А вы что думаете: доступен ли Островец людям с инвалидностью?

17:11 / 05.08.2017

Людзям з інваліднасцю, як і здаровым, таксама трэба хадзіць за прадуктамі ў магазін, вадзіць дзяцей у садок і школу, звяртацца за дапамогай у паліклініку, наведваць розныя ўстановы і арганізацыі.

У астраўчан і гасцей райцэнтра мы пацікавіліся, наколькі, на іх погляд, наш горад даступны для людзей з інваліднасцю?

repem.jpgЭмілія Гаўрус, у адпачынку па доглядзе дзіцяці:

– У Астраўцы бываю не так часта, як хацелася б. На маю думку, горад не вельмі даступны і зручны для таго, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі маглі ўпэўнена сябе тут адчуваць. Зараз мы стаім каля будынка раённай пракуратуры, бачу зручныя пандусы з парэнчамі. Такія ж ёсць і каля некаторых магазінаў. Але часта яны выкарыстоўваюцца  як пляцоўка для дэманстрацыі тавару. Горад расце і развіваецца. Пры будаўніцтве новых аб’ектаў інфраструктуры абавязкова павінна ўлічвацца тое, што імі будуць  карыстацца і людзі з інваліднасцю.

repded.jpgАляксей Мікалаевіч Міхедзенка, пенсіянер:

– Я – стары чалавек і ў горадзе бываю не часта, таму мне складана адказаць на вашае пытанне. Але ў магазіны, што непадалёк ад дома, час ад часу заходжу. У «Кляновы ліст» без праблем патрапіш, а вось у «Анастасію» пажылому ці не вельмі здароваму чалавеку падняцца цяжка: прыступак шмат, а поручня каля іх няма. Маладым мо гэта і незаўважна, а для нас, старых, – праблема падняцца без дадатковай апоры. Летам яшчэ нічога, а зімой, калі слізка, – зусім бяда.

repyak.jpgГанна Якубцэвіч, бібліятэкар Рытанскай сельскай бібліятэкі:

– Мне складана аб’ектыўна адказаць на гэтае пытанне. Думаю, што Астравец прыстасаваны для жыцця людзей з інваліднасцю, і нават у нас, у Рытані, зроб­лены пандус ля клуба. Дзверы магазіна «пазначаны» жоўтымі кружкамі для лю­дзей, у якіх праблемы са зрокам. Астравец хутка расце і развіваецца. У кожным новым будынку звычайна ёсць пандус.

repsvir.jpgАксана Свірская, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН:

 –Чалавек, які не сутыкаўся ў паўсядзённым жыцці з людзьмі з інваліднасцю, не задумваецца пра безбар’ернае асяроддзе і інклюзію. Я працую ў сацыяльнай сферы, таму пастаянна звяртаю ўвагу на тое, як прыстасаваны аб’екты гарадской інфраструктуры для людзей з інваліднасцю. Мне здаецца, што для такой катэгорыі людзей у Астраўцы створана безбар’ернае асяроддзе. Іншае пытанне, што часам пандус не адпавядае нормам – і калясачнік проста не ў стане па ім падняцца. Новыя будынкі абсталяваны пандусамі, адбываецца перапланіроўка старых. Так, да прыкладу, летась ля СШ №2 быў зроблены пандус, сёлета такі з’явіцца і ля адміністрацыйнага будынку Астравецкага ЖКГ. У апошнія гады назіраецца станоўчая тэндэнцыя па стварэнні ўмоў у горадзе для людзей з інваліднасцю.

replapsh.jpgТамара Лапшэвіч, пенсіянерка, жыхарка вёскі Ліпкі:

– Думаю, што ў  Астраўцы людзі з абмежаванымі магчымасцямі добра сябе адчуваюць: роўненькія тратуары і дарогі, чысціня, кветкі і ўтульнасць.

Гутарыла Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.

ostrov-red@ganulich@tut.by

Текст: