Деревня Пронюны: исчезнувшая, но не забытая
07:00 / 30.12.2018
Кніга «Памяць. Астравецкі раён»:
«Пранюны – да 21.02.1994 г. хутар у Гудагайскім сельсавеце. У 1596 г. Пранюны – паселішча, якое згадваецца ў дакументах пры падзеле зямель паміж Пржэславоўскім і Бабровічамі».
Узгадвае гэту вёску і вядомы культурны дзеяч, пісьменнік 19 стагоддзя Ігнацы Ходзька ў сваёй аповесці «Пустэльнік у Пранюнах», выдадзенай у 1858 годзе ў Вільні: «Такая ёсць ваколіца Пранюны; пралягае яна ля гасцінца, так званым чорным, што да Вільна вядзе. <…> Лес тут некалі быў, але з часам, высечаны, ён не вырас на пясчанай і неўрадлівай зямлі.» – пераклад з польскага.
Вёска Пранюны 60-я гады 20 стагоддзя
У адзін з такіх прыездаў Ніна патрапіла на пранюнскія могілкі.
«Недавно хоронили <…> друга на Дегеневском кладбище. Расположено оно глубоко в лесу, довольно далеко за деревней. <…> Кладбище представляет собой подобие огромного кургана с остатками фундаментов древних построек. Может быть, кто-то знает историю этого места?» – пісала Ніна Карпіцкая.
Тэма гэтая зацікавіла і нас – і паклікала ў дарогу…
Пранюнскія могілкі
З успамінаў сведкаўНа гэтым месцы захаваліся муры былых дамоў і здзічэлы сад; могільнік не занядбаны, дагледжаны – значыць, павінны быць людзі, якія ведаюць пра вёску і яе жыхароў.
Пошукі далі вынік: мне пашчасціла пазнаёміцца з колішнімі жыхарамі Пранюн – Генрыхам Міхайлавічам Врублеўскім, Браніславай Ксавер’еўнай Васілеўскай і Рэгінай Ваўжэнцаўнай Чарнушэвіч.
За панскім часам
– Я нарадзілася ў Пранюнах, пражыла там 20 гадоў – з 1935-га па 1956-ы, – расказвае жыхарка вёскі Клеі Ашмянскага раёна Рэгіна Чарнушэвіч. – Ведаю, што ў паноў была служанка, некалькі сямей даглядалі іх гаспадарку: Нэі, Васілеўскія і Ярашэвічы – хаты былі пры маёнтку для іх пабудаваны. Панскі маёнтак стаяў на гары. Ля яго сад вялікі быў разбіты, склеп выкапаны.
У вёсцы было 15 двароў і два калодзежы – вясковы і ў панскім маёнтку.
Рэгіна Чарнушэвіч
Пранюнскімі панамі былі два браты Гружэўскія.
– Яны жылі ў Польшчы, а ў вёску прыязджалі летам і на выхадныя, – узгадвае расповеды мужавай бабулі Гэлі Васілеўскай Браніслава Ксавер’еўна. – Да іх у маёнтак часта прыязджалі госці. Паненкі на дзіва вяскоўцам з сабой катоў прывозілі, на вяроўках іх на вуліцу выводзілі. (Смяецца) Бабуня мужава ўзгадвала, што дзве алеі ліпавыя там былі і туі раслі – тады такіх раслін ніхто не ведаў! Дарожкі былі паробленыя, кветак усялякіх насаджана. Калі прыйшлі рускія, то ў Гружэўскіх маёнтак забралі.
У панскай хаце быў асобны пакой з паглыбленнем у зямлю і шкляной сцяной. У гэтым пакоі было шмат кніг, і ў ім часта бачылі аднаго з панічоў. Чым ён там займаўся, вяскоўцы, для якіх галоўнай каштоўнасцю была цяжкая фізічная праца, не разумелі, і таму яго лічылі чарнакніжнікам.
Капліца
За вёскай былі могілкі.
– Мужава бабуня расказвала, што на могілках, дзе фундамент захаваўся, стаяла капліца, – расказвае Браніслава Васілеўская. – Яна двойчы гарэла. Людзі казалі, што абодва разы ў гэтым быў вінаваты яўрэй.
Браніслава Васілеўская
Святыня згарэла, а вежа, калі валілася, «стала» на зямлю роўна і крыж, што быў на яе даху, нават не пахіліўся. Людзі ўспрынялі гэта як добры знак. І пан аднавіў святыню. Але неўзабаве яе зноў падпалілі, на гэты раз крыж з вежы ўпаў – і больш капліцу не аднаўлялі. На месцы колішняга алтара паставілі крыж.
– Весці імшу прыязджаў ксёндз з Солаў. Бабуня Гэля ўспамінала: жнём жыта, потым хуценька бяжым на рэчку памыцца, пераапранаемся – і на імшу, – расказвае Браніслава Ксавер’еўна. – А які фэст тут ладзілі пасля Зялёных свёнтак – на дзесёнты пёнтэк! З’язджаліся людзі з навакольных вёсак, уся даліна была коньмі з падводамі застаўлена.
Цяперашняя капліца
Пра набажэнствы пісаў і Ігнацы Ходзька ў сваёй аповесці пра пустэльніка з Пранюн, узгадваючы вялікую колькасць народу: месца не хапала ў капліцы, і людзі стаялі вакол яе. Пісьменнік апісваў, як вялася імша і як пасля яе раздавалі хлеб жабракам.Цяпер на месцы былога алтара капліцы намаганнямі людзей абсталявана месца для правядзення набажэнстваў. Святар з мястэчка Гудагай прыязджае сюды адпраўляць імшу на Усе Святыя, спавядае вернікаў.
– Могілкі былі абнесеныя мурам і ровам выбрукаваным, – расказвае Браніслава Васілеўская. – Там стаіць вельмі шыкоўны па тых часах помнік – можа, гадоў дзвесце яму.
Юзаф Стралкоўскі, які жыў у Пранюнах, расказваў, што гэты помнік з Вільні везлі ажно на шасці конях. На могілках хавалі не толькі мясцовых, але і нябожчыкаў з Талоцішак, Міжан, Скірсцін, Мілайшун, Дзягенева. Цяпер толькі дзягенеўскіх там хаваюць.
– Старэйшыя людзі расказвалі, што пад капліцай быў склеп, з якога праз могілкі вёў тунэль, – узгадвае Генрых Врублеўскі. – У вайну там хавалася яўрэйка з Вільні з хлопчыкам, а мясцовы мужык ежу ім насіў, перахоўваў з месца ў месца. Я малы лазіў туды – паглядзець.
Мур, які застаўся ад хаты Врублеўскіх
Вайна– Беражком, можна сказаць, міма нас вайна прайшла, – расказвае Рэгіна Чарнушэвіч. – Помню, як немцы на матацыклах лёталі. Адзін час асаднікі жылі ў Пранюнах – ім тут зямлю раздавалі.
Бацьку Рэгіны Ваўжэнцаўны немцы забілі: прывезлі ў Астравец і на месцы, дзе цяпер помнік Леніну стаіць, расстралялі. Мужчыне было загадана коней прывесці, а ён замест добрых горшых у аднавяскоўцаў папрасіў. Толькі для арміі яны непрыдатныя былі. Нехта з мясцовых расказаў немцам пра гэту падмену.
Мама ў немцаў у нагах поўзала, маліла не забіваць бацю! Нас жа чацвёра ў бацькоў было, – вяртаецца згадкамі ў дзяцінства Рэгіна Чарнушэвіч. – Маме загадалі адысціся, а яна не паслухалася, сказала: раз так, то забівайце і мяне!
І ёй выстралілі ў галаву – куля прайшла навылет. Слабодкаўскія людзі падхапілі жанчыну і аднеслі за касцёл.
– Немцы шукалі маму, каб дабіць, але не знайшлі, – працягвае жанчына. – Калі ўсё сцішылася, яе на кані павезлі ў Слабодку да доктара. Мама цэлы год потым праляжала. Але і як паправілася, работніцы з яе ўжо не было...
– Помню, як нашы салдацікі ехалі, калі немцаў прагналі, – гаворыць Рэгіна Ваўжэнцаўна. – Страшныя, пакалечаныя, прасілі есці ім зварыць, папіць даць.
– Пасля вайны ў Пранюны шмат людзей панаехала з Віцебшчыны, з Расіі, – узгадвае Браніслава Васілеўская. – У панскай хаце ажно некалькі сем’яў пасялілася.
Муж і жонка Казімір і Браніслава Васілеўскія. Пранюны
– Пранюны былі не вёскай у літаральным сэнсе слова – больш падобныя на хутары, якія стаялі побач: хата ад хаты – метраў за 200, – успамінае Генрых Врублеўскі, які жыў у Пранюнах у 60-я гады. – Мясцовасць там гарыстая – любілі зімой з узгоркаў на лыжах катацца. Не адну пару зламаеш за сезон! (Смяецца) Лыжы самі рабілі!
– Танцы ладзілі ў хатах, музыкант іграў. Калі ў Дзягенева хадзілі танцаваць, а калі і ў школу – прасілі ў настаўніцы дазволу, – расказвае Рэгіна Чарнушэвіч. – У кіно ў Каменку хадзілі. Моладзь у нас дружная была.
…А панскі дом пасля вайны перавезлі ў Астравец і зрабілі ў ім ветлячэбніцу.
Калектывізацыя
– Ад панскага маёнтка застаўся толькі фундамент, сад ды лістоўніца. Сад надта добры быў – яго калгас забраў. Мой дзед там старажаваў, – гаворыць Генрых Міхайлавіч. – У ім шалаш быў зроблены, замест старажоўкі, – я часцяком з дзедам там начаваў.
Врублеўскі Міхаіл з бацькамі Юльянам і Юліяй
Рэгіне было 15 гадоў, як яна вырашыла запісацца ў калгас – не магла сям’я выцягнуць непамерныя падаткі.
– Пасля таго нашмат лягчэй жыцца стала, – прызнаецца Рэгіна Ваўжэнцаўна. – Мяне ў калгасе шкадавалі, дапамагалі.
– У Пранюнах была асобная брыгада калгаса імя Чарняхоўскага, – дадае Браніслава Васілеўская.
Казімір Васілеўскі з бацькам. Пранюны
Школа
– Казалі, што да вайны школа ў Пранюнах была ў нечыей хаце, – гаворыць Браніслава Ксавер’еўна Васілеўская. – Сюды вучыцца хадзілі з Міжан, Мілайшун і пранюнскія дзеці. Настаўніца трымала коз – чамусьці гэта найбольш запомнілася, бо ў вёсцы трымалі кароў, коней, а тут – козы! Яе так і празывалі: баба з казой.
Рэгіна Чарнушэвіч расказала, што пасля вайны хадзіла ў школу пад Мілайшуны. Чатыры зімы адхадзіла: восенню і вясной не вучылася, бо працы было шмат па гаспадарцы і ў полі.
– На экзамены мама мяне не пусціла, бо сеяць не было каму: баці няма, маці не можа, – узгадвае Рэгіна Ваўжэнцаўна. – Як я плакала тады: дзеці ідуць, убраўшыся, – а я не магу!
– Я вучыўся ўжо ў Дзягеневе – гэта ў 60-х было, – расказвае Генрых Врублеўскі. – У хаце мы па-польску размаўлялі, а ў школе вучыліся на беларускай мове.
Гэля (маці) і Франц (сын) Васілеўскія. Ля сваёй хаты пры панскім маёнтку. Пранюны
Час цяперашні
– Павыязджалі людзі: хто сваю хату перавёз у якое байчэйшае месца, хто прадаў пад перавоз, – пералічвае Браніслава Васілеўская. – Наша сям’я выехала з Пранюн у Дзягенева ў 1971 годзе. Помню, як на санях калгасных мэблю цягнулі.
– У 1974-м дзве жылыя хаты яшчэ былі тут, – успамінае Генрых Врублеўскі. – Андрыеўскія і Чурлоўскія з Пранюн выехалі апошнімі.
Генрых Врублеўскі
Геня Буцвіла з мужам. Пранюны
Пранюны (х.Дзягенева). Валянціна Галко (справа) ля бацькоўскай хаты
Пранюн ужо няма – і наўрад ці калі вёска адродзіцца. Але ж памяць пра яе жыве ва ўспамінах яе жыхароў, у старой лістоўніцы, у замшэлых магільных помніках. А галоўнае – у цікаўнасці нашчадкаў: гэта дае надзею, што і надалей памяць пра гісторыю гэтага месца будзе жыць.