Каманды трох раёнаў спаборнічалі без абмежаванняў

12:13 / 16.10.2019

Спартыўны азарт у вачах, камандны дух і моцнае жаданне перамагчы – міжраённая спартландыя «На старт» сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі прайшла ў Астраўцы.

Штогод наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для маладых людзей з інваліднасцю з розных раёнаў з задавальненнем удзельнічаюць у спаборніцтве, якое за гэты час стала традыцыйным.

Вось і сёлета за званне чэмпіёнаў змагаліся тры каманды: смаргонскія «Мядзведзі», ашмянскія «Сланечнікі» і астравецкая «Маланка». Каб вызначыць, хто ж з іх самы-самы, арганізатары прапанавалі прайсці сем спартыўных выпрабаванняў.

Першым на старт удзельнікаў паклікаў бег з эстафетнай палачкай. Усе стараліся як мага хутчэй прабегчы дыстанцыю, але найлепш гэта атрымалася ў смаргонцаў.

1.jpg

У наступным спаборніцтве каманды дэманстравалі не толькі хуткасць, але і акрабатычныя здольнасці. Бег праз абручы аказаўся няпростым, але ўдзельнікі паспявалі не толькі грацыёзна спраўляцца з заданнем, але яшчэ і ўсміхацца гледачам. Асабліва спаборніцтва спадабалася астраўчанам, бо яны фінішавалі першымі.

2.jpg

Пацвердзілі «маланкаўцы» назву сваёй каманды і падчас бегу з фітболамі. А вось у наступным спаборніцтве, дзе трэба было закідваць мяшочкі ў абруч, больш удачлівымі былі «Мядзведзі».

3.jpg

4.jpg

Непрадказальным і цікавым аказаўся дарц, у якім спаборнічалі капітаны. Пасля ўсіх кідкоў прадстаўнікі астравецкай і смаргонскай каманд набралі аднолькавую колькасць ачкоў. І каб вызначыць пераможцу, арганізатары далі магчымасць згуляць у дроцікі ўсім членам каманды. І зноў удача была на баку каманды са Смаргоні.

5.jpg

Лепшымі «Мядзведзі» аказаліся і ў спаборніцтве па хакею з мячом. Затое ў апошнім конкурсе «Пераправа», у якім з дапамогай абруча трэба было пераправіць на іншы бераг сяброў з каманды, астраўчане ўзялі рэванш.

6.jpg

7.jpg

Праўда, нягледзячы на лепшы вынік у апошнім выпрабаванні, «маланкаўцам» не ўдалося вырваць перамогу з моцных «лап» «Мядзведзяў» – смаргонцы занялі першае месца ў спартландыі. Другое месца заняла астравецкая «Маланка», ашмянскія «Сланечнікі» сталі трэцімі.

8.jpg

Усе каманды ўзнагароджаны дыпломамі, медалямі і атрымалі падарункі ад Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба і раённай арганізацыі «Белая Русь».

10.jpg

9.jpg

Текст:
Фото: Марина Мацкевич