"Среда размышления". Кошачий и собачий хлеб

13:00 / 03.04.2013
Чорны маленькі дварняк ляжаў пад магазінам, у якім на прылаўках красавалася мяса, каўбасы, вяндліна. Бліскучы мокры носік нават праз зачыненыя дзверы ўчуў прыемны пах, які казытаў і не даваў жыцця. Сабачка, напэўна, даўно не еў, але небарака з бляклай, збітай у суцэльныя камы поўсцю не пакідаў свой “пост”. На працягу доўгіх гадзін ляжаў, скруціўшыся абаранкам. Людскія ногі мяняліся з непамернай хуткасцю: жанчыны з дзецьмі, мужчыны, бабулькі – усе абміналі небараку.

Хтосьці і сапраўды не заўважаў чорны камячок на пажоўклай траве, якая не паспела ўвабрацца ў сілу пасля зацяжной зімы. Іншыя – лаяліся і ўспаміналі пра адстрэл бадзячых жывёл, як адзінае выйсце ад вось такіх бяздомных. Дзеці дапякалі дварняка: дражнілі, смяяліся. Спрабавалі нават шпурляць у шчанюка скамечанымі паперкамі – вырванымі са сшыткаў лістамі.
Ён не падымаў галавы. Ляжаў, бы нежывы. А ў невялікіх, пакрытых суцэльнымі ропамі вочках жыла душа. Упершыню за сваё жыццё я бачыла адчай і раўнадушша не ў вачах чалавека. І як бы ні спрачаліся светачы навукі аб тым, ці існуе душа ў жывёл – вочы сабакі ставілі кропку ў гэтай спрэчцы – прынамсі, для мяне.
Відавочна, што сабачка быў выкінуты. Ён не гаўкаў і не кідаўся на людзей. Ён выбраў сабе гэтае месца, як жабрак выбірае цвінтар. Толькі ў адрозненні ад чалавека, які просіць міласціну, гэты дварняк нічога не прасіў. Магчыма, яму мроіліся тыя дні, калі гаспадыня карміла яго і гладзіла па галаве… Магчыма, і жывёлы здольныя адчуць безнадзейнасць… Ён ляжаў, нікога не чакаў і ні на што не спадзяваўся…
За жаночымі ботамі са схіленым абцасам з моцным гукам зачыніліся дзверы… Ніводны чалавек не спыніўся ля бяздомнага і беспароднага шчанюка.
Сыты не зразумее галоднага. Заклапочаны грашыма не здольны пабачыць усю паўнату жыцця, у якім ёсць рэчы, якія не купляюцца і не прадаюцца ні за якія каштоўныя даброты. Усе чамусьці забыліся, што жывуць на каціным і сабачым хлебе…
…Старыя людзі расказвалі, што даўно, у часы, калі людзі жылі дзякуючы дарам прыроды, Іісус хадзіў па зямлі. У абліччы схуднелага жабрака ніхто не мог пазнаць Божага Сына. Доўгія валасы і барада абрамлялі твар чалавека. Вопратка ператварылася ў рыззё і месцамі так працерлася, што праз суцэльныя дзіры відалася белае цела. У руках старца быў кіёчак, які ад дотыку рук адпаліраваўся за доўгія часы вандравання настолькі, што нават умельцы-шліфоўшчыкі не змаглі б дабіцца такой гладкасці сваёй нястомнай працай.
Іісус мінаў хату за хатай, паселішча за паселішчам. Калі вандроўніка ў дарозе насцігала ноч, то цёплай пасцеллю служыла зямля, а коўдрай – неабсяжная россып зорак на чорным небе. Іісус наталяў смагу з крыніц, якія сустракаліся на шляху. Ішоў ён доўга, не адзін месяц і год, пакуль не прыйшоў у вёску, дзе душы людзей патрабавалі яго прысутнасці.
Іісус заходзіў у хату за хатай і прасіў хлеба, але кожны адмаўляў. Хоць у свірне было поўна мукі, а водар свежаспечаных боханаў лунаў у хаце, прабіраўся ў кожны куточак – людзі хутчэй выправаджвалі жабрака.
Нарэшце ён пераступіў парог апошняй хаты, якая месцілася на ўскрайку вёскі і ўбачыў жанчыну, катароя выкладвала свежы хлеб у міскі. Яна не магла адмовіць вандроўніку і сказаць, што не мае хлеба, таму што чалавек бачыў яго на свае вочы.
Каб хутчэй знік гэты жабрак, яна працягнула яму два невялікія падгарэлыя праснакі з міскі, якія прызначаліся катам ды сабакам.
Іісус падзякаваў за ежу і наказаў жанчыне не паварочвацца, пакуль яго постаць не знікне з гарызонту. Аднак людская цікавасць узяла сваё – і яна павярнулася. І ў адно імгненне ператварылася ў каменную статую, а Іісус прамовіў:
– З гэтага часу будзеце жыць на каціным і сабачым хлебе!
…Маленькі бяздомны шчанюк наталяў свой голад таннай кілбасой. Ён не глытаў яе і не давіўся: адкусваў па кавалачку і раз-пораз падымаў галаву і глядзеў на свайго дабрадзея. І гэта былі зусім звычайныя вочы сабакі…
Ужо каторы дзень вяртаюся з працы дарогай праз той магазін, але гэтага чорнага шчанюка я больш не бачылала…
А Хрыстос уваскрэс і прадаўжае сваю вандроўку ў пошуках той вёскі, дзе людзі забыліся яго наказ, што жывуць на каціным і сабачым хлебе.


Алена ГАНУЛІЧ.


Фота з сайта svetiteni.com.ua.