Потерянный храм в Клющанах

18:31 / 15.06.2017

klju64any1.jpgНавіна пра бяду ў Клюшчанах заспела мяне па дарозе на работу. Палова восьмай раніцы ў мінулую сераду я даведалася, што Клюшчанскі касцёл дагарае – і ўнутры ўсё абарвалася. Падобныя эмоцыі апошні раз я адчувала пяць гадоў назад, калі страціла бабулю. Яна давяла мяне да касцёла, сваімі штодзённымі простымі вясковымі клопатамі і прыкладам шчырых адносін з аднавяскоўцамі паказала мне жыццё – сапраўднае, з каханнем на паўстагоддзя, са шчырай верай, з праўдзівасцю і ўменнем спачуваць словамі і справай, калі ў суседа здарылася бяда.

Такія ж простыя, неадукаваныя, але куды больш мудрэйшыя за нас, дзяцей сучаснай цывілізацыі, бабулі, як і мая, – і зараз жывуць у Клюшчанах. Для іх касцёл быў любімым дзіцяткам: туды яны няслі кветкі, вырашчаныя на ўласных палісадніках, там яны сустракаліся і дзяліліся навінамі, урэшце – праз малітву імкнуліся наблізіцца да Бога.

Мне не часта даводзілася быць у Клюшчанскім касцёле. Першыя ўспаміны з ім звязаны з парафіяльным фэстам, калі мы, маленькія вернікі парафіі касцёла святога Юрыя ў Варнянах, завітвалі да клюшчанцаў на парафіяльныя ўрачыстасці. З тых далёкіх часоў запомніліся чамусьці  толькі драўляныя хоры і лесвіца да іх.

У больш сталым узросце касцёл святога Яўхіма ў Клюшчанах для мяне асабіста стаў месцам пакланення Казіміру Сваяку – святару, які, нягледзячы на ганенні, казаў прамовы падчас імшы на беларускай мове; чалавеку не свайго часу, які дбаў пра лёс простых вясковых людзей і імкнуўся растлумачыць ім на зразумелай мове, што Бога трэба не баяцца – а любіць.

Пакуль мы, жыхары Астравеччыны, ніяк не маглі прыйсці ў сябе і змірыцца з трагедыяй, некаторыя сродкі масавай інфармацыі падалі гэтую навіну, да канца не разабраўшыся ў фактах.

А чаго вартыя каментарыі, дзе імкнуцца сутыкнуць ілбамі каталікоў і праваслаўных. Хоць, трэба прызнаць, некаторыя з іх не пазбаўлены здаровага сэнсу: “Казаць пра тое, што дзяржаве не патрэбны памятнікі архітэктуры па меншай меры – смешна. Дзяржава – гэта мы. Калі жыхарам і парафіянам яны не патрэбны, то не варта перакідваць адказнаць на некага.” “Шкада, што страцілі такі касцёл… Давайце разам яго адновім!”

Розныя крыніцы падаюць дзве даты пабудовы касцёла: 1726 і 1887 гады. У кнізе “Памяць” прыводзяцца звесткі, што касцёл святога Яўхіма ў Клюшчанах фундаваны Янам Корсакам ў 1786 годзе, рэканструяваны на ахвяраванні парафіян ў 1887 годзе.

Па словах захопленага і дасведчанага ў гісторыі Спондаўшчыны краязнаўцы Івана Драўніцкага, касцёл у Клюшчанах будаваўся талакой. Па легендзе, лес на будаўніцтва касцёла ахвяраваў Сволкен, гаспадар Шайкун, – а людзі навакольных вёсак за ноч выгналі драўляны касцёл.

Зразумела, што без змяненняў захавацца да нашых дзён драўляная пабудова не магла.

Па некаторых звестках, згарэлы касцёл быў пабудаваны на месцы старога драўлянага прыблізна ў 1888-1904 гадах. Яго перавезлі з Лынтупаў, дзе ў 1887-1904 гадах па ініцыятыве і фундатарству пана Бішэўскага быў пабудаваны новы каменны (цагляны) касцёл. Былы Лынтупскі храм без змяненняў быў перавезены і пастаўлены на новы фундамент у вёску Клюшчаны. У пасляваенны час, прыблізна ў 50-60-я гады, перабудаваны.

Ці пацікавіўся хто-небудзь з журналістаў, колькі парафій знаходзіцца ў абслугоўванні ксяндза Анатоля Захарэўскага? Чамусьці большасць СМІ абмінула гэтае пытанне – а з кантэксту апублікаваных артыкулаў вынікала, што пробашч апякуецца толькі Клюшчанскай парафіяй.

З ксяндзом Анатолем сустрэлася на парафіяльным свяце ў Гервятах.

– Страта касцёла ў Клюшчанах – гэта ўсеагульная бяда, –  адзначыў святар. – Як далей быць: адраджаць касцёл, будаваць капліцу ці ўсталёўваць памятную дошку – будуць вырашаць парафіяне. Ва ўсялякім выпадку я іх падтрымаю. Прашу памаліцца ўсіх людзей за вернікаў Клюшчанскай парафіі і за касцёл, які загінуў у агні.

…Мяне, як і большасць людзей,  зацікавіла прычына, чаму Клюшчанскі касцёл згарэў. У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях паведамілі, што вядзецца следства – і ніякіх каментарыяў яны пакуль даць не могуць. У Астравецкім міжраённым аддзеле энергаінспекцыі дэталёва адсправаздачыліся  па праверцы стану электраправодкі і электраабсталявання Клюшчанскага касцёла, якая ў межах маніторынгу праводзілася ў 2015 годзе.  У Следчым камітэце аператыўных каментаряў атрымаць не ўдалося…

…Прычыну пажару ўстановіць следства. Зразумела, што страчаны ў агні касцёл ўжо немагчыма вярнуць, – але ў нашых сілах прыйсці на дапамогу клюшчанцам словам, малітвай, справай.

Текст: