"Среда размышления". Улыбка сквозь слёзы

13:00 / 30.01.2013
Помніце беларускую народную казку пра старога бацьку? З вашага дазволу – нагадаю.

Некалі была традыцыя: як састарыцца бацька, сын адвозіў яго ў глухую пушчу і там пакідаў. Аднойчы павёз сын старога ў лес, ды шкада стала яму бацьку – моцна яго любіў. Але нічога ж не зробіш. Не павязеш – людзі засмяюць, скажуць: “Звычаяў не прытрымліваешся”. І сын, каб людзі бачылі, вывез днём састарэлага бацьку ў лес – а ноччу прывёз яго назад у дом і схаваў ад аднавяскоўцаў у цёмнай каморы. Потым стары дапамог сыну і яго сям’і мудрай парадай, калі непагадзь папсавала жыта, і насення, каб засеяць поле восенню, не было: расказаў сыну пра грошы, схаваныя ў хаце пад лавай на “чорны дзень” яшчэ ў маладосці… Сын прызнаўся сваім суседзям, што жыве ён добра толькі дзякуючы бацькавай дапамозе. З таго часу сыны перасталі вывозіць сваіх бацькоў у лес, а сталі іх паважаць і карміць. Фінал казкі аптымістычны і радасны – старасць трэба паважаць…
Але часам некаторыя эпізоды гэтай казкі становяцца рэаліямі нашага жыцця. На жаль, не ўсім напрыканцы жыцця даводзіцца жыць у сваёй сям’і, у акружэнні блізкіх і родных людзей. У лес іх, канешне, ужо не вывозяць – мы ж зараз “цывілізаваныя”! Але вельмі часта доляй старасці становіцца адзінота.
І добра, калі атрымліваецца дажыць апошнія дні жыцця “на сваіх нагах”, не абцяжарваючы нікога хваробамі і праблемамі. Але часта бывае, што дзеці не ў стане дагледзець сваіх бацькоў, ці старыя засталіся зусім адныя і побач няма нікога з блізкіх родзічаў. А яшчэ некаторыя старыя бацькі самі не жадаюць быць абузай для сваіх дзяцей. Як жудасна гучыць гэтае слова – “абуза”, асабліва ў такім кантэксце! І як страшны напамінак пра адзіноту і старасць, гучыць “прысуд”: дом састарэлых ці аддзяленне сястрынскага догляду. Хаця для некаторых гэтыя ўстановы якраз і з’яўляюцца той самай “палачкай-выручалачкай”, якая выратоўвае ім жыццё.
Аддзяленне сястрынскага догляду… Вельмі цеплая і душэўная назва. Для людзей, якія знаходзяцца ў падобных установах, і ў сваёй большасці, не могуць сябе абслужыць, часам нават не помняць, што сёння за дзень, не хочуць уступаць у гаворку са сваімі суседзямі па палаце, медыцынскім персаналам, санітарачкамі, падыход павінен быць толькі такі – сястрынскі, душэўны, які, канешне, патрабуе шмат цярпення, дабрыні і любові да чалавека.
…Узгадалася выпадковая размова, калі я, вяртаючыся з работы, прыпынілася каб падвезці бабульку, што “галасавала” каля аўтобуснага прыпынку. Расповед пра сваю бяду яна пачала сама: “З бальніцы еду. У стрыечнай сястры была. У бальніцы яна ляжыць, зусім хворая. Што рабіць? Папрасіла доктара накіраваць яе ў Міхалішкі. Хто яе ў вёсцы дагледзіць? Я ўжо старая, сама сябе дагледзець не магу, і да яе ў суседнюю вёску дабрацца мне цяжка. То няхай едзе ў Міхалішкі – там хоць не адна будзе, пад наглядам, з людзьмі. І ёй лепш, і мне спакайней”.
…У кожнага з тых, хто сёння знаходзіцца ў Міхалішкаўскім аддзяленні сястрынскага догляду, свая гісторыя. І што гэта – лёс ці простая выпадковасць, не ў стане адказаць ні яны самі, ні тыя, хто тут за імі прыглядае, хто калісьці прывёз іх на “сацыяльныя ложкі”.
Нехта прыехаў сюды сам, другіх накіравалі сацыяльныя службы, трэціх “здалі дзяржаве” дзеці. Адныя з іх – ляжачыя і без старонняй дапамогі не могуць паварухнуцца, другія яшчэ могуць прыгледзець не толькі за сабой, але і за суседзямі. Хтосьці хутка “прыціраецца” адзін да аднаго, а некаторыя новенькія амаль штодзень мяняюць палату, пакуль сыйдуцца характарамі з “суседзямі”. Але старыя, якія жывуць – ці, па праўдзе сказаць, дажываюць – тут свой век, усё ж працягваюць спадзявацца. Нехта на тое, што хвароба адступіць, і можна будзе хадзіць сваімі нагамі. Другія – што праведаць ці ўвогуле забраць дахаты хутка прыедуць сын, дачка, унукі. Трэція, у каго надзеі зусім не засталося, спадзяюцца толькі на Бога.
І зразумела, што ім патрэбны ўвага, добрае слова, падтрымка, разуменне. Трэба было бачыць, як бабулі і дзядулі ўзрадаваліся гасцям, што завіталі праведаць іх на мінулым тыдні: “Польскаму рэху Астраўца”, якое вырашыла расквеціць вясёлымі песнямі іх невясёлае жыццё. Радаваліся яны і тым невялікім падарункам, якія былі куплены за грошы, што ўдалося сабраць, дзякуючы дабрачыннаму спектаклю па драме Ніны Рыбік “Калядны вечар”. Самадзейныя артысты ўручылі ім гасцінцы пасля чарговага спектакля, што ў нядзелю прайшоў у Міхалішкаўскім СДК.
…Міхалішкаўскую бальніцу мы пакідалі моўчкі, хаваючы погляды, быццам саромеючыся таго, што ў наш час яшчэ ёсць людзі, якіх па нейкіх прычынах – хочацца спадзявацца, што вельмі важных – пакінулі дзеці, родныя, блізкія.
Думаю, што той, хто пабываў тут хаця б аднойчы, ужо ніколі не зможа заставацца раўнадушным да пакінутых старых і іх бяды. Старасць, хваробы, позіркі старэнькіх бабулек і дзядуляў, пакорлівыя, вінаватыя і баязлівыя, якія на хвіліну засвяціліся радасцю, іх усмешкі – скрозь слёзы, схаваныя глыбокімі маршчынкамі, інвалідныя каляскі – усё ўбачанае і адчутае тут адначасова выклікаюць пачуццё спагады, жалю – і ўласнага бяссілля перад чужой бядой…
І нам, маладым і здаровым, неабходна помніць і старую народную беларускую казку, і тое, што старасць прыйдзе да ўсіх, да кожнага з нас, і пра гэтых старых і такіх адзінокіх людзей.
Бо і мы некалі станем такімі ж…


Алена ЯРАШЭВІЧ.


Фота Эдуарда СВІРІДА.