Родам з СССР: пра юнацкія мары расказала Рэгіна Дрэма з Ліпак
10:07 / 08.12.2017
1
З дзяцінства я марыла пра сапраўдную мужчынскую справу: хацела вывучыцца на шафёра ці на камбайнера. Мне і на ўроках працы больш падабалася з хлопчыкамi габляваць, майстраваць нешта з дошак, чым займацца шыццём-печывам з дзяўчынкамі.
Пасля заканчэння школы я адразу пайшла працаваць – грошы трэба было зарабляць – на чыгуначную станцыю ў Вiльнюсе (тады шмат хто туды выязджаў). Там займалася афармленнем дакументаў на грузавыя вагоны, якія потым збiраў паравоз i рыхтаваў іх да адпраўкi. Яго прыбыцця я чакала з нецярпеннем: вельмі падабалася падымацца па высокай лесвiцы ў кабiну машынiста, а яшчэ больш – калі давалі пакіраваць! Колькi радасцi мне, маладой дзяўчыне, было пацягнуць за рычажок над галавой i слухаць аглушальны гудок ці падкідваць шуфлем вугаль у топку! Я была шчаслiвая, што такая махiна слухаецца мяне, паддаецца – і марыла пайсцi вучыцца на машынiста паравоза.
Але мары засталіся марамі: замужжа «перапісала» ўсе планы...
Рэгіна ДРЭМА, в. Ліпкі.