Рэдакцыя “АП” распачынае праект “РАДЗІМКА МАЯ”, прысвечаны Году малой радзімы
Указам Прэзідэнта 2018 год аб’яўлены Годам малой радзімы.
Малая радзіма. Радзімка… Кропка на карце, як адмецінка на целе, якая заўсёды з табой. Якую не выбіраюць і якую, як і бацькоў, любяць усялякую – бедную ці багатую, праслаўленую ці забытую, перспектыўную ці памёршую… І яна, родная, любіць і прымае нас усялякіх: пагушкае ў калысцы някошаных траў, пачастуе амаль здзічэлымі яблычкамі з бацькоўскага збуцвелага саду, напоіць сцюдзёнай вадой са студні. І толькі самыя ўважлівы прыкмецяць у ясным блакіце высокага неба хмурынку-папрок, што пакінулі дзеці, што праведваюць рэдка, што не зважаюць, як зараслі родныя сцежкі-дарожкі.
Яна, гэтая радзімка, з намі ад нараджэння да скону. І ў кожнага яна – свая.
Якая яна, ваша малая радзіма, ваша радзімка? Каб даведацца гэта і скласці з маленькіх кропачак на карце, гэтых маленькіх дарагіх радзімак партрэт нашай агульнай вялікай Радзімы, мы распачынаем на старонках газеты новы праект – “Радзімка мая”.
Калі вам ёсць што расказаць пра сваю малую радзіму, узгадаць яе ці, магчыма, выказаць сваё бачанне, як ёй дапамагчы, - падзяліцеся імі з рэдакцыяй і з усімі нашымі чытачамі: мы будзем рады вашым допісам і фотаздымкам.