Уроки ксендза Леонида

10:48 / 29.03.2017


Першае інтэрв’ю з Леанідам Пятровічам Несцюком я зрабіла праз год пасля яго прызначэння ксянзом-пробашчам Гервяцкага касцёла Святой Тройцы, у ліпені 1997 года. За гэты год святар паспеў многае зрабіць, і мне захацелася бліжэй пазнаёміцца самой і пазнаёміць нашых чытачоў з гэтым неардынарным – гэта было бачна ўжо тады – чалавекам.

Перад інтэрв’ю моцна хвалявалася: вопыт стасункаў са святарамі, асабліва каталіцкімі, у мяне быў небагаты, і я баялася, што нешта не так, як прадпісваецца канонамі, скажу ці зраблю. Але хваляванні зніклі ўжо на парозе ксяндзоўскага дома: Леанід Пятровіч сустрэў шчырай, прыязнай усмешкай, прапанаваў каву, пацікавіўся, ці не галодная я – і неўзабаве пацякла шчырая нязмушаная гаворка пра жыццё касцёла і асобу ксяндза.

Пасля таго мы сустракаліся даволі часта – на афіцыйных імпрэзах і ў прыватным парадку: я часта прыязджала ў Гервяты, каб расказаць у газеце пра чарговую здзейсненую задумку ксяндза Леаніда – а ён ахвотна дзяліўся сваімі планамі, якія з кожным годам станавіліся ўсё больш грандыёзнымі. Калі я чула ў тэлефоннай трубцы непаўторны голас Леаніда Пятровіча: “Пані Ніна, прыязджайце, я пакажу вам нешта цікавае”, то разумела: мяне зноў чакае сустрэча з цудам, аўтарам якога быў гэты няўрымслівы чалавек – і тыя, каго ён заражаў сваёй няўрымслівасцю, смелымі ідэямі, упэўненасцю, што, якія б перашкоды ні ўзніклі – усё будзе менавіта так, як заўгодна Богу.

 “Я ніколі не адчайваюся, калі не шанцуе. Жыву па прынцыпу: усё, што ні робіцца – да лепшага. Трэба заўсёды памятаць, што чалавек – толькі пылінка ў гэтым свеце, што ёсць Бог, якому ўсё падуладна і ўсё падпарадкавана”

(З інтэрв’ю 1997 года) 

Калі каля касцёла ўзнік дэндрапарк – у гэта цяжка паверыць, але кожнае дрэўца ксёндз пробашч пасадзіў сваімі рукамі! -- цікавых экзатычных раслін, у Гервяты пацягнуліся людзі, каб палюбавацца на гэты цуд, многім здавалася: ну вось, справа зроблена – ксёндз можа адпачыць. А ён, не паспеўшы ажыццявіць адзін праект, браўся за другі, яшчэ больш смелы і дарагі. І ў яго заўсёды заходзіліся аднадумцы, тыя, хто гатовы быў дапамагчы і падтрымаць. Неўзабаве дэндрапарк выйшаў за межы прыкасцельнай тэрыторыі – і ў Гервятах узнікла адметная плошча дванаццаці апосталаў. Якіх высілкаў каштавала перакрыць дах на касцёле – ды не абы-чым, а аўтэнтычнай чарапіцай – асобная размова. А рэстаўрацыя сцен і шпіля?

Потым з’віліся непаўторнай прыгажосці каваныя вароты ручной работы, шкло ў вокнах змянілі арыгінальныя вітражы з выявамі святых: у час чарговага прыезду ў Гервяты ксёндз Леанід паказаў на адным з іх маю апякунку – Святую Ніну. Замена драўлянай падлогі на больш падыходзячую гатычнаму храму плітачную, унутраная рэстаўрацыя сцен храма, аднаўленне старадаўніх ікон– пералічваць тое, што зрабіў ксёндз Леанід у Гервятах, можна бясконца… І нездарма звычайную некалі вёску Астравеччыны сталі называць “беларускім Версалем”, а касцёл Святой Тройцы – жамчужынай астравецкага краю, адным з сямі цудаў Беларусі.

Але – вазьму на сябе смеласць гэта сцвярджаць -- пераўтварэнне касцёла і тэрыторыі – вельмі важная, але не асноўная справа жыцця Леаніда Пятровіча Несцюка. Галоўнае, што ён рабіў – ціха, непрыкметна, незаўважна – гэта пераўтварэнне людзей. Тая прышчэпка велічнай прыгажосцю храма, жывым хараством дрэў і кветам, ачышчальнай споведдзю сапраўднай музыкі, яго мудрымі гутаркамі і шчырымі малітвамі – усё гэта давала свой плён. І распаўсюдзілася далёка за межы Гервят і нават Астравецкага раёна. Мне здаецца, што той, хто хоць аднойчы пабываў тут, пагутарыў з Леанідам Пятровічам, глядзіць на свет крышку інакш: у яго асабістым позірку праглядваецца мудры, часам – крыху іранічны, але заўсёды дапытлівы, захоплены, нераўнадушны погляд ксяндза Леаніда…

 “Бог ёсць Любоў. Таму Любоў я заўсёды стаўлю вышэй за ўсё – вышэй права, закона, канонаў. (…) Для мяне няма нічога вышэй Любові. Часам мяне папракаюць, што я пераступаю нейкія рэлігійныя каноны. Адпяваю самазабойцаў. Вянчаю тых, хто з’явіўся ў касцёле за месяц да шлюбу, а не за тры, як належыць. Але як магу я адправіць з касцёла гэтых людзей? Магчыма, сам Бог прывёў іх у гэты момант у храм – як я магу не дапусціць чалавека да Бога, калі ён імкнецца да Яго? Напэўна, ніхто не стане шкадаваць аб праяўленай ім міласэрнасці ці дабрыні. І наадварот – некалі неасцярожна сказанае слова, успышка гневу праследуе цябе ўсё жыццё згрызотамі сумлення, пачуццём віны, раскаяння…”

(З інтэрв’ю 2008 года)

 У яго было столькі планаў і задум! Ён не стамляўся дзякаваць Бога, што той надзялі яго добрым здароўем – гэта давала надзею, што ён паспее іх ажыццявіць. Хоць, ведаючы яго характар, цяжка ўявіць, што мог надысці час, калі б ён сказаў: я зрабіў усё, што хацеў…

І вось ксяндза Леаніда не стала. Знаходзячыся ў шоку ад гэтай весткі, не могучы ў гэта паверыць, мы яшчэ не ўсвядомілі да канца, якая гэта страта для касцёла, Гервят, Астравеччыны, для ўсіх тых, хто яго ведаў, любіў, паважаў ці хоць бы любаваўся плёнам яго працы.

Але засталася справа жыцця ксяндза Леаніда. І мы ўсе можам яе прадоўжыць, несучы па жыцці яго навуку, яго прышчэпку любоўю і прыгажосцю. І гэта, мне здаецца, будзе найлепшай памяццю для Леаніда Пятровіча.

 “Я прабыў у Гервятах вельмі мала, каб даваць нейкую ацэнку маёй дзейнасці. Гэта зробяць людзі, мае прыхаджане, праз многа гадоў.”

(З інтэрв’ю 1997 года)

 “Апошнім часам часта можна пачуць аб нейкай маёй асаблівай ролі у змяненні аблічча Гервят. Але калі гэта і мае месца быць, дык толькі нязначна і часткова. У гэтым прымала ўдзел мноства людзей – кіраўнікоў раёна, сельсавета, калгаса, простых працаўнікоў. Упэўнены, што ў недалёкай будучыні Гервяты стануць яшчэ прыгажэйшымі. Думаю, што неўзабаве наша вёска стане цэнтрам турыстычнага паломніцтва -- і гэта цудоўна. Я шчаслівы, што з’яўляюся часцінкай той сілы, якая ажыццяўляе ўсё гэта.”

(З інтэрв’ю 2008 года)

Ніна РЫБІК

Текст: Главный администратор