Будзем жыць!

16:32 / 22.07.2011
Месяцы два назад на сайце нашай газеты ostrovets.by і на старонках “Астравецкай праўды” разгарнулася актыўная дыскусія з нагоды планаў будаўніцтва ў нашым раёне атамнай электрастанцыі паміж супрацоўнікам нашай газеты Эдуардам Свірыдам і невядомай нам, але вельмі актыўнай чытачкай Марынай. Пераказваць яе няма сэнсу – каментарыі Марыны і адказы на іх Эдуарда Свірыда і сёння знаходзяцца на сайце нашай газеты ў каментарыях да артыкула “Паразважаем без істэрык”.

Марына і далей спрабавала прадоўжыць дыскусію, але рэдакцыя спыніла яе па той простай прычыне, што аргументы і довады як у аднаго боку, так і ў другога сталі паўтарацца, і як пісала сама Марына ў адным са сваіх каментарыяў, “…здаецца мне, што гэта ўзаемнае пераконванне і адстойванне ўласнай пазіцыі можа цягнуцца ў бясконцасць, і каментарыі будуць усё даўжэйшымі.” Так яно на самой справе і атрымлівалася, і “таўчы ваду ў ступе”, займаючы газетную плошчу, не было ніякага сэнсу – чытачоў раённай газеты цікавяць і іншыя тэмы, акрамя будаўніцтва АЭС. У пытаннях развіцця атамнай энергетыкі ўвогуле і ў Беларусі ў прыватнасці даўно ёсць свае непрымірымыя як прыхільнікі, так і праціўнікі, у кожнага з іх – свае аргументы і высновы. Напэўна, хоць бы Эдуард Свірыд ці тая ж Марына са скуры вылузнуліся – не пераканалі б сваіх апанентаў. І тое, што людзі не маюць доступу да інфармацыі, каб сфарміраваць уласнае меркаванне, таксама няпраўда. У нашым камп’ютарызаваным свеце знайсці любыя звесткі — не праблема, і “Астравецкая праўда” – не першая і не адзіная крыніца падобнай інфармацыі, бо ў раённай газеты крыху іншыя мэты і задачы. Іншая справа, што часта людзі шукаюць не аб’ектыўную інфармацыю, а аргументы ў падтрымку свайго ўжо сфарміраванага меркавання, начыста адмятаючы процілеглыя, а часцей за ўсё – нават не знаёмячыся з імі. І, вядома ж, знаходзяць — як адны, так і другія.


І ўсё ж Марына прымусіла нас вярнуцца яшчэ раз да гэтай тэмы і дыскусіі. Яна напісала ліст асабіста мне.


“Сп. Ніна Рыбік! Дазвольце звярнуцца асабіста да вас! Мне вельмі падабаюцца Вашы артыкулы пра Чарнобыль. Тое, што Вы пішаце, сапраўды кранае, Ваш асабісты боль добра бачны ў гэтых артыкулах. Сп. Ніна Рыбік, Вы ж аднойчы змушаны былі ўцякаць, засталіся без даху над галавой з-за “мірнага атаму”! Ці вам зараз усё роўна, што адбываецца на Вашай новай радзіме? Ці Вы жадаеце зноў жыць каля АЭС, і каб Вашы дзеці побач з ёй жылі? Я не магу паверыць у тое, што чалавек, якога сваёй далонню кранулася гэтая бяда, і адабрала ў яго тое, што ён меў… не магу паверыць, што гэты чалавек будзе падтрымліваць атамную энергетыку! І хай не пераконваюць, што ад “чарнобыльскага сіндрому” трэба пазбаўляцца! Гэта тое самае, як… не ведаю… як забойцу, які забіў блізкага табе чалавека, не садзіць за краты, а пасяліць побач з сабой, і даць яму ўсё самае лепшае, і гімны хвалебныя яму складаць!”


І хоць я ўжо пісала на гэтую тэму, але ж, напэўна, Марына гэтага не чытала. Магчыма, і іншыя – таксама. Да таго ж яна задала новыя пытанні… Пагэтаму лічу патрэбным яшчэ раз выказаць уласныя адносіны чарнобыльскай перасяленкі да тэмы магчымага будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астравецкім раёне, які даўно стаў мне другой радзімай, яшчэ больш дарагой і роднай з-за таго, што першай, па сутнасці, няма: яна – у Хойніцкім раёне, за калючым дротам і наведаць спустошаную вёску і пакінуты родны дом можна толькі раз у год – на Радуніцу.


Так, Марына, Вы маеце рацыю: мне зусім неабыякава, што тут адбываецца. І я, як і любы нармальны чалавек, хачу жыць у прыгожым, экалагічна чыстым краі без  страху за здароўе – сваё і блізкіх, мець магчымасць хадзіць у лес, збіраць грыбы і ягады, купацца, есці рачную рыбу. Аднойчы мы ўжо былі пазбаўлены ўсяго гэтага, і я ведаю, што жыць побач з такой прыгажосцю і прыроднымі багаццямі і не мець магчымасці да яе дакрануцца – гэта  не проста пакута, гэта згуба не столькі для фізічнага здароўя, колькі для псіхічнага. Як і кожная маці, я хачу, каб мае дзеці былі здаровыя і шчаслівыя, каб калі-небудзь, Бог дасць, у мяне з’явіліся ўнукі і жылі побач са мной, і я вадзіла іх гуляць у наш лесапарк, каб яны маглі бегаць басанож па траўцы, каб я збірала для іх суніцы і чарніцы…


Але чаму Вы і Вашы аднадумцы лічыце, што пасля будаўніцтва ў раёне атамнай электрастанцыі такая магчымасць у жыхароў Астравеччыны аўтаматычна знікне? Што дае Вам падставы так меркаваць? Тое, што некалі быў Чарнобыль? Дык мая родная вёска знаходзілася ў нейкіх сямі кіламетрах ад Чарнобыльскай станцыі, і да аварыі яе блізкасць калі і ўплывала на жыццё маіх аднавяскоўцаў, то толькі ў станоўчым сэнсе, бо давала магчымасць моладзі знайсці працу і ўладкаваць жыццё, а людзям старэйшага пакалення – прыдбаць сёе-тое з адвечных савецкіх дэфіцытаў у гарадку энергетыкаў Прыпяці. А ўвогуле нашы людзі лавілі рыбу, збіралі грыбы і ягады, садзілі агароды, пілі сваё малако і елі мяса – і ніякіх асаблівых змен у здароўі іх не назіралася.


“Ха-ха, да аварыі! — хмыкне скептык. – У тым уся і справа. А калі раптам “рване” – тады што?”


Ну а калі раптам, крый Божа, трапіць у аварыю машына? Што, перастаць ездзіць і перайсці на пешую хаду? Дык і пешаходаў збіваюць… І параходы тонуць, і самалёты разбіваюцца – і ніхто чамусьці не патрабуе забараніць карабле- ці самалётабудаўніцтва, хоць у свой час, на зары іх з’яўлення, былі і такія спробы. Больш таго: людзі, ведаючы ўсю гэтую трагічную статыстыку, тым не менш аддаюць немалыя грошы, каб набыць новы аўтамабіль, купіць білет на авіярэйс ці адправіцца ў марскі круіз.


Зрэшты, усе мы пад Богам ходзім. У мяне няма падстаў не верыць спецыялістам і сумнявацца ў надзейнасці першай беларускай АЭС. Але я разумею, што ніхто і нішто, акрамя Усявышняга, не можа даць абсалютнай, стопрацэнтнай гарантыі. А таксама — тое, што тэхнічны прагрэс пры ўсім жаданні некага, і нават вельмі многіх, спыніць немагчыма. Не спынілася ж асваенне космасу пасля катастрофы “Чэленджэра”! Дык, як сказаў нехта мудры, “Не можаш змяніць абставіны – змяні свае адносіны да іх”. Бо, як паказаў мой уласны вопыт, у тым ліку і жыцця ў постчарнобыльскіх Хойніках, пастаянны страх, трывога за дзяцей, няўпэўненасць у заўтрашнім дні, пошукі выйсця здольны прынесці куды большую шкоду здароўю, чым непасрэдна ўздзеянне малых доз радыяцыі, якому мы падвяргаліся там пастаянна.


Вы, Марына, не верыце, што забойцу блізкіх можна пасадзіць побач і даць яму самае лепшае… Напэўна, у нечым вы маеце рацыю: забойцу і сапраўды трэба схаваць за краты. Але брата, сына, унука забойцы, нашчадкаў да сёмага калена? Таксама? На ўсякі выпадак – а раптам яны таксама вырастуць забойцамі? Але ў чым яны вінаваты? У тым, што некалі нешта страшнае зрабіў іх продак? Баюся, што пры такім падыходзе кратаў на ўсіх не хопіць… Ці за імі апынецца больш людзей, чым на волі – і пытанне: дзе яна, воля? — стане рытарычным…


Не ведаю, Марына, ці пераканала я Вас, што перасяленец з Чарнобыльскай зоны можа спакойна адносіцца да будаўніцтва на сваім новым месцы жыхарства атамнай электрастанцыі, але я старалася быць шчырай.  Можа, Вам гэта падасца жахлівым, але мяне – і наколькі я ведаю, не толькі мяне, а і большасць маіх землякоў, што пераехалі на Астравеччыну — гэта не палохае. Ва ўсякім выпадку, ніхто з іх не кінуўся прадаваць кватэры і мяняць месца жыхарства…


У адрозненне ад Вас, я сапраўды лічу, што ад “чарнобыльскага сіндрому” трэба пазбаўляцца – зрэшты, як ад любога сіндрому. (Хоць, па маіх назіраннях, у нечарнобыльцаў ён развіты нашмат больш, чым у тых, хто зведаў усё “на сваёй скуры” – напэўна, таму, што першыя не ведаюць сутнасці, а мысляць стэрэатыпамі). І, паўтаруся, я вельмі б хацела, каб мае дзеці і ўнукі жылі побач са мной, на прыгожай і экалагічна чыстай Астравеччыне. Каб у іх была магчымасць знайсці тут сабе работу ў адпаведнасці са сваім жаданнем, схільнасцямі і прызваннем, якую б яны любілі і якую выконвалі з задавальненнем, а не імкнуліся ў яе пошуках у далёкія ці не вельмі гарады і краіны. Каб за гэтую работу яны атрымлівалі прыстойную зарплату, якая б дазваляла ім дастойна існаваць. Каб ім было дзе адпачываць і развіваць свае таленты і здольнасці. Каб яны ганарыліся не толькі мінуўшчынай і традыцыямі сваёй другой радзімы – для іх яна практычна першая, але і яе сённяшнім днём.


Але гэта, па майму глыбокаму перакананню, магчыма толькі ў выпадку ажыццяўлення праекта па будаўніцтву ў раёне АЭС ці яшчэ якога іншага буйнога прадпрыемства – але тады ўжо хай лепш будзе АЭС, чым, да прыкладу, які-небудзь цэментны завод. Бо ў адваротным выпадку Астравецкі раён, які сёння налічвае крыху больш за 24 тысячы жыхароў – і колькасць насельніцтва, як сведчыць статыстыка, штогод змяншаецца на 300-500 чалавек, праз 10-15, у крайнім выпадку – праз 20 гадоў проста перастане існаваць. І ператворыцца ў суцэльны дачны пасёлак, дзе будуць з прыемнасцю бавіць вольны час тыя, хто мае магчымасць і сродкі набыць тут зямлю і нерухомасць. І тады яны, “дачнікі”, стануць гаспадарамі ў нашым непаўторна-прыгожым краі — і няўжо Вы, Марына, лічыце, што ім будзе справа да культурнай і гістарычнай спадчыны Астравеччыны? А карэнныя жыхары – хто застанецца, у каго не будзе магчымасці з’ехаць — стануць выжываць, шукаючы працу на іх падвор’ях у якасці садоўнікаў ці пакаёвак. Гэта  не сумныя прагнозы – гэта ўжо сёння ява многіх гэткіх жа, як Астравецкі, раёнаў: невялікіх, прыгожых, экалагічна чыстых і эканамічна не вельмі развітых. Ды і ў нас першыя парасткі такой “светлай будучыні” сталі з’яўляцца…


Так што – будзем жыць! У нашым прыгожым і экалагічна чыстым, багатым на гісторыю і цудоўных людзей краі. Які, думаю, не стане горшым пасля таго, як тут пабудуюць атамную электрастанцыю.


Ніна РЫБІК.