Працягні руку дапамогі

09:00 / 14.11.2011

“Лепш быць здаровым і багатым, чым бедным і хворым”, — гэтая цынічная фраза стала даволі папулярнай у апошнія гады. Прыдумалі яе, трэба думаць, менавіта здаровыя і багатыя. Якім, напэўна, здаецца, што яны ніколі не стануць беднымі і хворымі. Што ў іх дастаткова грошай, каб купіць усё, што ім трэба. І яшчэ крышку…


Праўда, здараецца, і даволі часта, што такія самаўпэўненыя “бураціны” ў адзін момант зведваюць на сваёй скуры мудрасць іншай ісціны – “Ад бальніцы і цямніцы не заракайся”. І даведваюцца, як гэта цяжка, прыкра, балюча да адчаю – быць хворым і бедным… Бо адно за другім ідуць амаль што крок у крок, непадзельна. Можна, вядома, быць здаровым і бедным — але хворы рэдка бывае багатым.
Асабліва, калі хвароба – доўгая і цяжкая…
Асабліва, калі яна цягне за сабой інваліднасць…
Асабліва, калі ў інвалідным крэсле – самае дарагое, самае роднае, што ў цябе ёсць — тваё дзіця… І ты просіш Бога ўжо нават не аб тым, каб яно паправілася, разумеючы марнасць гэтых малітваў, а пра тое, каб Усявышні хоць бы аблегчыў яго пакуты. Бо гэта невыносна: бачыць, як боль працінае яго маленькае бездапаможнае цельца – і не мець магчымасці дапамагчы, забраць на сябе яго пакуту, суцішыць, убачыць на родным тварыку хоць бы цень неасэнсаванай усмешкі.
“Здаровыя і багатыя”, і нават не зусім здаровыя і зусім небагатыя, звычайна мала ведаюць пра боль і адвечную пакуту сямей, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды. Такія дзеткі, як правіла, схаваны за сценамі дамоў і кватэр, і бацькі не асабліва афішуюць сваё гора перад чужымі людзьмі – а некаторыя і блізкім не спяшаюцца яго паказваць. Нібы саромеючыся, нібы гэта не бяда іх, а віна… Ці проста, свядома ці не, імкнуцца абараніць сябе і сваё дзіця ад дадатковых выпрабаванняў: цікаўных і не заўсёды добразычлівых позіркаў, нетактоўнага пытання ці насмешкі, злога ці проста неасцярожнага слова, якое знарок ці не можа зляцець з вуснаў выпадковага знаёмага — і прычыніць дадатковы боль. У свеце здаровых хворым і іх блізкім не вельмі камфортна – як і бедным у свеце багатых.
Але парадокс у тым, што гэтым двум паралельным светам трэба, проста неабходна судакранацца і перасякацца! Хворым — каб ведаць, да чаго імкнуцца, каб набірацца новых эмоцый і практычных навыкаў, каб вучыцца жыць у гэтым паралельным свеце, дзе ўсё ідзе па сваіх, не заўсёды зразумелых і вельмі нялёгкіх законах. А здаровым – каб ведаць, што існуюць боль і цяжкасці, побач з якімі твае штодзённыя праблемы ад таго, што сын атрымаў “двойку”, а дачка не памыла за сабой посуд, што крыва паглядзела сяброўка ці начальнік аб’явіў вымову “ні за што”, падаюцца шолахам апалага лісця пад нагамі: яно, вядома, навявае лёгкі сум – але ж вясной з’явіцца новае!
У нашым раёне жыве 74 сям’і, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды. Самыя розныя – гарадскія і вясковыя, поўныя, дзе з бядой змагаюцца абодва бацькі пры падтрымцы родных і блізкіх і тыя, дзе маці ў адзіночку – нясуць гэты крыж. З рознымі прычынамі і дыягназамі, што прывялі дзяцей да страты здароўя і інваліднасці, з рознай ступенню надзеі на цуд выздараўлення. Усім гэтым семя’м вельмі цяжка, бо хвароба пасялілася ў іх дамах, як галоўны член сям’і, які забірае на сябе ўвесь час, сілы, грошы…
І ўсё ж ёсць тыя, каму асабліва цяжка. Гэта сем’і, дзе ў дзяцей, гаворачы медыцынскай мовай, чацвёртая ступень страты здароўя. А калі перавесці на агульназразумелую мову, то гэта дзеці ляжачыя. Такіх сямей у раёне дзевяць. Дзе дзеці не могуць сябе абслугоўваць, гаварыць, смяяцца. А толькі ляжаць, есці – не ўсялякую ежу, зразумела – спраўляць свае фізіялагічныя патрэбы і крыкам паведамляць маці, што яму дрэнна ці некамфортна.
Дрэнна і некамфортна ім бывае часта – і маці з ног збіваюцца, каб іх няшчасныя, але ад таго не менш, а можа, яшчэ больш любімыя дзеці былі дагледжаны. Каб ім было цёпла, сытна – і суха. Для ляжачых інвалідаў гэта ці не асноўная ўмова камфорту.
Напэўна, не раз і не два яны ўзносілі хвалу невядомаму вынаходцу памперсаў, якія для іх дзяцей – прадмет першай неабходнасці, амаль такі ж, як харчаванне. Але ў нашай высокаінтэлектуальнай краіне, дзе даўно навучыліся выпускаць самыя складаныя машыны і высокатэхналагічныя прыборы, наладзіць вытворчасць памперсаў пакуль не змаглі. І сёння гэты жыццёва неабходны многім сем’ям сродак гігіены – выключна імпартнай вытворчасці. З усімі выцякаючымі пасля скачка курса замежнай валюты для сямейнага бюджэту наступствамі… Дастаткова сказаць, што пенсіі, якую атрымлівае інвалід першай групы, і дапамогі даросламу члену сям’і па яго догляду хапае ў большасці сем’яў толькі на гэтыя памперсы. А калі ў сям’і ёсць яшчэ дзеці? А калі, што здараецца нярэдка, сям’я няпоўная?
Пасля “Круглага стала”, які праходзіў у рэдакцыі “Астравецкай праўды” ў мінулым месяцы і дзе гэтая праблема паўстала ва ўсёй сваёй вастрыні, праўленне раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, старшынёй якой мяне абралі нядаўна, разам з раённым аддзяленнем таварыства Чырвонага Крыжа звярнулася да кіраўнікоў гаспадарак, прадпрыемстваў і арганізацый, усіх нераўнадушных людзей з просьбай дапамагчы сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды любым магчымым для іх спосабам.
І ў чарговы раз з радасцю пераканалася: няпраўда, што наш свет ачарсцвеў і ў ім няма добрых спагадлівых людзей! Ледзь толькі пісьмы былі атрыманы, у рэдакцыю сталі тэлефанаваць людзі і прапаноўваць сваю дапамогу – фінансавую, натуральную. Пакуль не будзем называць іх – работа па збору сродкаў для дапамогі сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, працягваецца. На сайце “Астравецкай праўды” мы плануем адкрыць спецыяльны раздзел “Працягні руку дапамогі”, дзе можна будзе знайсці звесткі пра людзей, якім найбольш патрэбна дапамога ў дадзены момант, спосабы яе аказання, а таксама імёны людзей і назвы арганізацый, якія гэтую дапамогу аказалі.
Але я ўпэўнена: людзі дапамагаюць іншым людзям найперш па патрабаванню душы, з-за міласэрнасці і спагады да тых, каму ў наш сённяшні час цяжэй, чым нам, чым кожнаму з нас. Бо, як сказала мама аднаго з хлопчыкаў-інвалідаў у размове за “Круглым сталом”, калі даведваешся, якая бяда цябе напаткала, першае пытанне, якое прыходзіць у галаву: ЗА ШТО? І ўжо потым прыходзіць разуменне, што гучаць яно павінна інакш: не ЗА ШТО, а НАВОШТА?
…Як сказана ў Святым Пісанні, блажэнныя міласцівыя – бо яны памілаваны будуць. Можа, гэтая дапамога, якую працягне абяздоленым кожны з нас, патрэбна найперш нам. Каб не забыць у паўсядзённай мітусні, справах, праблемах, дробных крыўдах, што ўсё ж мы – людзі, якіх Гасподзь зрабіў па вобразу свайму і падабенству…
І пастарацца хоць у нечым, хоць крышачку адпавядаць гэтаму вобразу.


Ніна РЫБІК.