Малая радзіма Віктара Брыча
09:33 / 04.01.2019
Віктар Брыч, намеснік дырэктара па агульных пытаннях прадстаўніцтва АТ ІК «Атамбудэкспарт» у Рэспубліцы Беларусь:
Раскажыце пра сваю малую радзіму.
Для мяне, як, напэўна, і для большасці людзей, малая радзіма – гэта месца, дзе я нарадзіўся. Гэта мая родная вёсачка Заплессе ў прыватнасці, і ўвесь Драгічынскі раён, дзе адбывалася маё станаўленне, – у цэлым.
Менавіта тут я пайшоў у першы клас – дарэчы, раней часу. Магчыма, па гэтай прычыне вучыцца мне не хацелася. Пакуль аднойчы да бацькоў не завітала мая першая настаўніца і не пачала скардзіцца маці, што я нічога не ведаю і ведаць не хачу. Я ў той час сядзеў на печы і чуў гэтую размову. З таго часу мяне матываваць ніколі ў жыцці не трэба было.
Я выхоўваўся ў звычайнай вясковай сям’і: матуля працавала ў калгасе, тата быў будаўніком. З дзяцінства мы з братамі аралі і садзілі агароды, касілі і нарыхтоўвалі сена – гаспадарка была вялікая. Нас выхоўвалі не толькі бацькі, але і праца.
Затым была васьмігодка ў суседняй вёсцы. У гэты час я стаў удзельнічаць у алімпіядах – і зарабіў свой першы рубель.
У сярэдняй школе №1 г. Драгічына я закончыў 10 класаў. У нас былі цудоўныя настаўнікі, кожны з іх – асоба, якая давала веды і выхоўвала.
Пасля заканчэння педінстытута я вярнуўся ў родны раён – працаваў настаўнікам, потым – намеснікам дырэктара школы, затым – дырэктарам. За ўсе гэтыя і наступныя моманты, за выхаванне і ўрокі жыцця я ўдзячны маёй малой радзіме.
Ці часта там бываеце?
Сваю радзіму я пакінуў, калі мне было амаль 25 гадоў. З таго часу тут многае змянілася: адны мае аднавяскоўцы, як і я, выехалі, іншых ужо няма на гэтым свеце – але маё Заплессе засталося для мяне такім жа родным і любімым. І я не скажу, што там стала горш. Наадварот, цяпер у нашай вёсцы ляжыць асфальт – у маім дзяцінстве яго не было. А людзі засталіся тымі ж: мне прыемна з імі сустракацца, размаўляць пра жыццё-быццё, успамінаць і марыць.
Вуліца, на якой жыла наша сям’я, называлася Вясёлая. Мы лічылі, што такую назву яна атрымала з-за таго, што тут жыло шмат дзяцей і ўсё яны былі вясёлымі!
Я сумую па радзіме і стараюся бываць у Заплессі хаця б раз у месяц – тут пахаваны бацька, тут жыве маці. Я стараюся аблегчыць яе жыццё: правёў ваду ў дом, праклаў каналізацыю, зрабіў электрычнае ацяпленне.
Думаю і пра тое, як змяніць маю родную вёску, даць ёй другое жыццё. Хочацца, каб людзі сюды вярталіся і ганарыліся сваёй малой радзімай.
Ці бывае ў чалавека другая радзіма?
Мне здаецца, што Радзіма ў чалавека можа быць толькі адна. Часам чалавеку даводзіцца не раз змяняць месца жыхарства, ён прывыкае да новага месца і ўсё ж рана ці позна прыходзіць разуменне, дзе яго радзіма. Мая там, дзе жыве мая маці і пахаваны мой бацька.
Што датычыцца Астраўца, у якім я жыву апошнія гады, гэта часцінка маёй роднай Беларусі, якую я люблю і якой ганаруся.