Каго ўспамінаюць астраўчане ў Задушны дзень

07:59 / 02.11.2019
Урачыстасць Усіх святых і Задушны дзень – час сустрэчы з блізкімі, якіх ужо няма побач з намі, але якія працягваюць жыць у нашай памяці.

У астраўчан і гасцей горада мы запыталі, каго яны ўспамінаюць у гэтыя восеньскія дні. 

Аксана Малахоўская, аператар птушкагадоўлі:

Малахоўская.jpg



– Чатыры гады будзе, як не стала таты. Часта яго ўспамінаю. Мама працавала на заводзе і рана ішла на работу, таму бацька сабіраў мяне ў школу:  гатаваў сняданак, коскі заплятаў… Не кожны мужчына так зможа! Тата быў пяшчотны і патрабавальны адначасова, без дай прычыны не дазваляў прагуляць школу. Успамінаю і брата, які прапаў без вестак дзесяць гадоў таму. Як падумаю пра яго, душа крывёю абліваецца… Самае страшнае – гэта няведанне.

Юзэфа Капылова, пенсіянерка:

Капылова.jpg



– Мае блізкія пахаваны ў розных месцах: маці і брат – у Літве, а бацька і другі брат – у Казахстане. Хоць пакланіцца месцам апошняга прытулку самых блізкіх людзей у мяне рэдка атрымліваецца, але памяць пра іх жывая. 

Мне было дзесяць гадоў, калі бацькі паехалі падымаць цаліну ў далёкі Казахстан. Я тады дала сабе клятву, што абавязкова вярнуся на радзіму, – і стрымала яе.  

Станіслаў Александровіч, пенсіянер:

Александровіч.jpg



– Мне было дзевяць гадоў, калі не стала таты. Ён рана памёр, і я яго не памятаю. Мама падымала нас адна. У трохгадовым узросце памёр брацік – не ведаю, як яна гэта ўсё перажыла. Да веры я прыйшоў у сталым узросце. З гадамі з’явілася разуменне, што доб­рых слоў не трэба шкадаваць, пакуль жывыя блізкія. Можа так стацца, што потым іх не будзе каму гаварыць. 

Таццяна Дукевіч, на групе па інваліднасці:

Дукевіч.jpg



– Парадак на могілках наводзім за некалькі тыдняў да Задушак: прыбіраем лісце, ставім кветкі, каб у дзень успаміну запаліць свечкі, памаліцца і пайменна ўспомніць усіх, хто адышоў у іншы свет. Стараюся прыбраць не толькі магілы родзічаў, але і закінутыя. Бываюць розныя жыццёвыя сітуацыі: можа, чыесьці блізкія жывуць далёка і не могуць прыехаць нават у гэтыя святыя дні, а можа, чалавек быў бяздзетны… Часта ўспамінаю бабулю Алену. Яе запавет – да людзей трэба адносіцца так, як хочаш, каб яны да цябе ставіліся, – перадала траім дачушкам. 

Іосіф Юркойць, пенсіянер:

Юркойць.jpg



– Родныя пахаваны на могілках у Варнянах, але здароўя ўжо няма, каб да­ехаць туды. Праз добрых людзей перадам букецікі і свечкі на магілы. Часта ўзгадваю брата, які пахаваны ў расійскім горадзе Хімкі, – ён пайшоў з жыцця маладым, а мог яшчэ жыць і жыць.

Тэрэса Магадзя, пенсіянерка (без фота):

– У Задушны дзень узгадваю бацькоў, дзядоў, цётачак і ўсіх-усіх з роду, каго, магчыма, больш ніхто і не ўспамінае. Апякуюся трыццацю магіламі, парадак там стараюся навесці да святаў. А кветкі і лампадкі стаўлю напярэдадні Задушак. Перад Богам усе роўныя, таму дыхтоўнасць помніка ці букетаў – не паказчык таго, што пра чалавека памятаюць. У гэтыя святыя дні памаліцеся за памерлых, успомніце іх добрым словам – тады ў свой час нехта ўспомніць і вас. 

Текст:
Фото: Алёна Ганулич