"Среда размышления". От радости до печали

13:00 / 20.02.2013
На мінулым тыдні над Астравеччынай, дарэчы, як і над усім светам праляцеў святы Валянцін. І некалькі дзён не адна краіна свету жыла ў “валянцінавай ліхаманцы”: што падарыць каханаму-каханай? Валянцінку купіць ці зрабіць сваімі рукамі? Як жа, нарэшце, адважыцца на першы крок ці што прыгатаваць на рамантычную вячэру? Дарэчы, да гэтага дня ў многіх неадназначныя адносіны: хтосьці лічыць яго непатрэбным і звычайным днём у календары, нехта чакае з хваляваннем і замілаваннем, каб сказаць нарэшце такія важныя словы ці падараваць сваёй палавінцы сапраўднае свята, а для некага – гэта проста нагода сабрацца з сябрамі і дружнай кампаніяй, хай сабе пакуль і без свайго “валянціна” ці “валянцінкі”, правесці цікава вечар. І поўнасцю раўнадушных няма.

Ды і як быць абыякавым, калі ўсё навокал нагадвае аб свяце? Калега пачаставала ўсіх пячэннем-сэрцайкамі – і настрой яшчэ больш падняўся. На вуліцы школьнікі-актывісты падчас сваёй акцыі павіншавалі і падаравалі валянцінку – хіба не прыемна? У магазіне разам з рэштай прадавец усміхнулася: “Са святам!” – і ты ўсміхаешся ў адказ. У іншым магазіне чародка маладых дзяўчат-прадаўшчыц, з палаючымі чырвонымі сэрцамі на шчоках, са змоўніцкагарэзлівым выглядам кружылі па гандлёвай зале, а пасля раптам падбягалі да сваіх старэйшых калег, малявалі ім такія ж валянцінкі на шчоках і радасна ўсклікалі “З Днём святога Валянціна!” У выніку ўсміхаліся не толькі адрасаты такіх нечаканых падарункаў, але і ўсе пакупнікі. А ўявіце сабе яшчэ адзін рэальны выпадак: у адным з астравецкіх магазінаў дзве школьніцы-дзяўчынкі доўга выбіраюць на касе валянцінкі, а немаленькая, трэба сказаць, чарга цярпліва і з разуменнем чакаюць… Што тут скажаш? “Валянцінавая ліхаманка” захапіла ўсіх…
А на наступны дзень адзначалася зусім іншая дата, і яе святам назваць ніяк не паварочваецца язык. Гэта дата памяці, успамінаў і болю. 15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Прызнаюся шчыра, раней для мяне гэтая дата не мела асаблівага сэнсу, дарэчы, як і сама так званая Афганская вайна. Так, я ведала, дзе і калі вяліся баявыя дзеянні. Але гэта была чужая і нерэальная вайна…
Упершыню пякельны Афган уварваўся ў маю свядомасць вядомым фільмам Фёдара Бандарчука “9 рота”. Тады мы – кампанія бесклапотных студэнтак-трэцякурсніц – у літаральным сэнсе, параскрываўшы рты і не могучы адарвацца ад экрана ў кінатэатры, назіралі за дзеяннямі кінастужкі. Ніхто не ў стане быў стрымаць слёзы, калі адзін за адным ад варожых куль гінулі галоўныя героі – Чыгун, Раба, Верабей, Джаконда… Мы плакалі так, як быццам былі знаёмыя з гэтымі маладымі рабятамі, якія нават не пераступілі ўзроставую мяжу -наццаць. Мастацкі вымысел па-іншаму адлюстроўвае рэальныя падзеі, але, напэўна, у Афганістане былі тысячы такіх “вераб’ёў” і “джаконд”.
Жыццё адрозніваецца ад кіно. Таму я ніколі не забуду, як у першы год працы ў рэдакцыі мяне адправілі на ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Паўтаруся, для мяне тады гэта была яшчэ далёкая і чужая вайна. А тут побач сядзелі людзі, якія прачыналіся пад выбухі і стрэлы, якія бачылі, як паміраюць людзі, якія варыліся ў жывым пекле, якія былі пешкамі ў страшнай гульні паміж жыццём і смерцю. Многіх з іх я ведала калі не асабіста, то проста з выгляду. І яны таксама былі ў Афганістане? Я ўглядалася ў іх твары і да канца не верыла. Як? Чаму? Навошта? Выходзіць, тая вайна зусім не далёкая, а вось яна, побач – працягні руку і ты адчуеш яе дотык. Мне ніколі не забыць, як падчас песні “Афганскі вальс” у непаўторным выкананні гудагайскай школьніцы Насці Лукша, іх вочы затуманіліся слязьмі і болем і перакатваліся скулы, як быццам нехта нябачны намотваў на кулак іх нервы, ператвараючы ў роўную, напружаную струну…
Не забыць мне і тое, як перад гэтым мерапрыемствам зноў жа па рэдакцыйным заданні сустрэлася з адным з воінаў-інтэрнацыяналістаў. Мае пытанні скончыліся вельмі хутка, яго адказы былі аднастайнымі і скупымі. І ва ўзнікшым нялоўкім маўчанні здавалася, што чуваць, як б’ецца маё сэрца, кожны ўдар якога малаточкам аддаваўся ў скронях. Мужчына насупраць глядзеў міма мяне – ён зноў вярнуўся ў Афганістан. А я адчувала сябе вінаватай, што зноў разварушыла старую рану…
З таго часу я часта бываю на ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. І ўсё роўна не магу без хвалявання глядзець на іх твары. Сёння 15 лютага для мяне – не пустая бессэнсоўная дата. Афганская вайна перастала быць чужой і далёкай. Я не ведаю аб ёй больш, чым распавядае гісторыя, і не хачу меркаваць хто праў, а хто вінаваты. Толькі для мяне вайна ў Афгане – не проста гістарычны факт, гэта канкрэтныя твары маіх землякоў і іх вочы, затуманеныя слязьмі ўспамінаў і болем.
Дзве розныя даты доўгі час ужо крочаць побач: каханне і смерць, радасць і боль, шчасце і смутак, смех і слёзы. Што гэта: чыйсьці злы жарт, недарэчнасць ці звычайнае супадзенне? А можа, хтосьці зверху нагадвае радавацца і цаніць кожны дзень і тых, хто побач, каго мы любім і кім даражым?!


Марына МАЦКЕВІЧ.