Чорны панядзелак

15:02 / 12.04.2011
Галоўны рэдактар газеты "Астравецкая праўда" Ніна Рыбік

Звычайную клопатную мітусню “другой жаночай змены” панядзелка перапыніў у палове сёмай званок сяброўкі, якая ў той дзень паехала ў сталіцу: “У Мінску адбыўся выбух у метро, на станцыі Кастрычніцкай. Праспект Незалежнасці перакрыты, тут столькі пажарных машын, “хуткіх дапамог”…
Першая рэакцыя – як і ў кожнага нармальнага чалавека: не можа быць! Магчыма, пераблытала нешта сяброўка, можа, там якія вучэнні праводзяцца… Вось і тэлебачанне ні пра што такое не гаворыць, нават НТБ, навіны якога Міхаіл Задорнаў даўно прапаноўваў перайменаваць у “Гадасці” і якое асабліва любіць беларускія “вуткі” “з душком” – нават самі “энтэбэшікі” спецыялізуюцца на іх прыгатаванні…
Але ў 19 гадзін пасля экстранага выпуску навін стала зразумела: не “вутка” і не вучэнні. На станцыі метро “Кастрычніцкая” ў гадзіну “пік”, у 17.55 сапраўды адбыўся выбух, ёсць забітыя і параненыя… З кожным наступным выпускам навін інфармацыя станавілася больш канкрэтнай: выбух невядомага прыстасавання адбыўся на пероне ці ў вагоне прыбываючага цягніка, загінула па папярэдніх дадзеных 7 чалавек, пазней паведамілі пра 12 ахвяр, пацярпеўшых – паўтары сотні… Прэзідэнт краіны А.Р. Лукашэнка асабіста наведаў месца здарэння, усклаў кветкі на месцы гібелі людзей, а вечарам правёў экстраную нараду з міністрамі. Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне аказаць усю магчымую дапамогу пацярпеўшым, узмацніць меры бяспекі на транспарце і ўсе лепшыя сілы кінуць на расследаванне гэтага злачынства – становіцца зразумела, што гэта менавіта тэрарыстычны акт, а не няшчасны выпадак, параіў прыцягнуць да гэта справы больш вопытных расійскіх спецыялістаў…
Першая рэакцыя, як і ў кожнага нармальнага чалавека: шок. Колькі разоў даводзілася быць на гэтай станцыі метро, дзе адбываецца перасадка з адной лініі на другую і дзе не толькі ў перадвечаровы час, а ў любую пару мнагалюдна. Вось і ў той дзень нечыя дзеці спяшаліся з заняткаў дахаты, мужы і жонкі вярталіся пасля работы дамоў…
Патэлефанаваць родным, сябрам і знаёмым у першыя хвіліны не атрымлівалася — сетка была занятая: напэўна, усе, даведаўшыся пра трагедыю, кінуліся высвятляць, дзе знаходзяцца іх родныя і знаёмыя… Як страшна ўявіць, што нехта не пачуў у той вечар у трубцы дарагі голас і словы: “Не хвалюйся, у мяне ўсё ў парадку”.
Пасля, калі на экране паказалі целы загінуўшых, кроў і стогны параненых, стан тых, хто выйшаў з падземкі без ран і траўм, але ў шокавым стане, з’явіліся заканамерныя пытанні: хто? Чаму? Навошта? Каму спатрэбілася забіваць ні ў чым невінаватых людзей, якія проста ехалі па сваіх справах? Хто адчувае асалоду, назіраючы за пакутамі скалечаных, акрываўленых? Для каго трывога, перажыванні, шок мільёнаў беларусаў – бальзам на душу? І якім павінна быць пакаранне за такое злачынства – супраць усяго народа, цэлай краіны?
Можна любіць кавун — ці свіное вушка. Можна маліцца розным багам — ці не маліцца ніякаму. Можна прызнаваць уладу і працаваць з ёй у адной суполцы — ці знаходзіцца да яе ў апазіцыі. Мы ўсе – вельмі розныя. Але нельга забіваць людзей! Увогуле… А тым больш — проста так, нават не таму, што ён – не такі, як ты, а таму, то нехта іншы – не такі, і за гэта павінны расплаціцца жыццём ці здароўем падлетак, цяжарная жанчына, бабулька, якая па волі лёсу апынулася ў той дзень і ў тую хвіліну ў вагоне ці на пероне метро.
У тэрарызму няма апраўданняў. З тэрарыстамі нельга дамаўляцца. Немагчыма зразумець логіку іх крывавых злачынстваў, на якія здольны хіба што чалавек з вывернутай псіхікай – які, тым не менш, цудоўна разлічыў, дзе, у якім месцы і ў які час выбух можа прынесці найбольш ахвяр…
Іх трэба проста знішчаць – як паразітаў, шкоднікаў, як ракавую пухліну на целе грамадства. Дзеля таго, каб іншыя людзі – розных нацыянальнасцей, веравызнанняў, палітычных поглядаў – маглі спакойна ездзіць у метро і хадзіць па вуліцах гарадоў і вёсак.