Анкета "Астравецкай праўды": што чытаюць, як ацэньваюць, чаго чакаюць?

15:00 / 11.01.2011
1

У апошні дзень кастрычніка мінулага года ў “Астравецкай праўдзе” была надрукавана анкета для нашых чытачоў, з дапамогай якой калектыў рэдакцыі хацеў даведацца, што людзям падабаецца ў газеце, што – не вельмі і што б ім хацелася змяніць. На працягу лістапада мы з некаторым хваляваннем прымалі анкеты, а потым аналізавалі іх, абмяркоўвалі ў калектыве. І што ж атрымалася ў выніку? Думаецца, абагульненую думку чытачоў пра “раёнку” цікава будзе даведацца і ім самім, бо ад яе ў пэўнай ступені залежыць, як далей будзе развівацца наша газета.


Удзел у анкетаванні прыняло 140 чалавек — не так многа ў параўнанні з агульнай колькасцю чытачоў, але ж пэўныя абагульненні рабіць можна. Пераважная большасць іх – 114 чалавек – чытаюць газету досыць даўно – больш чым дзесяць гадоў ці ўсё свядомае жыццё, так што меркаванне сваё выказвалі асэнсавана. Некаторыя, запаўняючы анкету, зрабілі вельмі дасканалы аналіз, нават большы, чым дазвалялі лаканічныя пытанні – пакідалі дадатковыя заметкі, свае каментарыі на палях – і гэта для нас вельмі каштоўна, бо сведчыць, што людзі сапраўды цікавяцца газетай і хочуць, каб яна была лепшай.
Праўда, былі і такія, што анкеты запаўнялі, прабачце, ад няма чаго рабіць – і гэта было адразу відаць па іх адказах. Бо калі чалавек сведчыць, што выпісвае газету і чытае “Астравецкую праўду” рэгулярна, дае выданню пасрэдную ацэнку, чытае толькі навіны раёна – і пры гэтым усім рубрыкам і праектам ставіць выдатныя адзнакі – то гэта сведчыць пра павярхоўнасць адказаў.
Пераважная большасць нашых рэспандэнтаў чытаюць газету рэгулярна, бо выпісваюць, а некаторыя пры гэтым яшчэ і чытаюць яе на сайце, менш – купляюць ці чытаюць на рабоце або ў знаёмых.
Выдатную адзнаку паставілі “Астравецкай праўдзе” 22 працэнты апытаных – 31 чалавек, 36 рэспандэнтаў лічаць, што наша газета – вельмі добрая, 54 абышліся больш сціплай адзнакай – проста добрая. Пятнаццаць чалавек – 11 працэнтаў — лічаць, што яна даволі пасрэдная. А вось “дрэнна” і “вельмі дрэнна” не паставіў ніхто – мусіць, таму, што людзі, якія так лічаць, нашу газету проста не чытаюць – у іх свае прыярытэты і свае выданні.
Што ж чытаюць людзі на старонках “Астравецкай праўды”?  Практычна ўсе – навіны раёна, крыху менш — рэкламу і аб’явы. Далей рэйтынг папулярнасці склаўся наступным чынам: расказы пра людзей, матэрыялы школьнай тэматыкі (сярод рэспандэнтаў было шмат настаўнікаў), забаўляльная інфармацыя і гістарычныя даследаванні, матэрыялы пра АЭС, справы сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, навіны рэспублікі, літаратурныя творы. Найменш балаў набрала праграма тэлебачання і загалоўкі ды фотаздымкі.
Калі ж мы вывелі сярэдні бал, які атрымалі нашы праекты і пастаянныя рубрыкі па ацэнках чытачоў, то аказалася, што на першым месцы апынулася наша самая даўняя тэматычная старонка – “Літаратурная”. На другім месцы – яшчэ адзін “старажыл” газеты – сямейная старонка “Пад дахам дома твайго”. На трэцім – “Агляд падзей у рэспубліцы і свеце”. Традыцыйна шмат прыхільнікаў у “Суботняга калейдаскопа”. Нас парадавала, што адносна маладыя нашы праекты таксама паспелі знайсці сваіх пастаянных чытачоў: тэматычная старонка “На карце Астравеччыны” ўладкавалася на пятым месцы, “Маладзёжны востраў” – на шостым, “Сядзіба” – на сёмым… У першай дзесятцы – старонка чытацкіх пісьмаў “Ваша слова, чытачы”, праваахоўная старонка “Чалавек і закон”, “Альфа і Амега школьнага жыцця”.
Безумоўна, пералічыць усе рубрыкі і тэматычныя старонкі ў анкеце не было магчымасці — мы папрасілі чытачоў адзначыць тыя з іх, што не ўвайшлі ў апытанне. Былі адзначаны дадаткова многія нашы праекты – “Візаві”, “Рэпарцёр выходзіць у свет”, “Лёсы людскія”, здымкі маладажонаў, “Парасткі”, бываліцы, “Аўтарскі ракурс”, матэрыялы да 70-годдзя раёна, уражанні журналістаў ад вандровак, гістарычныя артыкулы і нават зусім “маладыя” – “36,6”, нядаўні конкурс “Міс Вясна”.
Усе журналісты, што працуюць у “раёнцы”, маюць сваіх прыхільнікаў сярод нашых чытачоў. У больш вопытных – Ніны Рыбік, Ганны Чакур, Эдуарда Свірыда, Таісы Сямёнавай — іх, зразумела, больш. Але і наша моладзь – Алена Ярашэвіч, Марына Мацкевіч, Вольга Шоўкун, Андрэй Памецька, Антон Мальшэўскі — ужо займела сваіх “фанатаў”.
Нас вельмі цікавіла, ці задавальняе чытачоў праграма тэлебачання – некаторыя з іх раней выказвалі пажаданне, каб яна павялічылася. Анкетаванне ж не дало дакладнага адказу, ці варта пашыраць праграму тэлебачання: 67 апытаных – 48 працэнтаў – праграма задавальняе, 60 – 43 працэнты – адказалі, што не чытаюць яе ўвогуле ці бяруць у іншых выданнях. Але, каб пашырыць праграму тэлебачання і даваць удвая больш каналаў, як просяць некаторыя, трэба адпаведна павялічыць і аб’ём газеты і яе падпісную цану. Ці гатовы людзі плаціць больш за газету, калі яна зменіць аб’ём і перыядычнасць – на гэтае пытанне палова рэспандэнтаў адказала станоўча. Праўда, мы не ўпэўнены, што яны гатовы плаціць менавіта за праграму тэлеперадач, таму пакуль што пакідаем яе ў ранейшым аб’ёме…
Найбольш жа чытачоў жадаюць, каб газета стала паўнаколернай – 57 апытаных, павялічыла перыядычнасць — 27, аб’ём – 25, палепшыла паліграфічнае выканне – 37 чалавек. Праўда, многія пры гэтым хочуць, каб каштавала яна, як і раней – думаю, не трэба тлумачыць, што гэта практычна немагчыма…
Шмат цікавых прапаноў паступіла ад нашых чытачоў у адказ на пытанне, што яшчэ варта было б дабавіць у газеце. Пераказваць усе іх не мае сэнсу: рэдакцыя працуе над найбольш  цікавымі з іх, і хутка вы ўбачыце на старонках газеты нашу спробу ажыццявіць вашы пажаданні.
Пажаданні ж газеце былі самымі што ні ёсць навагоднімі – дай Бог, каб усе яны спраўдзіліся – “Росквіту”, “Удзячных чытачоў”, “Поспехаў”, “Здароўя”, “Захаваць павагу і ўдзячнасць чытачоў на доўгія гады”, “Творчых поспехаў”, “Цікавых ідэй і іх рэалізацыі”, Заставацца на тым жа ўзроўні – не меней”, “Так трымаць і надалей” – і яшчэ шмат, шмат, шмат…
Ну што ж, будзем старацца апраўдваць гэтыя шчырыя пажаданні нашых чытачоў і не здаваць пазіцыі, а развівацца і надалей. Спадзяемся, што пры такой чытацкай падтрымцы ў нас усё атрымаецца, і “Астравецкая праўда” будзе захоўваць дасягнутыя пазіцыі і заваёўваць новыя рубяжы.


Ніна РЫБІК.