Научит ли чему-либо трагедия в Кемерово?

09:08 / 27.03.2018

Мы часта бурчым на пажарных: маўляў, ім бы толькі чапіцца. Расказваем “барадатыя” анекдоты пра тое, як яны спяць па 24 гадзіны ў суткі. Лічым іх прадпісанні, папярэджанні, парады, патрабаванні празмернымі. “Ад лёсу не ўцячэш”, “Чаму быць – таго не пазбегнуць”, “Дзе на ўсе іх прадпісанні грошай набрацца?” – гэтыя і іншыя адгаворкі ў нас заўсёды напагатове, каб апраўдаць сваю ляноту ці бяздзейнасць. Але аднойчы “клюе смажаны певень” – і мы ў апошняй надзеі, нібы звяртаемся да самога Бога, ліхаманкава набіраем 101: хутчэй! Прыедзьце! Уратуйце!

Прызнаюся: я таксама лічу сябе у пэўнай ступені фаталісткай: панічна баючыся вышыні, лятаю на самалётах; не ўмеючы плаваць, не ўпускаю выпадку пакатацца на лодцы, кацеры ці параходзе – і, вядома, які ж рускі, ды і беларус таксама, не любіць хуткай язды? І да ўсіх патрабаванняў-прадпісанняў службы бяспекі, у першую чаргу – МНС, як законапаслухмяны грамадзянін, да нядаўняга часу адносілася як да немінучай, але не такой ужо і неабходнай непазбежнасці: раз трэба – зробім, але як жа вы, шаноўныя, любіце перастрахоўвацца…

І вось, як гром з яснага неба, як удар абухом па галаве, як выбух шаравой маланкі – паведамленне аб трагедыі ў расійскім Кемерава ў гандлёва-забаўляльным цэнтры “Зімняя вішня”. Па афіцыйных звестках, больш як 60 загінуўшых, некалькі дзясяткаў прапаўшых без вестак – і вельмі мала надзеі, што яны знойдуцца жывымі, хіба што некага неспавядальныя шляхі гасподнія правялі міма гэтага гандлёвага цэнтра, дзе ў мінулую нядзелю самы хадавым таварам было гора – оптам і ў розніцу…  

Untitled design.jpg

Праз суткі пасля трагедыі было яшчэ вельмі мала дакладнай інфармацыі, нават пра колькасць загінуўшых, пацярпеўшых, прапаўшых без вестак: кожны сайт прыводзіць свае лічбы. Тым больш незразумела, з-за чаго ўзнік пажар – на гэтае пытанне спрабуе знайсці адказы следства. Пакуль нехта наракае на хлапчука з запальнічкай (што наўрад ці), нехта – на няспраўнае электраабсталяванне (што больш верагодна), хоць не выключаны і іншыя версіі.

 Але зразумела адно: служба бяспекі гандлёвага цэнтра не спрацавала – калі яна ўвогуле была. Ці спрацавала вельмі дрэнна: відавочцы сведчаць, што не было сігналу пажарнай трывогі, у кінатэатрах, дзе дзеці глядзелі мульцікі, былі зачынены дзверы – не толькі запасныя, але і асноўныя. Людзі проста не ведалі, што пачаўся пажар! Іх ніхто не ратаваў – і яны самі не ратаваліся, бо не падазравалі, што апынуліся ў вогненным капкане.

orig-152203749662242fb637ffe41bcb945f6be4bb3deb.jpeg

Так, пасля “разбору палётаў”, у некага, вядома ж. паляцяць пагоны, у кагосьці – службовыя пасведчанні, а нехта, безумоўна, сядзе за краты.

Але калі б гэта магло вярнуць бацькам трох дачушак, якіх тата адвёў у кіно, купіў ім па шклянцы пап-корну і вярнуўся на першы паверх пачакаць, іх дзяўчынак – дваіх адзінаццацігадовых і адну пяцігадовую. Адна з іх тэлефанавала бацьку, крычала, што пачаўся пажар, што яны ў зачыненай зале, прасіла ўратаваць… Вы ўяўляеце, як гэта: ведаць, бачыць, што зажыва гарыць тваё дзіця – і не мець магчымасці яго ўратаваць?!!

Калі б пасля таго, як пакараюць вінаватых, маглі вярнуцца дахаты жывымі і здаровымі школьнікі, гонар сельскай школы, якіх за старанную вучобу з нагоды пачатку вясенніх канікул адзначылі адпачынкам у ”Зімняй вішні” і праглядам любімага мультфільма – і іх бацькі паверылі, што ўсё гэта было толькі страшным сном, начным кашмарам...

 Немагчыма ўявіць, як будуць жыць з гэтым болем, з гэтым горам бацькі, чые дзеці згарэлі зажыва ў кемераўскім крэматорыі пад назвай “Зімняя вішня”… Пацярпеўшых ад гэтага пажару нашмат больш, чым паведамляюць СМІ, бо гэта не толькі тыя, хто ў гэты дзень і час апынуўся ў гэтым месцы, якое цяпер назаўжды будзе асацыіравацца з трагедыяй, але іх боль душы, нясцерпны, невыносны, да адчаю, не ідзе ў залік…

RIAN_5463851.HR.ru-pic4_zoom-1500x1500-24978.jpg

Пасля такіх трагедый ніякія прадпісанні і патрабаванні пажарных не здаюцца празмернымі. У такіх выпадках пераконваешся, што правілы бяспекі, інструкцыі супрацьпажарнай бяспекі напісаны крывёю.

А ў кемераўскім выпадку – попелам бязвінна загінуўшых дзяцей.

Уратуй, Божа, іх душы! Дай сілы іх родным і бацькам – хоць немагчыма зразумець, дзе ім чэрпаць гэтыя сілы...

І дай розуму ўсім нам, каб мы нарэшце зразумелі, што ў агні броду няма…

kemerovo-v-kontakte-tipichnyiy-kemerovo.jpg



 

Текст: Нина Рыбик
Фото: из интернета