Я хочу признаться в любви...

12:00 / 04.05.2014
Сёння я хачу прызнацца ў любові… А што? Май – самая нагода для гэтага.
Усё квітнее, зелянее, усміхаецца і прагне любові. І я – не выключэнне…

Найперш я хачу прызнацца ў любові да сваёй прафесіі журналіста.
Бацька хацеў, каб я стала пракурорам. А мама заўсёды, нават у мае невялікія дзіцячыя ці “вострыя” падлеткавыя гады, усё давярала вырашаць мне самой. І таму я, нягледзячы на свае правінцыйныя комплексы (“дай бог нашаму цяляці воўка спаймаці”), пайшла ў журналістыку – хоць і даволі звілістым шляхам. І паслязаўтра ў чарговы раз (калі быць зусім дакладнай, то ў трыццаць трэці – божухна, як даўно гэта было!) буду адзначаць Дзень друку як сваё прафесійнае свята. За што я вельмі ўдзячна і сваёй мудрай маці, і першаму рэдактару Арсенію Андрэевічу Сакуну, які стаў для мяне больш чым настаўнікам, і калегам, якія падхвальвалі, крытыкавалі, падказвалі, падсмейваліся – словам, вучылі жыццю і прафесіі. Ім я таксама хачу, хоць і з вялікім спазненнем, прызнацца ў сваёй удзячнай любові – і вельмі шкадую, што не зрабіла гэтага раней, бо зараз ужо “адных няма, а іншыя – далёка…”
Сёння я ўжо сама прымаю на работу ці на практыку маладых людзей, якія мараць стаць журналістамі (найчасцей – дзяўчат, хлопцы чамусьці цяпер не вельмі ахвотна ідуць у гэтую некалі амаль выключна мужчынскую прафесію, і таму погляд на свет праз прызму сродкаў масавай інфармацыі становіцца, на жаль, усё больш “аднапалярным”, жаночым). І гэтаксама, як некалі мне, падказваю, падхвальваю, крыты кую, аддаючы такім чынам даўгі маім колішнім прафесійным настаўнікам – і жыццю. Канешне, не кожнаму тая навука ідзе на карысць, ды і патрэбна яна не кожнаму – але я ўсё ж спадзяюся, што хоць нехта з маіх шматлікіх “вучняў” некалі такім жа чынам стане вучыць іншых – і тым самым будзе аддаваць свае даўгі…
У арсенале журналістаў сярод іншых падобных ёсць адно даволі зашмальцаванае пытанне, якое яны любяць задаваць сваім героям: калі б вы не сталі … , то кім бы вы сталі? Я таксама неаднойчы пыталася ў сябе аб гэтым – а часам тое ж цікавіла іншых. І, спрабуючы адказаць шчыра, разумею, што мне вельмі пашанцавала ў жыцці, бо я займаюся справай, якую, як бы пафасна гэта ні гучала, вельмі люблю – і якая, хоць гэтае сцвярджэнне можа падацца нясціплым, даволі прыязна ставіцца да мяне, узнагароджваючы стасункамі з людзьмі, сустрэчы з якімі становяцца лёсавызначальнымі і якія наўрад ці адбыліся б, калі б я працавала ў іншай сферы. А ў мяне ж ёсць цудоўная, ні з чым не параўнальная магчымасць расказаць пра гэтых людзей усім – каб ад іх святла, розуму, сілы духу “падзарадзіліся” іншыя! За гэта я найперш і найбольш люблю сваю прафесію.
А яшчэ я люблю сваіх герояў, многія з якіх сталі маімі настаўнікамі, сябрамі ці добрымі прыяцелямі па жыцці. І нават калі мы бачымся і чуемся не вельмі часта, я ведаю, што яны ёсць – і ад усведамлення гэтага становіцца крыху лягчэй нават у тыя хвіліны, калі вельмі цяжка...
Яшчэ я вельмі люблю сваю газету – спадзяюся, што і вашу таксама. Я ўжо неаднойчы гаварыла аб гэтым, але спадзяюся, што з нагоды свята вы мне даруеце гэты паўтор: “Астравецкая праўда” – гэта яшчэ адно маё дзіця, поспехам якога я радуюся і ганаруся, за “хваробы”-памылкі якога перажываю, пра шчаслівую будучыню якога мару і стараюся дапамагчы яму, “адзінароднаму”, усім магчымым… З той толькі розніцай, што гэтае дзіця ніколі не вырастае і не пакідае сваіх “бацькоў” – хіба што яны ад яго часам аддзяляюцца і аддаляюцца, але гэта ўжо іншая тэма…
Яшчэ я хачу ў гэты перадсвяточны дзень прызнацца ў любові сваім калегам. Так, яны – мае падначаленыя, але найперш – калегі. У іх розныя характары, узрост, прафесійны вопыт, службовыя абавязкі, стыль і ўзровень майстэрства. Яны ўвогуле вельмі розныя, мае калегі. Але мне здаецца – ва ўсякім выпадку, я хачу ў гэта верыць! – што яны прыходзяць на работу не толькі для таго, каб у канцы месяца атрымаць пэўную колькасць грашовых знакаў. Я ведаю, што яны гэтаксама любяць наша агульнае дзіцятка – “Астравецкую праўду”: гэтак жа перажываюць за тое, каб усё ў яго было добра, каб яго любілі, паважалі тыя, да каго газета трапляе ў рукі двойчы на тыдзень і дзеля гэтага не шкадуюць ні сіл, ні часу. За ўсё гэта я іх люблю і за гэта ім удзячная.
Я хачу прызнацца ў любові нашым пазаштатным аўтарам. Многія з іх пазаштатныя – толькі “дэ-юрэ”, а на самой справе – нашы, родненькія: частыя госці ў калектыве, і мы заўсёды сустракаемся, як добрыя сябры! Сярод іх – тыя, хто супрацоўнічае з газетай на працягу ўсяго жыцця, і тыя, хто толькі нядаўна стаў дасылаць нам свае артыкулы, вершы, здымкі, крыжаванкі. Канешне, без вас – як, зрэшты, і без кожнага з нас, так званых “штатных супрацоўнікаў” – у выпадку нашай часовай ці пастаяннай адсутнасці газета не перастала б выходзіць – але гэта была б зусім іншая “Астравецкая праўда”… Дзякуй вам за тое, што яна такая, як ёсць – і з вашай дапамогай у яе ёсць шанс дзень пры дні станавіцца яшчэ лепшай!
І я хачу прызнацца ў любові нашым чытачам. Многіх з іх я ведаю асабіста – але ўсё роўна гэта толькі невялікая колькасць ад іх агульнай амаль дваццацітысячнай арміі: даследчыкі сцвярджаюць, што кожную газету прачытвае ў сярэднім тры чалавекі, а ёсць жа яшчэ сайт! Люблю ўсіх: тых, хто падыходзіць на вуліцы, тэлефануе і прысылае лісты, каб падзякаваць за асобныя артыкулы ці за газету ўвогуле – і тых, хто крытыкуе нас: за “няправільны” падыход да асвятлення нейкай праблемы, за няўвагу ці, наадварот, за залішнюю пільнасць да той ці іншай тэмы, за прыкрыя памылкі, якія час ад часу, як тыя лазутчыкі, “прасочваюцца” на старонкі газеты. Калі крытыка канструктыўная, то яна толькі на карысць газеце, а калі нехта тэлефануе ці піша каментарый на сайце толькі для таго, каб незаслужана абвінаваціць ці нават абразіць… Канешне, чуць і чытаць гэта не вельмі прыемна і нават крыўдна. Але, калі крыўда сыходзіць, разумееш, што гэты чалавек, па вялікаму рахунку, таксама хоча, каб газета стала лепшай – вядома, калі ім не кіруе звычайная, некантралюемая злосць ці зайздрасць – але гэта ўжо выпадкі клінічныя, і мы зараз не пра іх… Проста разуменне таго, што лепш, а што – горш, у розных людзей рознае – так здараецца і ў жыцці, а што ўжо казаць пра газету, якая ва ўсіх навідавоку. Але ж усе вы, нашы чытачы, выпісваеце газету ці купляеце яе, заходзіце на сайт “Астравецкай праўды” – і на нейкі час газета становіцца вашым суразмоўцам, з якім вы пагаджаецеся ці спрачаецеся, які нясе вам новыя веды ці новыя сустрэчы і стасункі – і, значыць, праца калектыву рэдакцыі, які імкнуўся, каб стасункі з гэтым суразмоўцам былі для вас як мінімум не сумнымі, – недарэмная!
Таму сёння я хачу прызнацца ў любові да ўсіх вас – тых, для каго “Астравецкая праўда” – крыху больш, чым некалькі аркушаў паперы з друкаванымі літарамі і фотаздымкамі. І павіншаваць з надыходзячым Днём друку – нашым агульным святам! Спадзяюся, яно застанецца такім на доўгія гады.


-------------------------------------
Галоўны рэдактар газеты “Астравецкая праўда” Ніна РЫБІК.