Гурт NaviBand і гісторыя іх жыцця

16:19 / 15.05.2017

E6uING5PIuw.jpgГурт NaviBand, які прадстаўляў Беларусь на конкурсе Еўрабачанне ў Кіеве, выйшаў у фінал і заняў 17 месца з 26 краін-удзельніц. Добра гэта ці дрэнна, вырашайце самі. Але, перш чым вызначыцца з адзнакай, крыху статыстыкі: Беларусь удзельнічала ў Еўрабачанні ў трынаццаты раз. І сёлета быў пяты раз, калі нашы выканаўцы прабіліся ў фінал. Да NaviBand гэта зрабіў у 2007 годзе Дзмітрый Калдун, які заняў 6-е месца – хоць справядлівасці дзеля варта сказаць, што ён ужо больш расійскі, чым беларускі артыст, а таксама група “3+2” –2010 год, 24 месца, Алёна Ланская і ТЕО, адпаведна 2014 і 2015 гады -- абое апынуліся на 16-ым месцы.

Я ж лічу выступленне гурта NaviBand на “Еўрабачанні” перамогай – хоць і не з’яўляюся вялікай прыхільніцай гэтага конкурсу і не бяру на сябе смеласць разбіраць “па костачках” ні песні, ні выканаўцаў. Сёлета глядзела яго толькі таму, што вельмі “хварэла” за нашых рабят – такіх маладых, прыгожых, шчырых, непасрэдных, таленавітых Ксенію Жук і Арцёма Лук’яненку -- пашанцавала паслухаць іх песні і нават крыху пагутарыць падчас канцэрта NaviBand у Гродна.  Не менш перажывала за іх песню – ўпершыню ў гісторыі гэтага конкурсу на Еўрабачанні загучала беларуская мова! Песня, на першы погляд, вельмі просценькая, але па сутнасці, нават па назве сваёй -- надзвычай глыбокая. “Гісторыя майго жыцця” – гэта не толькі назва песні беларускіх удзельнікаў “Еўрабачання”: гэтыя словы маглі б стаць дэвізам іх уласнай гісторыі жыцця.

Нагадаю: Ксенія і Арцём толькі з трэцяга разу “прабіліся” праз густое сіта нацыянальнага адбору на конкурс “Еўрабачанне”. Але ні ранейшыя няўдачы, ні парады ўсёведаючых дарадцаў не прымусілі іх здрадзіць сабе і сваім песням. Заўсёды ж ёсць мноства “знаўцаў”, якія дакладна ведаюць, што і як трэба рабіць, каб пакарыць сваёй песняй Еўропу: канешне ж, песню абавязкова павінна быць на англійскай мове, а галоўнае -- пабольш шакіруючага эпатажу. І вось ўдзельніца аднаго з папярэдніх конкурсаў тры сукенкі за нумар мяняе, у другіх крылцы матылькоў вырастаюць, трэцяму параілі выйсці на сцэну голым, ды яшчэ і з ваўкамі… І крыўды потым: мы ж такое прыдумалі – а за нас не галасуюць! Гэта ўсё таму, што Беларусь не любяць…

А NaviBand, ні на каго не імкнучыся быць падобнымі, ні пад каго не падстройваючыся, зноў і зноў падавалі заяўку на нацыянальны адбор са сваёй простай і шчырай, як яны самі, “нефарматнай” белрускамоўнай песняй. І ўрэшце ім удалося зламаць стэрэатыпы, коснасць, строгае журы. І Ксенія і Арцём сталі не проста ўдзельнікамі конкурсу Еўрабачанне, а яго фіналістамі. Яны выступілі вельмі дастойна – не давяраючы свайму прадузята пазітыўнаму меркаванню пра нашых удзельнікаў, спасылаюся на ацэнку знаўцаў конкурсу і музыкі.

подпись.jpg

Магчыма, яшчэ і таму, што і сам конкурс, на мой погляд, крыху змяніўся. Мне падалося, што сёлета “Еўрабачанне” максімальна адышло ад шоу, спаборніцтва эпатажу “хто каго перавыпендрыць” і наблізілася да конкурсу песні. Сведчанне таго – перамога партугальскага спевака Сальвадора Собрала. Ён выступаў без “падтанцоўкі” і іншых “спецэфектаў”, без усялякіх там шоу – але яго драматычная балада пра сэрца, здольнае кахаць за дваіх, пакарыла Еўропу – мо яшчэ і таму, што ў самога спевака хворае сэрца? І яго словы пасля агучвання вынікаў конкурсу – яны вельмі глыбокія, як і песня: “Мы жывём у свеце аднаразовай, фестывальнай музыкі, якая не ўтрымлівае ў сабе ніякага сэнсу. Але песня – гэта не феерверк, а – пачуцці. Давайце паспрабуем вярнуць сапраўдную музыку”.

Сведчанне таго – і выступленне беларускага гурта NaviBand, які выконваў сапраўдную музыку. Ксенія і Арцём не здрадзілі сабе – і ў выніку сталі пераможцамі, хай сабе не “Еўрабачання” -- але свайго жыцця, што нашмат важней. І ўпісалі ў яго гісторыю вельмі яркія старонкі – верыцца, што такіх будзе яшчэ шмат.

Чым не прыклад для іншых – тых, хто штодзённа, штогадзінна ідзе на злачынства: здраджвае сваёй мары, хавае на самым донцы душы іскрынкі таленту, падстройвае сваё жыццё пад іншых, будуе яго, прымяраючыся пад чужыя думкі, словы, парады. Ці ж варта здзіўляцца, што вельмі рэдка ў такім выпадку на фінішы іх чакае перамога?

Бо першымі туды, як правіла, прыходзяць тыя, хто сам, без парад і падказак, піша гісторыю свайго жыцця.

Текст: Нина Рыбик