Переживём великий пост вместе

10:48 / 15.03.2017

post.jpg

Ад нараджэння і да глыбокай старасці мы перажываем крызісы. У год “аддзяляемся” ад бацькоў; у тры –

вучымся быць самастойнымі; у падлеткавым узросце “адрываемся” ад бацькоў і дэманструем ім ды і “ўсяму свету” сваё дарослае і, як здаецца дзіцяці, самастойнае “Я”; у трыццаць пяць – справаздачымся перад сабой: чаго дасягнуў, а што не атрымалася…

Калі верыць псіхолагам, то менавіта такія крызісы дапамагаюць нам перайсці на новы этап свайго развіцця – і змяніцца да лепшага. Яны становяцца той кропкай адліку, калі перад чалавекам паўстаюць толькі два шляхі: развівацца ці дэградзіраваць – іншы не дадзены.

У апошні час часцей лаўлю сябе на думцы, што наша грамадства захрасла ва ўсеагульным крызісе бездухоўнасці – людзі настолькі “захварэлі” на зайздрасць і раўнадушша, што не засталося месца ні спачуванню, ні радасці за чужыя перамогі.

 Куды ні кінь вокам – паўсюль толькі размовы пра грошы, крэдыты, быццам простае людское шчасце вымяраецца ў грашовым эквіваленце. Што зрабіла з чалавекам спажывецкае мысленне і ўяўныя гонкі за дабрабытам і ці застаўся ён homo sapiens? Ну не з’ясі ты лішні кавалак каўбасы, не купіш жаданую сукенку – свет не спыне свайго існавання, па вялікім рахунку, нічога не зменіцца. Адкуль тады бяруцца людскія злосць і зайздрасць?

Дзе, на якім вірунку жыцця, мы страцілі светлы бок сваёй існасці? Калі развучыліся быць разам? Чамусьці ўсе, асабліва ў апошні час, часцей і часцей апранаюцца ў “тоўстую скуру” – маўляў, я ў хатцы, а астатняе мяне не тычыцца.

Уключыце тэлевізар, каб паслухаць навіны: войны, канфлікты, забойствы, прыродныя катаклізмы… І толькі зрэдзьчасу светлым сонечным промнем праслізгне рэпартаж пра шматдзетную сям’ю, дзе выхоўваюцца прыёмныя дзеткі, ці пра дапамогу неабыякавых да чужой бяды людзей.

 А чаго вартыя каментарыі на шматлікіх сайтах! Такое адчуванне, што там сядзяць ідэальныя, ледзьве не святыя людзі, якія ніколі ў жыцці не памыляліся і дакладна ведаюць, што такое “белае” і “чорнае”. Як лёгка навешваць цэтлікі і кідаць камяні ў бок безабаронных.

…Зараз мы перажываем Вялікі пост. Сорак дзён кожны напоўніць сваім начыненнем: адзін будзе пісаць абразлівыя каментарыі ў інтэрнэце, другі і далей злавацца на суседа, у якога і кватэра багацей абстаўлена і машына лепшая… А іншы зразумее, што гэты перыяд – цудоўная магчымасць змяніцца да лепшага;  той час, каб не ў адзіноце, а разам перажыць уласны і калектыўныя крызісы – навучыцца спачуваць і радавацца.


Текст: