Дзень чарнобыльскай трагедыі: жыць – і помніць

15:20 / 26.04.2011
Галоўны рэдактар Ніна Рыбік




Дэзактывацыя забруджаных тэрыторый у 1986-м


Чарговая гадавіна аварыі ў Чарнобылі… На гэты раз юбілейная, 25-я. І – чарговы “залп” публікацый у сродках масавай інфармацыі, перадач на тэлебачанні, узмоцнены гэтай юбілейнай складаючай.

Танальнасць іх самая розная – ад гераічна-паблажлівага: ды нічога асаблівага не адбылося ў Чарнобылі, і не варта было такую паніку раздуваць… А калі што і было, дык гэта ўсё мы ўжо гераічна пераадолелі, усе наступствы. Да панічнага ляманту: Чарнобыль – гэта канец свету, а чарнобыльцы – жывыя нябожчыкі, да таго ж – хадзячыя рэактары… Канешне, сёння, як чвэрць стагоддзя назад, перасяленцаў і ліквідатараў не абыходзяць бокам, баючыся лішні раз незнарок дакрануцца да “заразных”; ад кватэр на адной лесвічнай пляцоўцы з імі не адмаўляюцца з той нагоды, што ў агульным двары яны будуць выбіваць свае радыеактыўныя дываны – але было і такое ў нашым жыцці.
А ісціна, як заўсёды, недзе побач. Канешне, я не магу прэтэндаваць на поўнае і аднаасобнае валоданне ёю – і ўвогуле не ведаю, хто можа гэтым пахваліцца. Але сваё меркаванне – выпакутаванае, вынашанае, перажытае – у мяне ёсць, і я маю на яго права.
Скажу шчыра: мяне крыху раздражняюць усе гэтыя “юбілейныя”, прымеркаваныя да пэўнай даты публікацыі – міжволі ўзгадваецца бессмяротнае Грыбаедаўскае “Шумім, браткі, шумім…” Не, я не лічу, што ўсе гэтыя выступленні ў СМІ “з нагоды” — кан’юнктурныя і не адпавядаюць сапраўднасці: ёсць сярод іх вельмі глыбокія, пазнавальныя, эмацыянальна яркія, павучальныя. Але чарговая “юбілейная кампанія”, якая рэзка спыняецца пасля вызначанай даты – бо ідуць жа іншыя даты і юбілеі — лішні раз сведчыць, што ў паўсядзённым жыцці пра Чарнобыль найчасцей забываюцца – усе, каму не даводзіцца займацца гэтым непасрэдна ў сілу сваіх прафесійных і службовых абавязкаў. Праўда, зараз, у сувязі з будаўніцтвам першай беларускай АЭС, успамінаюць часцей – але, як правіла, толькі ў адным, пэўным кантэксце у стылі дзіцячай страшылкі: “Не хадзіце, дзеці, у Афрыку гуляць, у Афрыцы гарылы ды злыя кракадзілы”.




Акцыя "Запалім свечкі памяці" прайшла ў Мінску ў памяць ахвяр катастрофы на ЧАЭС, 18.04.2011


А забывацца пра Чарнобыль нельга – як і зводзіць яго наступствы выключна да нейкага аднаго полюсу. Хоць бы таму, што 26 красавіка 1986 года – не проста трагічная дата. Яна актуальная і цяпер. Недаацэньванне яе, як і перабольшванне, толькі павялічвае наступствы аварыі. Бо калі сказаць, што ўсё даўно закончылася і на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях можна жыць, як і да аварыі – сёй-той гэта ўжо прапануе і нават паціху робіць – можна прыйсці да невядомых і далёка ідучых наступстваў. Канешне, ёсць экстрэмалы ці людзі, мала дасведчаныя, якія добраахвотна ставяць эксперыменты са сваім здароўем і жыццём, і не толькі ў чарнобыльскай зоне, але паўтараць іх прыклад у шырокім маштабе было б па меншай меры неразумна, калі не сказаць – злачынна.
Гэткім жа неразумным і нават злачынным мне здаецца перад’юбілейная істэрыя вакол Чарнобыля і яго праблем з далёка ідучымі высновамі: маўляў, вы паглядзіце, што нарабілі, колькі людзей сталі ахвярамі – і цяпер, каб не дапусціць падобнага, трэба ўсё закапаць, зараць, загарадзіць бетонным плотам, а ядзерныя даследаванні ўвогуле спыніць, каб у чарговы раз не выпусціць джына з бутэлькі. Як гэта ні парадаксальна, але такія высновы, як і папярэднія, звязаныя зноў-такі з недахопам інфармацыі і ведаў – хоць сёння, у век інтэрнэту, здавалася б, іх можна атрымаць даволі лёгка – было б жаданне. Але жадання часцей за ўсё і не стае: навошта абцяжараць сябе, калі я і так усё ведаю, у мяне сусед ліквідатар, ён мне ўсё расказаў…
На мой далёка непрафесійны, абывацельскі погляд чалавека, які сам у пэўнай ступні з’яўляецца ахвярай Чарнобыля, наступствы буйнейшай тэхнагеннай катастрофы нельга замоўчваць ці ўзгадваць толькі з нагоды чарговага 26 красавіка – гэтак жа, як раздуваць іх, афарбоўваючы выключна ў чорны колер. Іх трэба ведаць, вывучаць – бо і сёння, праз 25 гадоў пасля аварыі, працяглае ўздзеянне малых доз радыяцыі на арганізм чалавека, уплыў іх на здароўе будучых пакаленняў і іншыя вынікі да канца невядомы.
Сёння трэба рэальна клапаціцца аб людзях, якія сталі ахвярамі аварыі – а не аб тых, хто гучней крычыць аб гэтым, патрабуючы да сябе павышанай увагі. Трэба дапамагаць рэгіёнам, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і насельніцтву, што засталося жыць на забруджанай тэрыторыі, вяртацца да нармальнага жыцця – пры ўзмоцненым кантролі за якасцю прадукцыі і здароўем людзей.
І памятаць, выкарыстоўваць урокі Чарнобыля ў далейшым жыцці. Бо вопыт, нават калі ён трагічны, павінен вучыць. Не таму, як усё закрыць, спыніць, закапаць – а як трэба рабіць, каб такога, як у Чарнобылі больш не паўтарылася.

Ніна РЫБІК.