Светлана Кутько: «Люблю засыпать под мерцающие огоньки гирлянды»

14:45 / 03.01.2019
Святлана Куцько, дырэктар Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі:

– Ёлку ў хаце бацькі заўсёды ставілі перад Калядамі. Вялікая, да столі, і абавязкова жывая – іншых у той час не было, – яна займала пачэснае месца ў зале. Упрыгожвалі ёлку ўсе ра­зам. Я любіла спаць з уключанымі агеньчыкамі гірлянды – і дагэтуль гэта звычка дзяцінства засталася. 

Да нас з братамі Дзед Мароз прыходзіў на Новы год. Пад ёлку ён клаў кулёк з цукеркамі, двума-трыма мандарынамі і  жменькай грэцкіх арэхаў. Праўда, пакуль стары чараўнік здалёк нёс мандарыны, яны  паспявалі крыху сапсавацца – але ад гэта былі не менш смачнымі. Прысмакі, якія мы знаходзілі пад ёлкай, з’яўляліся ў хаце толькі на Новы год, таму мы з братамі заўсёды вельмі чакалі гэтага свята. А вось цацак ці чаго-небудзь яшчэ Дзед Мароз нам пад ёлку не клаў – ды мы  іх і не чакалі, бо не ведалі, што так можа быць.

113.jpg

Першая злева Святлана Куцько

На навагодніх ранішніках усе хлопчыкі былі зайчыкамі, а дзяўчынкі – сняжынкамі.   Вельмі хацелася, каб мая сукенка была самай прыгожай! Сукенкі абшывалі дожджыкам, а карону рабілі з кардону і ўпрыгожвалі ватай і шклом  ад патрушчаных ёлачных цацак. Калі здаралася, нейкая цацка паб’ецца, яе не выкідвалі – захоўвалі для навагодняга касцюма. Шкло расціралі на паперы, потым на выразанай кароне «малявалі» клеем узоры і зверху пасыпалі нацёртым шклом.  Памятаю, як аднойчы я  знарок пабіла самую, як мне здавалася, прыгожую цацку: вельмі хацела, каб яна трапіла на маю карону. 

На ранішніках у дзіцячым садку Снягурачкай у нас была мая выхавацельніца – і я лічыла, што па-іншаму быць не можа, а Дзедам Марозам чамусьці была заўсёды нейкая цётка.

А вось на навагоднім ранішніку ў аўтапарку №4, дзе пра­цавалі мае бацькі, былі сапраўдныя Дзед Мароз са Снягуркай,  Леса­вік, Баба Яга… Мы вельмі баяліся Бабы Ягі: калі яна выходзіла, аж дух займала! Было адчуванне, што трапіў у сапраўдную казку. Каб расказаць верш ці праспяваць песню Дзеду Марозу, трэба было выстаяць доўгую чаргу, але, акрамя «хвіліны славы», «герой» атрымліваў у падарунак не­калькі цукерак і цацку! 

Нейкі час я нават «пад­пра­цоўвала» памоч­нікам Дзеда Мароза: фасавала разам з маці ў яе на рабоце салодкія падарункі. Ведала, канешне, што тыя цукеркі, мандарыны і арэхі даставіў Дзед Мароз – але спакаваць іх трэба было дапамагчы, бо ён сам не паспяваў, а падарункаў чакалі ўсе дзеці. 


Текст: