Родом из СССР: Каникулы начинаются с похода

12:32 / 14.06.2018

Пачатак летнім канікулам у наш час даваў не апошні званок, а паход.

Больш за ўсё мы любілі паходы з начлегам – гаварылі “пойдзем з начоўкай”. Гэта была рамантыка – сядзець ноччу ля вогнішча, расказваць розныя гісторыі, абавязкова перад сном пачуць пра “чорную руку”, спаць у палатцы, няхай нават у самых нязручных умовах.

4.jpg

3.jpgСамым запамінальным для мяне стаў паход пасля заканчэння 9 класа – гэта было ў 1981 годзе. Мы з класным кіраўніком Ганнай Кліменцьеўнай Малуха вырашылі ісці ў Карэліцкі раён (я вучылася на Навагрудчыне), галоўным аб’ектам “знаёмства” для нас быў Мірскі палац. Праўда, у той час ён быў не такім прыгожым, як цяпер, ды і не ведалі мы пра яго амаль нічога. Палац стаяў закінутым і недагледжаным. Але ж дзецям гэта не перашкаджала: мы з задавальненнем лазілі па мураваных вежах, шырокіх сценах, падымаліся па вінтавой лесвіцы, высоўваліся ў байніцы…

На начлег мы размясціліся ў спартыўнай зале школы – непадалёк ад палаца. Вечарам да нас прыйшла мясцовая моладзь і да раніцы мы размаўлялі, смяяліся, спявалі. Яны “правялі” для нас сапраўдную экскурсію па Міры:  расказалі пра возера, што знаходзіцца ля палаца, высечаны сад, пракляцці мясцовай вядзьмаркі і падземныя хады, што вядуць да  Навагрудскага і Нясвіжскага палацаў. Уражанні былі неперадавальныя!


1.jpg

Пакуль мы слухалі мірскія легенды, наш аднакласнік Ігар пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай, і калі прыйшоў час ісці спаць – яго недалічыліся. Класны кіраўнік забіла трывогу, падняўшы ўсіх “у ружжо”. Хлопцы ж ведалі, што рамэа і джульета сядзяць на лавачцы непадалёк, таму “прапажу” адшукалі хутка. Ну і атрымаў жа ён наганяю ад Ганны Кліменцьеўны!

2.jpg

І, відаць, запомніў гэты “рамантычны” наганяй надоўга і нам не даваў забыць: пасля заканчэння школы на кожным вечары сустрэчы выпускнікоў Ігар у прысутнасці ўсяго зала прасіў прабачэння ў былога класнага кіраўніка і дарыў ёй вялікі букет кветак.

Алена КАСЦЮК, аг.Малі.

Текст: Главный администратор