«Не прощаюсь!» – говорит на прощание читателям редактор «АП» Нина Рыбик

09:00 / 02.04.2019
Напісала загаловак – і злавіла сябе на думцы: чамусьці адмаўленне «НЕ» заўсёды выклікае недавер. Ці гэта толькі ў мяне? 

Пагадзіцеся, нішто так не палохае, як словы «Ты толькі не хвалюйся!» – значыць, нагода для хвалявання ёсць, і сур'ёзная. Калі нехта пачынае размову са слоў «Не хачу цябе пакрыўдзіць» – можна не сумнявацца: зараз пакрыўдзіць, і вельмі балюча. Калі чалавек гаворыць: «Не хачу крывіць душой» – значыць,  менавіта гэта і робіць.

Вось і я: напісала «Не развіт­ваюся» – а на самой справе гэта апошняя калонка галоўнага рэдактара «Астравецкай праўды» Ніны Рыбік.  Нумар «Астравецкай праўды» за 2 красавіка – апошні, які я падпісала як кіраўнік газеты.

Рыбик Нина.jpg

Тых, хто ў падобных выпадках шукае адказ на пытанні «За што знялі?» і «Хто падседзеў?», мушу расчараваць: не здымалі – хочацца верыць, што не было за што. І не падседзелі. Рэдка, але бывае, што крэсла кіраўніка чалавек пакідае сам, па ўласным жаданні. Гэта якраз той выпадак: рашэнне гэта не сіюхвіліннае, а добра абдуманае і даўно прынятае. 

А вось на трэцяе пытанне, якое ўзнікае ў такіх выпадках – чаму? – пастараюся адказаць. У нас з чытачамі «Астравецкай праўды» на працягу гэтых больш як 26 гадоў, што я ўзначальвала рэдакцыю, склаліся шчырыя і даверлівыя адносіны, і я, лічу, не маю маральнага права пайсці са сваёй пасады «па-англійску», не растлумачыўшы прычыны свайго рашэння.

…Я ніколі не імкнулася зрабіць кар'еру. Галоўным рэдактарам стала ў выніку збегу абставін, калі пасля заўчаснай смерці майго папярэдніка светлай памяці Аляксандра Пятровіча Сыча шасцімесячнае рэдакцыйнае безуладдзе змянілася альтэрнатывай: альбо  Рыбік, альбо… каго-небудзь знойдзем! Працаваць пад кіраў­ніцтвам «каго-небудзь», хто аднолькава «паспяхова» можа «руліць» газетай, лазняй, школай, клубам, не хацелася ні мне, ні тагачасным маім калегам. Пагэтаму пасля пакутлівых разваг і сумненняў, кіруючыся прынцыпам «Калі не я – то хто?», на той час самая маладая і па ўзросту, і па стажу работы ў калектыве, рызыкнула кінуцца з галавой у гэты вір, спадзеючыся, што сякі-такі вопыт, набыты да таго часу, і дапамога людзей не дазволяць патануць – і  пагадзілася ўзначаліць рэдакцыю.

Сапраўды, хоць і не без праблем, але ж неяк выплыла. Пра тое, як нам працавалася ў ліхія 90-я, у пераломныя нулявыя і ў апошнія дастаткова паспяховыя гады, я, спадзяюся, яшчэ некалі напішу. 

Сёння ж – пра асабістае.
Увесь гэты час я спалучала як мінімум дзве пасады: галоўнага рэдактара і журналіста. Мне здаецца, што даволі паспяхова: пра гэта сведчаць як перамогі «Астравецкай праўды» ў прэстыжных рэспубліканскіх і абласных конкурсах, так і мае журналісцкія здабыткі.

Але «Астравецкая праўда» ўжо даўно не тая газета, якую я прыняла ў 1992 го­дзе:  дзве чорна-белыя 4-хпалоскі на ты­дзень. Аб'ём яе павялічыўся як мінімум у тры разы, не лічачы нашых «таўстушак», дадаўся сайт, групы і старонкі ў сацыяльных сетках, якія карыстаюцца ўсё большай папулярнасцю – а значыць патрабуюць усё большай увагі. З’явілася абсалютна новае СМІ, пра якое мы раней не маглі і марыць, – уласная тэлепраграма. Істотна павялічыўся штат супрацоўнікаў. Больш жорсткімі сталі патрабаванні як чытачоў, тэлегледачоў, карыстальнікаў інтэрнэту, так і кіраўніцтва да работы нашай, як сёння модна гаварыць, канвергентнай рэдакцыі.  

Каб выконваць свае абавязкі так, як належыць, як прывыкла, каб падтрымліваць газету на тым узроўні, на які наш калектыў яе вывеў за доўгія гады цікавай і напружанай працы, кіраўніку трэба працаваць фактычна без выхадных, забыўшыся пра 8-гадзінны рабочы дзень. І часу на асабістае жыццё, на захапленні, якія таксама – частка мяне,  практычна не застаецца. 

А галоўнае: яго не хапае і на тое, што я  люблю найбольш і што, як мне здаецца, умею рабіць найлепш – для ўласна журналістыкі. І, каб пагаварыць з вамі, шаноўныя чытачы, аб тым, што хвалюе мя­не і, як мне здаецца, вас таксама, даводзіцца ўрываць час ад іншых спраў, адпачынку, ад родных і сяброў. 

А між тым пашпарт і люстэрка бязлітасна нагадваюць, што на самой справе мне ўжо далёка не столькі, колькі па-ранейшаму юнай душы. І ўжо не атрымліваецца, як некалі раней, прасядзеўшы ўсю ноч за артыкулам, уліць у сябе ранкам паўлітра кавы – і цэлы працоўны дзень пісаць, пра­віць, вычытваць, сустракацца з людзь­мі, удзельнічаць у нарадах. 

А час ляціць, сціскаецца, мне здаецца, проста фізічна. І ўсё больш тэм, герояў, праектаў застаюцца ў планах, адсоўваючыся на ўсё больш далёкае «потым», якое, ёсць падазрэнне, пры такім рытме жыцця можа ніколі не наступіць…
І вось аднойчы я сказала сабе: хопіць! Як рэдактар я, мне здаецца, зрабіла ўсё, што магла, – і нават крышку больш. А ў журналістыцы, спадзяюся, мне яшчэ ёсць што сказаць.

Пагэтаму, шаноўныя чытачы, сёння я развітваюся з вамі як галоўны рэдактар «Астравецкай праўды». Але не як журналіст! У гэтай якасці, спадзяюся, мы сустрэнемся на старонках нашай з вамі любімай газеты яшчэ не раз і не два. І я вельмі спадзяюся, што вы зразумееце і падтрымаеце мяне і на гэты раз, як гэта здаралася ўжо неаднойчы ў пераломныя моманты майго жыцця.  
Выпісвайце і чытайце «Астравецкую праў­ду» – і будзем сябраваць і надалей!

Заўсёды ваша
Ніна Рыбік.



Текст: Нина Рыбик