Чернобыль: спустя 31 год после трагедии

14:18 / 26.04.2017

1412687912_6ng_fwduhh4.jpgАварыя на Чарнобыльскай АЭС, з часу якой мінуў ужо – цяжка ўявіць! – 31 год, з разраду рэальных падзей усё больш пераходзіць у шэраг гістарычных дат. Так, ёсць сведкі, якія памятаюць, як усё адбывалася – і могуць пра гэта расказаць. Але вырасла ўжо цэлае пакаленне людзей, для якіх Чарнобыль, як і Вялікая Айчынная вайна, як і ўвод савецкіх войскаў у Афганістан – нешта далёкае, трагічнае і не вельмі зразумелае.

–       Як ты лічыш, Чарнобыльская аварыя – гэта злачынства, трагедыя ці гераізм? – спытала неяк знаёмая, з якой мы ў красавіку 1986-га былі пазначаны “мірным атамам”.

Першым імпульсіўным памкненнем было адказаць, што Чарнобыль, як і вайна, і падзеі ў Афганістане – гэта і першае, і другое, і трэцяе.

А пасля задумалася.

 Злачынства? Але мне ніхто не даваў права вызначаць, што злачынства, а што – не. І, каб зрабіць такую выснову, трэба валодаць усёй інфармацыяй – а я, хоць і ведаю, магчыма, па гэтай тэме крыху больш сярэднестатыстычнага беларуса, але ўсю паўнату інфармацыі мая бедная галава, баюся,  проста не зможа прыняць, успрыняць і асэнсаваць. І хоць мне давялося быць сведкай таго, як па-рознаму паводзілі сябе ў той крытычнай сітуацыі розныя людзі – усё ж нават баязліўства, крывадушнасць, адкрытую ману людзям і нават яўную подласць некаторых з іх я б не асмелілася назваць злачынствам. Я заўсёды лічыла, што злачынства – гэта нешта зробленае наўмысна – і далёкая ад думкі, што нехта свядома задумаў і ажыццявіў тое, што адбылося на Чарнобыльскай АЭС.

Трагедыя? Так, безумоўна, тое, што здарылася 31 год таму ў Чарнобылі – гэта вялікая трагедыя і вялікія страты. І я маю на ўвазе нават не абязлюдзелыя за лічаныя гадзіны гарады і вёскі, не зарослыя хмызняком некалі ўрадлівыя палеткі, не трыльёны рублёў дзяржаўных сродкаў, які былі накіраваны на ліквідацыю наступстваў аварыі – а маглі б пайсці на іншыя мэты: развіццё медыцыны, адукацыі, навукі. Я – пра трагедыі людзей, пра тых, хто загінуў у першыя гадзіны і дні пасля аварыі – і тых, хто ціха і непрыкметна памірае ці не штодня усе гэтыя 31 год – ад анкалогіі, інфаркту, язвы. Ніхто не звязвае гэтыя хваробы з уздзеяннем радыяцыі і не лічыць такіх людзей ахвярамі Чарнобыля, бо ад гэтых хвароб паміраюць людзі ва ўсім свеце. Прычым тут Чарнобыль?! “Працяглае ўздзеянне малых доз радыяцыі на чалавека нікім у свеце яшчэ не вывучана,” – неяк задумліва сказаў мне адзін разумны чалавек у белым халаце. Падобна, што гэтае вывучэнне адбываецца тут і зараз – хочацца спадзявацца, што ў будучым гэта некаму дапаможа.

Але трагедыя – гэта не толькі смерць. Паламаныя, пакурожаныя лёсы соцень тысяч людзей, якіх накрыў выбуховай хваляй Чарнобыль – і не толькі тых, хто жыў непадалёк, -- гэта таксама ўздзеянне “малых доз радыяцыі”. І адчуваць яго будзе яшчэ не адно пакаленне…

Тое, што Чарнобыльская катастрофа – не толькі трагедыя, мая асабістая і тысяч маіх землякоў, але і гераізм, я зразумела, калі ў 2010 годзе стаяла каля помніка загінуўшым на Чарнобыльскай АЭС  – персаналу чацвёртага энергаблока, што дзяжурыў у тую ноч, і выратавальнікам, што тушылі пажар. Неяк мяне праняло, дайшло да самых далёкіх “хаваек” душы, што гэта былі яшчэ зусім маладыя мужчыны, некаторыя – проста юнакі, якія не паспелі абняць жонак. Не ведаю, ці разумелі яны, на што ішлі і ў якіх невыносных пакутах ім неўзабаве давядзецца памерці. Але яны зрабілі гэта – уратавалі свет і ўсіх нас! – ад катастрофы, пасля якой, калі б яна здарылася, не было б каму расказваць і пісаць пра  гераічную ліквідацыю наступстваў той аварыі – і не было б каму гэта слухаць і чытаць. Яны засланілі сабой увесь свет – а хто сёння ведае іх імёны? Хто памятае прозвішчы верталётчыкаў, што па дзясятку разоў на дзень праляталі над палаючым жэралам рэактара, каб зноў і зноў скінуць у яго пашчу мяшкі з пяском і даламітавай мукой? Напэўна, толькі іх родныя, сябры ды калегі, што называюць сябе ёмістым словам “чарнобыльцы”. А трэба, каб памятаў увесь уратаваны імі свет!

Сёння, у чарговую гадавіну аварыі, якая раздзяліла жыццё тысяч людзей на “да” і “пасля”, яны, хто зможа, збяруцца разам, успомняць тыя па-летняму спякотныя красавіцкія дні – і наступныя месяцы і гады. Узгадаюць сяброў і сваё колішняе, “мірнае” жыццё. Вып’юць па чарцы, памаркоцяцца ці пажартуюць…

І – будуць жыць далей: працаваць, гадаваць дзяцей і ўнукаў, смяяцца і плакаць.

Бо, дзякуючы тым хлопцам, што загінулі ў 1986 годзе і пазней, у нас ва ўсіх ёсць цудоўная магчымасць – проста жыць!

На фото саркофаг над разрушенным четвертым энергоблоком Чернобыльской АЭС

Текст: Нина Рыбик