Ці загавораць беларусы на роднай мове?

09:10 / 21.02.2019

На гэтым тыдні, паміж святамі закаханых і Абаронцаў Айчыны, амаль незаўважна 21 лютага праходзіць Дзень беларускай мовы… Некаму пра гэта нагадала радыё ці тэлебачанне, нехта захацеў напісаць традыцыйную беларускую дыктоўку, спадзяюся, што нехта зрабіў намаганне і паспрабаваў у гэты дзень гаварыць па-беларуску ці хоць бы прачытаў беларускую кніжку… А нехта і ўвагі не звярнуў.

mova_sviata.jpg

Будзем рэалістамі: на вуліцах, у крамах, у школах у гэты дзень – як, зрэшты, і ва ўсе іншыя – усё гэтак жа пераважна гучыць другая наша дзяржаўная мова – вялікая і магутная, якая даўно, не саромеючыся, выцясняе адусюль, адкуль можна і адкуль нельга, першую, “мову тытульнай нацыі”. І не яна, руская мова, вінавата ў тым, што беларусы не хочуць гаварыць па-беларуску, і не расіяне, што да нас “панаехалі” – а мы, тутэйшыя, што адмаўляемся ад свайго, роднага, Богам і продкамі нам дадзенага…

…Пазнаёміўшыся з сям’ёй Логінавых, што прыехалі з Урала да нас будаваць атамную электрастанцыю, я не без здзіўлення даведалася, што галава сям’і, Андрэй, перш за ўсё купіў у Беларусі паэму Якуба Коласа “Новая зямля”, каб лепш даведацца, што за народ такі – беларусы. І потым, на прэзентацыі сваёй кніжкі казак “Пра Маленькае Шэрае Лісяня”, Логінавы неаднаразова добрым словам узгадвалі Беларусь, беларусаў і нашу мову: казалі, што ў падарожжах па Еўропе нават павярхоўнае веданне беларускай ім дапамагае паразумецца з сербамі, балгарамі, славакамі, палякамі.

sm_full.jpg

…Расіянка Вольга Караткевіч, прыехаўшы да нас з Далёкага Усходу, асвоіла беларускую мову ў такой ступені, што выкладала на ёй хімію і біялогію ў школе і пісала казкі.

…Украінец Аляксандр Марозаў, які цудоўна піша па-руску і па-украінску, перакладае свае вершы на беларускую мову.

…Журналістка “Астравецкай праўды” Святлана Фёдарава, расіянка, якая прыехала ў Астравец 7 гадоў назад, усё больш і лепш піша па-беларуску – хоць яе да гэтага ніхто не змушае. І з кожным разам я адзначаю, што правіць яе трэба ўсё менш.

У чарговы раз задаю сабе пытанне, на якое так і не магу знайсці адказу: чаму замежныя грамадзяне з такой павагай, часта – непадробнай любоўю ставяцца да беларускай мовы – і чаму мы, беларусы, у лепшым выпадку абыякава, а ў горшым – зняважліва ці пагардліва адносімся да сваёй роднай мовы? Мы знаходзім сто і адну прычыну, каб растлумачыць, чаму мы яе не ведаем і ведаць не хочам: у школе вучыліся па-руску; бацькі так размаўлялі; адвыклі; як усе, так і я; яшчэ падумаюць, што я які апазіцыянер; вось калі ўлада загаворыць, то і мы – следам; у нас цяпер шмат расіян, яны нас не зразумеюць, калі мы будзем гаварыць па-беларуску…

Ды нездарма кажуць: хто хоча нешта зрабіць – шукае сродкі, хто не хоча нічога рабіць – шукае прычыну…

А яшчэ ёсць іншая прыказа: што маем – не беражэм, страціўшы – плачам.

Дык што, можна заказваць рэквіем па роднай мове?

Мне здаецца, што рана. Выходзяць яшчэ беларускія кніжкі, газеты і часопісы, гучаць беларускія песні, ставяцца спектаклі.

І – моладзь: яна ўсё больш і часцей выбірае ў сваіх стасунках беларускую мову. Зараз я ўжо нават гатова дараваць ім тое, да чаго раней адносілася непрымірыма: што тая беларуская, на якой яны гавораць, мала падобная на літаратурную – хай хоць так, абы па-беларуску! Мо, хоць яны здолеюць захаваць родную мову, нават так малападобную на тую, якую лічу роднай я – калі ўжо мы, іх бацькі, дапусцілі, што яна апынулася ў сённяшнім стане.

mova.jpg

А яшчэ вось тэлебачанне “Вока” загаварыла па-беларуску, нават хоча агучыць вядомыя мастацкія стужкі на роднай мове – і запрашае на кастынг усіх жадаючых. Ёсць такія? Я б парадавалася, каб былі…

То, мо, не ўсё яшчэ страчана? Мо, ачомаюцца беларусы, успомняць, што яны не “праслойка” паміж Польшчай і Расіяй, Літвой і Украінай, а паўнацэнны народ, які мае не толькі сваю тэрыторыю і дзяржаву, але і сваю гісторыю, нацыянальную культуру, сваю родную мову!

Пра якую варта ўспамінаць не толькі 21 лютага…

belaruska-rasijski-ўniversitet-1635.jpg

Текст: Нина Рыбик