"Среда размышления". Погода проверяет нас на человечность

08:22 / 11.01.2017
%d0%bf%d0%be%d0%b3%d0%be%d0%b4%d0%b0-%d0%bf%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b5%d1%80%d1%8f%d0%b5%d1%82-%d0%bd%d0%b0%d1%81Што ні кажы, а надвор’е нас у апошнія гады разбэсціла. Хоць і бурчэлі мы на мяккія зімы, злаваліся, што “за акном – то дождж, то снег”, успаміналі, якія цудоўныя, снежныя ды марозныя зімы былі ў час нашага дзяцінства – усё ж, калі тая самая сапраўдная зіма прыйшла, здзіўлена ўскінулі бровы: ну, не да такой жа ступені, не да мінус 25 градусаў!

Сапраўды, снежная ды марозная зіма цудоўна глядзіцца на паштоўках, грэе душу цёплымі ўспамінамі – але ў суровай рэальнасці яна зусім не такая радасная ды прыгожая. І вось ужо ў некага ранкам не завялася машына; нехта, паспадзяваўшыся на “гарачую кроў” і апрануўшыся не па надвор’ю, падмарозіў вушы, нос ці атрымаў больш сур’ёзныя траўмы; недзе прарвала трубу і людзі засталіся без цяпла і вады, недзе заскакаў па даху і сценах “чырвоны певень”…

Сіноптыкі на гэты раз з прагнозам не памыліліся: у краіне своечасова аб’явілі аранжавы ўзровень небяспекі. На пасяджэнні раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях, якая прайшла пад старшынствам першага намесніка старшыні райвыканкама Руслана Мікалаевіча Сачко, усіх не проста папярэдзілі аб набліжэнні арктычнага антыцыклона і экстрэмальна нізкіх тэмператур, але і канкрэтна размеркавалі, хто і што павінен рабіць, – хоць людзі ў большасці сваёй гэта і так ведаюць: не першую зіму зімуюць.

Тым не менш усё не прадугледзіш і не папярэдзіш. І калі бяда ўсё ж здарылася – незалежна ад таго, які яе маштаб, хто віноўнік, а хто пацярпелы – вельмі важна, каб тыя, хто побач, былі не староннімі назіральнікамі, не зласліўцамі-“празарліўцамі” – маўляў, “а мы казалі…”, а дапамаглі, чым маглі.

Ды і чакаць не варта – ні бяды, ні нейкай чарговай акцыі, указання ці загаду ”зверху”. Бачыце, што адзінокі пажылы чалавек зімуе ў лядашчай хацінцы – дапамажыце яму! Мо і дроўцы ў яго ёсць – але ж ці лёгка іх нацягаць старому ў хату, распаліць печку, дагледзець, каб не перакаліць яе, юшку ў час закрыць? Ці проста яму выцягнуць ваду са студні, асабліва каля яна замерзла? Ці па сілах расчысціць ад снегу дарожкі, дабрысці да крамы ці аўталаўкі, каб купіць бохан хлеба? Для вас, маладых і дужых, гэта – як раз плюнуць, а для старых кожны зімовы дзень – барацьба за выжыванне… Таму і любяць яны цёплыя зімы, і не настальгіруюць па тых часах, калі гурбы былі вышэй даху, а маразы трашчалі ад піліпаўкі да стрэчання...

А яшчэ лепш – дапамажыце такім людзям, што зімуюць у адзіноце, аформіцца ў аддзяленне сястрынскага догляду Міхалішкаўскай участковай бальніцы. Калі не можаце самі ці не ведаеце, як гэта зрабіць – патэлефануйце ў сельвыканкам ці ў бальніцу: там дапамогуць. Хай перазімуюць бабулька ці дзед у цяпле і доглядзе, накормленыя і апранутыя – а вясной, як прыгрэе сонейка, яны пры жаданні заўсёды змогуць вярнуцца ў родныя хаты.

Але не толькі старыя і нямоглыя патрабуюць увагі і клопату. Будзьце ўважлівыя: у такое экстрэмальнае надвор’е яна можа спатрэбіцца кожнаму. Скажам, ідзе-брыдзе чалавек па вуліцы ці па дарозе, а вы едзеце ў цёплай машыне – падвязіце! Стаіць аўтамабіль на абочыне – спыніцеся, нават калі вельмі спяшаецеся: можа, чалавеку патрэбна дапамога? Павыскоквалі на вуліцу без шапак і шалікаў шкаляры, раза-грэтыя бегатнёй ды жаданнем пахваліцца адзін перад другім, – насварыцеся, прымусьце вярнуцца ў цёплы клас і апрануцца. Ніхто ж не застрахаваны ад таго, што заўтра неадкладныя абставіны выправяць вас у незапланаваную дарогу, ці ваша машына “стане колам” пасярод дарогі, ці ваша дзіця стане “шукаць хваробу”, выскачыўшы без паліто на вуліцу. Усё ж, пагадзіцеся, лепш дапамагаць, чым прасіць дапамогі…

Так што маразы, якія так раптоўна і нечакана нагадалі нам колішнія зімы, – гэта не толькі выпрабаванне для спецыялістаў і службаў, не толькі праверка іх на кампетэнтнасць, прафесійнасць, уменне аператыўна рэагаваць на экстрэмальныя сітуацыі – але і экзамен для людзей: для кожнага з нас гэта своеасаблівы тэст на чалавечнасць, уменне і жаданне выйсці з уласнай зоны камфорту, каб дапамагчы таму, каму горш і цяжэй, чым нам.

Маразы ўжо аслабелі – але зіма не заканчваецца: у бліжэйшыя дні сіноптыкі абяцаюць мяцеліцу, а далей яшчэ ўсяго можа быць. І трэба думаць, што экзамен, які наладзілі нам калядныя маразы, – першае ў гэтым годзе, але далёка не апошняе выпрабаванне. Хочацца спадзявацца, што мы іх усе вытрымаем  – гэтаксама, як і студзеньскую сцюжу.

Ніна АЛЯКСЕЕВА.