Светлана Федорова: «Островец стал для меня второй родиной»

09:54 / 28.03.2018
3
У Год малой радзімы, які аб’яўлены ў Беларусі, канешне, хацелася б расказаць пра свой родны куточак. Аднак я нарадзілася ў Расіі. Астравец жа стаў для мяне другой радзімай.
Больш за пяць гадоў таму, я,  дзяўчына з Пскоўскай вобласці, прачнулася з думкай: паеду жыць у Беларусь – менавіта ў Астравец, у якім я была ўсяго  двойчы. 

18.jpg

Не ведаю, ці было гэта рашэнне выпадковым (вядома, што ўсе выпадковасці зусім невыпадковыя), але нечаканым для мяне, родных і знаёмых дакладна. Цяпер, калі клічуць мяне вярнуцца, разумею, што не хачу.

Канешне, я люблю сваю малую радзіму. З ёй у мяне цесная нябачная повязь, нібы пупавіна паміж маці і дзіцем. Мая маленькая радзіма – гэта не адна вёска, у якой я нарадзілася і вырасла, – яна і там, дзе жылі мае бабулі і дзядулі. Там прайшло маё дзяцінства, там я рабіла першыя крокі ў дарослае жыццё. І туды мяне будзе цягнуць заўсёды...

Але жыццё такое непрадказальнае, што ў адно імгненне можа змяніцца ўсё – так Астравец стаў мне родным. Колькі разоў ездзіла ў адпачынак на Радзіму і заўсёды заўважала: калі вяртаюся ў Беларусь, адчуваю, што я – дома. 

Памятаю, як ўразіла мяне Астравеччына – сваёй прыгажосцю, гасціннасцю, чысцінёй. 

Я люблю праехаць па раёне і палюбавацца яго краявідамі, якія то зелянеюць, то квітнеюць, то калосяцца, то хаваюцца пад снегам. 

Я люблю ціхія астравецкія лясы, якія шчодра дзеляцца сваім багаццем; гарадскія вулачкі.

Я люблю людзей, якія зараз побач са мной. Тут я адчуваю сябе сваёй.

Астравец стаў мне другой радзімай. Мне тут добра. Тут я знайшла сябе. І цяпер я – расіянка з душой беларускі.


Текст: