А які ён, Астравец?
10:48 / 23.05.2018
Карэнных жыхароў і прыезджых аб’ядноўвае месца жыхарства – Астравец. І няважна, надоўга ты трапіў сюды ці не, хочацца ведаць, што гэта за горад, якая ў яго гісторыя, чым ці кім ганарацца яго жыхары?
Пражыўшы ў Астраўцы амаль год, я пачала задаваць сабе гэтыя пытанні.
Я нарадзілася на Віцебшчыне, мая малая радзіма – Шаркаўшчынскі раён. Ён адносіцца да самых бедных раёнаў рэспублікі: у раённым цэнтры няма ніводнага прадпрыемства. Але я ганаруся сваім краем, людзьмі, якія там жылі, чые імёны праславілі Беларусь і засталіся ў памяці многіх.
Да прыкладу, Язэп Драздовіч – самабытны мастак-вандроўнік. Іван Сікора– селекцыянер, які вывеў новыя, прыдатныя да доўгай зімоўкі яблыні. У яго гонар у вёсцы Алашкі на Яблычны спас ладзіцца свята, куды прыязджаюць не толькі з Шаркаўшчыны і раёна, а з усёй вобласці і нават з замежжа. Эліэзэр бэн Іегуда адрадзіў іўрыт – мову малітваў, якая стала дзяржаўнай мовай Ізраіля.
Пра гэтых знакамітых людзей і цікавыя падзеі з гісторыі Шаркаўшчыны ведае кожны мясцовы жыхар і той, хто зацікавіўся гэтым рэгіёнамі. Каб пра гэта даведацца, не трэба лезці ў архівы ці інтэрнэт – дастаткова прачытаць шыльды на цэнтральнай вуліцы.
Суседняя Глыбоччына таксама памятае і шануе сваю гісторыю. Кожны падарожнік, які чытае білборды, зможа даведацца, што тут нарадзіўся Ігнат Буйніцкі, які заснаваў беларускі тэатр; Вацлаў Ластоўскі– літаратар, гісторык, палітык; Баляслаў Лапыр– знакаміты селекцыянер, які напачатку мінулага стагоддзя вывеў холадаўстойлівыя сарты-гібрыды вішні і чарэшні з салодкімі, сакавітымі, вялікімі пладамі. У яго гонар у Глыбокім штогод праходзіць Вішнёвы фестываль, які ў мінулым годзе займеў статус міжнароднага.
Упэўнена, што Астраўцу таксама ёсць чым ганарыцца, што ёсць у яго гісторыі людзі, якія ўнеслі свой уклад ў агульную скарбонку беларускага народа. Толькі хто яны, чым знакамітыя?
Нехта скажа: пачытай у кнізе «Памяць», пашукай у інтэрнэце, схадзі ў музей… Але кніга «Памяць» не ляжыць у продажы – я цікавілася, каб нешта знайсці ў інтэрнэце, трэба ведаць, што шукаць, а музея ў Астраўцы няма… Канешне, той, хто шукае – знойдзе. А таму, хто не шукае, не грэх і падказаць: новых людзей у Астраўцы зараз шмат, і хай бы яны ведалі, што не ў правінцыю глухую прыехалі, а ў край са сваёй гісторыяй.