай Алесі – 13 гадоў, жанчына зразумела, што зноў зацяжарыла. Пытанне “што рабіць?” не стаяла – турбавала, як маміна “цікавае становішча” ўспрымуць старэйшыя дзеці.

IMG_3321.jpg

– А яны ўзрадаваліся. Нованароджаная Маша стала ўсеагульнай любіміцай. Цяпер ніхто не ўяўляе, як можна было жыць без яе, – са слязамі шчасця на вачах гаворыць шматдзетная мама.

Трое старэйшых дзяцей ужо скончылі школу, дома засталіся толькі Алеся і Маша.

IMG-fe0186ec10ae4d64a2e831d13dc9dfd2-V.jpg

– Год назад Мікіта паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на настаўніка фізічнага выхавання. У той жа год пасля 9 класа вучыцца пайшла і Саша – яна вырашыла стаць цырульнікам. Ніколі не думала, што мне будзе так складана адпусціць дзяцей – праплакала некалькі дзён. А сёлета і Арына паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Максіма Танка на настаўніка беларускай і англійскай мовы, – з гонарам расказвае пра сваіх дзяцей маці. – Алеся вучыцца ў дзявятым класе – і пра выбар будучай прафесіі пакуль не задумваецца. А Маша цяпер забаўляе нас доўгімі сумнымі вечарамі.

IMG-6d1eb3de7e30d09fcf5e6de8b3df9c19-V.jpg

Голас маці па-здрадніцку дрыжыць, слязінкі блішчаць у вачах, калі яна дэманструе ўзнагароды дзяцей:

– Гэта Мікіта атрымаў за спартыўныя дасягненні і ўдзел у культурным жыцці школы. А гэта Арыны – яна ў нас актывістка. Гэта Сашы – было прыемна, калі ёй адной з усяго курса ўручылі грамату за добрую вучобу. А гэта ўзнагароды Алесі. Маша пакуль маленькая, але і ў яе ўжо ёсць дасягненні – да двух гадоў яна ведала ўсе колеры і геаметрычныя фігуры, лічыла да дзесяці, цяпер спрабуе спяваць – у тым ліку і на англійскай мове, і любіць расказваць казкі.

Яе жыццё не назавеш спакойным – з ранку да вечара яна гатуе, мые, прыбірае… Але яна ніколі не пашкадавала, што ў маладосці зрабіла выбар – быць маці.

– Я ніколі не задумвалася, што мяне могуць узнагародзіць ордэнам Маці, – гаворыць Ганна Лаўрэцкая. – Было прыемна і крыху боязна атрымаць гэтую ўзнагароду перад усімі ўдзельнікамі мітынгу. Я – самая звычайная жанчына, маці, для якой шчасце дзяцей стаіць на першым месцы. Канешне, калі дзеці былі меншымі, было прасцей. Цяпер, калі яны падраслі, паступілі, сталі вучыцца ў іншых гарадах, жыць складаней. І пражыць на адну зарплату, хоць муж і працуе дальнабойшчыкам, – цяжка. Але мы не баімся работы. А шчаслівыя, напэўна, таму, што любім адзін аднага і не ўяўляем свайго жыцця паасобку.

IMG_1468.jpg


Выказванні:

* Дзяцей трэба песціць;

* Я магу зрабіць сабе выхадны сярод тыдня. Праўда, ведаю, што назаўтра давядзецца папрацаваць удвая больш;

* Я не саромеюся ніякай работы. Трэба – іду і працую, затое ведаю, што змагу забяспечыць дзяцей.


Текст:
Фото: з сямейнага архіва сям’і Лаўрэцкіх