Не бяднее рука дапамогі

15:18 / 28.12.2011

У раённую арганізацыю Беларускага Саюза жанчын і таварыства “Чырвонага Крыжа” працягваюць паступаць ахвяраванні грамадзян і працоўных калектываў на дапамогу сем’ям, дзе выхоўваюцца цяжка хворыя дзеці-інваліды. Такіх сродкаў ужо сабрана больш за 32 мільёны, практычна ўсе яны, за выключэннем апошніх паступленняў, перададзены хворым дзецям і іх бацькам.


“Астравецкая праўда” ўжо расказвала, якія ахвяраванні паступілі ад грамадзян і працоўных калектываў і каму яны былі перададзены (“Блажэнныя міласцівыя”, “АП”, за 3 снежня). Але гэта былі толькі першыя ластаўкі міласэрнасці і дабрачыннасці.
Пасля той публікацыі ў рэдакцыю прыйшоў айцец Вячаслаў Шасцітка, настаяцель Варнянскага праваслаўнага храма Свяціцеля Іаана Сан-Францыскага і Шанхайскага – самага, напэўна, невялікага ва ўсім раёне прыхода і да таго ж самага маладога, якому зараз для арганізацыі сваёй дзейнасці патрэбна ўсё і адразу. І тым не менш…
— Калі ласка, вазьміце ад варнянскага прыхода 200 тысяч рублёў на дапамогу хворым дзецям. Гэта наша агульная, богаўгодная справа…
Хай дапаможа Гасподзь вам і вашай пастве ў вашых высакародных справах, айцец Вячаслаў.
Завітала пенсіянерка, даўні сябар нашай газеты, Капіталіна Цімафееўна Пятроўская.
—На жаль, у мяне невялікая пенсія. Але я ведаю, якая гэта бяда, калі хварэе дзіцятка… Прыміце і маё сціплае ахвяраванне…
У гэтым выпадку, напэўна, не так важна, колькі, куды важней – што ад чыстага сэрца…
Шматдзетная маці з Варнян, у якой да таго ж старэйшая дачка вучыцца ў Мінску – хто мае ў сям’і студэнтаў, той ведае, колькі сродкаў трэба на іх утрыманне — прынесла ад сваёй сям’і для дапамогі хворым дзецям 130 тысяч рублёў – і папрасіла не называць сваё прозвішча.
— Не такая гэта значная дапамога, але колькі можам…
50 тысяч рублёў перадала для дапамогі дзецям-інвалідам яшчэ адна шматдзетная маці – Ала Мар’янаўна Зяленская.
Работнікі СВК “Варняны”, якія да таго ўжо перадалі 2 мільёны рублёў для дапамогі сям’і Віталія Капусты з Падольцаў, сабралі яшчэ 3 мільёны 250 тысяч. Гэтыя грошы, а таксама дапамога варнянскай сям’і, былі перададзены сям’і Яўгенія Антановіча – хлопчык хворы на дзіцячы цэрэбральны параліч, але ў яго ёсць надзея на выздараўленне. Але для яе ажыццяўлення яму кожны год трэба ехаць у Расію на аперацыю і затым праходзіць курс рэабілітацыі. Расходы на лячэнне немалыя і, трэба думаць, матэрыяльная дапамога сям’і будзе вельмі дарэчы.
Работнікі гаргазу купілі памперсы, сродкі гіены, салодкія падарункі для Мікіты Буйніцкага з Палушаў на 650 тысяч рублёў.
Калектыў раённай бальніцы дадаткова да ранейшых 1 мільёна 570 тысяч рублёў, перададзеных Ані Дамуць, сабралі яшчэ 745 тысяч рублёў і перадалі іх вельмі прыгожай і таленавітай дзяўчыне Вікторыі Сянюць з вёскі Варона. Цяжкая хвароба не дазваляе ёй паўнацэнна рухацца – але дзяўчына не падае духам і стварае вельмі прыгожыя, светлыя карціны. Хочацца спадзявацца, што гэтая дапамога хоць неяк дапаможа Вікторыі ў самарэалізацыі і некалі мы яшчэ наведаем выстаўку яе работ і яе талент стане агульнапрызнаным
Сям’я Пляско з Астраўца – асаблівая. Мужнасці і дабрыні Валянціны Генрыхаўны можна падзівіцца. Жанчына адна, без мужа выхоўвае васьмігадовага сына Яраслава, у якога цяжкае анкалагічнае захворванне. І тым не менш яна знайшла ў сабе душэўныя сілы, каб узяць на выхаванне асірацеўшую дзяўчынку Вікторыю, якая знайшла ў новай сям’і не толькі маму і браціка, якога бязмежна любіць, але і любоў, пяшчоту, клопат. Валянціна свята верыць, што ўчынкі чалавека – і добрыя, і дрэнныя – вяртаюцца да яго, памножаныя шматразова. Дапамога, якую аказалі сям’і Пляско варнянскі праваслаўны прыход, Ала Зяленская, Капіталіна Цімафееўна Пятроўская і калектыў упраўлення капітальнага будаўніцтва, які сабраў 600 тысяч рублёў, думаецца, лішняе таму пацвярджэнне, якое да таго ж, магчыма, стане пачаткам новага ланцужка добрых спраў, кругазвароту дабра ў прыродзе.
2 мільёны 320 тысяч рублёў сабраў для дапамогі хворым дзецям калектыў кардоннай фабрыкі “Альхоўка”. 320 тысяч з іх былі перададзены па іх просьбе сям’і Паліны Віткевіч, а 2 мільёны – сям’і юнага жыхара Альхоўкі Алега Кардзіса – таленавітага, прыгожага і разумнага хлопчыка, які разам са сваімі бацькамі мужна змагаецца з цяжкай хваробай.
559 тысяч рублёў ад раённага спажывецкага таварыства перададзены сям’і Веранікі Саковіч – у дзяўчынкі цяжкае анкалагічнае захворванне. 190 тысяч ад калектыву Рымдзюнскай сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання перададзены бацькам Эдгараса Петрыка.
Грошы працягваюць паступаць – сёння мы расказалі толькі пра тыя сумы, што ўжо перададзены хворым дзецям. Усе яны будуць перададзены ў сем’і, дзе ў іх ёсць самая вострая патрэба.
А ўсім людзям, што перадалі дапамогу, хочацца сказаць ад імя гэтых сем”яў словы шчырай падзякі. І пажадаць, каб іх дабрыня, спагада, міласэрнасць вярнуліся да іх, прымножаныя шматразова…


Ніна РЫБІК.